У Магілёўскай вобласці працягваюцца абвалы дахаў будынкаў

112.by
У Магілёўскай вобласці працягваюцца абвалы дахаў будынкаў. На гэты раз здарэнне адбылося ў Клімавіцкім раёне. Увечары 4 лютага часткова абрынуўся дах двухпавярховага шасцікватэрнага жылога дома (плошча абвалу склала 25 квадратных метраў) у вёсцы Радня. Як інфармуе прэс-служба МНС, у доме жылі толькі дзве сям'і. Усе яны былі дома на першым паверсе. Калі пачулі гук абвалу даху, самастойна выйшлі з будынка. Жыхароў дома пераселяць.
Прычына абвалу даху пакуль невядомая. Сярод версій — цяжар снегу на даху і ветхасць будаўнічых канструкцый.
Як інфармавала Еўрарадыё, 29 студзеня абрынуўся дах прыватнага жылога дома ў Горках, 31 студзеня адбыліся абвалы дахаў гаспадарчых пабудоў і жылых дамоў у Быхаўскім, Дрыбінскім, Мсціслаўскім і Касцюковіцкім раёнах. А 3 лютага ў Касцюковічах абрынуўся дах ангара цэментнага завода.