Вечер встречи выпускников в Ушачской школе традиционно был тёплым и запоминающимся
“Сустрэнемся на наступны год, не будзем чакаць пяцігодкі”. Практычна ўсе паралелі, задаволеныя спатканнем, пры развітанні кажуць так. А многія і робяць. Як, напрыклад, выпускнікі 1972 года Ушацкай школы, якія абавязкова збіраюцца кожнае лета і наогул моцна сябруюць. Ці Клаўдзія Васільеўна Іванова і Соф’я Іванаўна Пугачова – аднакласніцы, што скончылі 10 класаў у далёкім 1955-м. Хоць сёлетні год не быў іх юбілейным, жанчыны лічаць такім кожны, і пакуль дазваляе здароўе, прыходзяць на вечары сустрэчы.
“Круглым” ён быў у выпускнікоў 1959-га. Добра памятаю першую суботу лютага 2009-га. Арганізаваныя адвакатам Зінаідай Васільеўнай Волкавай, на сцэне стаялі аднакласнікі майго бацькі: генарал-маёр, на той час начальнік абласной Смаленскай экалагічнай службы Міхаіл Бураўлёў, палкоўнік Васіль Булыкін, заслужаны дзеяч культуры Беларусі Генадзь Обух, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі за распрацоўку тралейбусаў Міхаіл Сарока. Іх моцны клас, які так дружна не збіраўся раней, тады аказаўся адкрыццём. І толькі сапраўдны вайсковец, капітан другога рангу Міхаіл Іванавіч Сальнікаў прыехаў на 60-годдзе з Калінінграда. Прыехаў, але захварэў і падарунак школе – карціну з янтаром прынесла дачка Наталля, а ўручала ўнучатая пляменніца Наталля Клачок.
Вечары сустрэчы толькі лічыцца святам класаў, паралелі. Ва Ушачах, дзе кожны ведае кожнага – яны даўно сталі падзеяй і прыцягваюць родных і блізкіх юбіляраў. Раздзяліць з Віктарам Волкавым 50-ую гадавіну заканчэння школы прыехаў сын. Малады чалавек толькі нарадзіўся ва Ушачах, але з цікавасцю сачыў за падзеямі на сцэне і многа новага пачуў пра сваю малую радзіму. Пра школьныя гады “пяцідзясятнікаў” эмацыянальна расказала Н.В.Лісічонак (Санько). Як сямікласніцай “пранікла” ў кіно, а назаўтра была выклікана да дырэктара (школьнікам забаранялася быць на вячэрніх сеансах), як падчас лагера працы і адпачынку будавалі жывёлагадоўчы комплекс у Двор Пліне.
І, канечне, усе прыгадвалі настаўнікаў. “Быў у нас выкладчык, які ніколі не ставіў двоек. Толькі калкі. Так і казаў: “Калок чорт прывалок”. А калі мы вывучвалі тэму, перапраўляў яго на чацвёрку. Так вучыў роднай мове і літаратуры Фадзей Францавіч Багдановіч”, – вось такімі цікавымі ўспамінамі падзяліўся Мікалай Марковіч 1974 года выпуску. Пётр Дук, які зараз працуе ў абласной інспекцыі аховы прыроды, прыгадаў, што іх паралель была самай вялікай, ажно да літары “Е” даходзілі класы. Ларыса Манух зараз жыве ў ЗША, але прыслала змястоўную тэлеграму, якую зачытала вядучая Ліда Шкаруба.
Прадстаўнічай была дэлегацыя і саракагадовых юбіляраў. Традыцыйна 10 “Б” збірала Людміла Зузёнак (Напрыенка). Яна ж зрабіла відэапрэзентацыю са здымкаў усёй паралелі. І трэба было бачыць твары Анатоля Сіліна, Сяргея Міхайлава, Аляксандра Слабады, Аляксандра Касіча, Васіля Шарыпы і многіх іншых, калі яны бачылі сябе на экране. Ледзь не падскоквала на стуле і Святлана Крывакова, якая развіталася са школай пасля 8 класа і на вечар сустрэчы прыехала ўпершыню за мінуўшыя 40 год. Але па суседстве жыве з былой аднакласніцай Наталляй Папко, вось і сабраліся разам. Людміла Худалеева была і ў якасці юбіляршы, якая тэлефанавала сяброўкам, і настаўніцы, якую неаднойчы прыгадвалі маладыя пакаленні, а таксама з цікавасцю назірала пасталеўшых аднакласнікаў дачкі Юліі, што скончылі школу 20 год таму.
Суперюбілейным быў гэты год і для арганізатара мерапрыемства Святланы Галай (Рубанік). 30 год як скончыла школу сама, 10 – старэйшы сын, пяць – малодшы і выпуск, у якім была класным кіраўніком. Арыгінальным быў і падарунак яе паралелі – стэнды, якія да вечара сустрэчы нават паспелі аформіць: здымкамі выпускнікоў, стаўшых афіцэрамі, знакамітых землякоў, гістарычнымі фота. Хаця гісторыяй на іх з’яўляецца літаральна ўсё. Пра гэта выдатна ведала і С.Галай, і яе аднакласніца – калега Алена Федарэнка, якая дала на падарунак ажно 200 рублёў. Стэнды папоўняць школьны музей, а паколькі яны перасоўныя, удала дапоўняць любое значнае мерапрыемства.
Вольга Уладзіміраўна Пальвінская таксама выпускніца школы, ну а сёлета прыйшла выключна для таго, каб паглядзець на аднакласнікаў дачкі Ліліі, дацэнта ўніверсітэта фізкультуры, пасталеўшых на 25 гадоў. Сярод сёлетніх юбіляраў шмат педагогаў, ім, дарэчы, прысвечаны асобны падораны стэнд: як настаўнікаў Надзеі Герасімовіч (Губко), Наталлі Усцінавай (Герцык), так і навукоўцаў, супрацоўнікаў універсітэтаў. Акрамя прыгаданай Л.Пальвінскай гэта Ірына Сідарчук (Жылко) – намеснік дэкана ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, яе аднакласніца Яўгенія Мулюкова працуе на эксперыментальным заводзе пры Акадэміі навук.
Відэапрагляд пра школьныя гады зрабілі ў пачатку вечарыны і арганізатары. А таксама ўстроілі цікавую пераклічку. Падымалі не толькі выпускнікоў-юбіляраў, але ўшачан і іншагародніх гасцей, мнагадзетных бацькоў і тых, чыім дзецям ужо больш 15 год. Была і віктарына, з якой паспяхова справілася зала. І практычна ўсе выпускі выходзілі на сцэну, каб паказаць сябе. Самымі юнымі і бойкімі былі, канечне, прадстаўнікі 2014 года, практычна ўсе яшчэ студэнты ВНУ: Насця Арэхва, Павел Азевіч, Яўген Шчэрбік, Віка Падгол і Ганна Шчарбакова. Учарашніх школьнікаў, як правіла, прыходзіць нямнога – не паспелі засумаваць, не хварэюць настальгіяй па гадах юнацтва. Не тое, што скончыўшыя школу дзесяць год таму, ад іх імя настаўнікам дзякавала Валерыя Карэйша. І ў чарговы раз спускаліся ў залу ружы: для Клаўдзіі Шарыпы і Наталлі Стрыжонак, Алены Сільчанкавай і Надзеі Ціханенкі… Трыццаціпятнікаў прадстаўляла Алена Рубанік, шмат добрых слоў адрасаваўшы сваёй першай настаўніцы Ганне Іванаўне Карабань, а таксама Сяргею Трафімавічу Белавусаву. “Дзяўчаты, вучыце зорачкі на пагонах, можа спатрэбіцца, – казалі Вы нам на ўроках ваеннай падрыхтоўкі. Рапартую, сапраўды спатрэбілася. Сустрэла свайго малодшага лейтэнанта і давяла да высокіх чыноў”, – казала Алена. Як яна правільна зазначыла, учарашнія выпускнікі адбыліся ў прафесіях, ганарацца сваімі дзецьмі і, канечне, малой радзімай. Сапраўды, невялікія нашы Ушачы, ва ўсе часы тут працуе толькі адна школа. А колькі дастойных вучняў выпусціла, якія трывалыя веды давала і дае. І напэўна, самае галоўнае, што нас выхоўвалі патрыётамі. Кожны год гэтую ўтульную залу запаўняюць сотні людзей, якія спяшаюцца з розных куткоў краіны і нават замежжа. І як выдатна, што ў ёй ніколі не хапае месца.
Відэа з вечара сустрэчы можаце паглядзець на нашым канале на YouTube “Газета Патрыёт Ушачского района”.