Прыемныя, шчырыя сустрэчы з гасцямі, сюрпрызы і падарункі чакалі нядаўна калектывы і асобных працаўнікоў шэрагу жывёлагадоўчых аб’ектаў сельгасарганізацый Кіраўшчыны. Па выніках раённага спаборніцтва за 2-е паўгоддзе 2018 года былі ўзнагароджаны лепшыя работнікі галіны ў розных намінацыях.
першы намеснік старшыні райвыканкама — начальнік райсельгасхарчу Аляксандр Сухадольскі ўручае каштоўны падарунак загадчыку жывёлагадоўчай фермы па дарошчванні маладняку ААТ «Рассвет імя К.П.Арлоўскага Валерыю Сафончыку
Ва ўшанаванні жывёлаводаў прымалі ўдзел першы намеснік старшыні райвыканкама — начальнік райсельгасхарчу Аляксандр Сухадольскі, намеснік старшыні — выканаўчы дырэктар Магілёўскага абласнога аграпрамысловага саюза Аляксандр Серакоў, дырэктар раённага аграпрамысловага саюза Іван Рыняк, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Віктар Ставер, кіраўнікі і старшыні прафкамаў сельгасарганізацый.
На здымках: першы намеснік старшыні райвыканкама — начальнік райсельгасхарчу Аляксандр Сухадольскі ўручае каштоўны падарунак загадчыку жывёлагадоўчай фермы па дарошчванні маладняку ААТ «Рассвет імя К.П.Арлоўскага Валерыю Сафончыку; у ліку лепшых — жывёлаводы КСУП «Ніва-Барсукі»: аператары машыннага даення Надзея Свірко і Вера Рымарава, аператары па вырошчванні маладняку БРЖ Юлія Якаўлева і Валянціна Мялешкіна.
Лепшым калектывам і іх прадстаўнікам госці адрасавалі самыя шчырыя віншаванні, пажаданні і надалей трымаць высокую планку па вытворчых паказчыках, былі ўручаны каштоўныя падарункі ад раённага аграпрамысловага саюза і райкама прафсаюза работнікаў АПК. На сходах калектываў ферм і комплексаў былі арганізаваны салодкія сталы.
Трэба адзначыць, што абвешчаная адпаведнай пастановай рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў АПК акцыя “Наш жывёлавод” трывала замацоўваецца на Кіраўшчыне, а ўшанаванне лепшых жывёлаводаў з наведваннем іх на вытворчых аб’ектах стала добрай традыцыяй. Упраўленнем па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама сумесна з райкамам прафсаюза работнікаў АПК распрацаваны і зацверджаны ўмовы раённага спаборніцтва паміж калектывамі малочна-таварных ферм і комплексаў, жывёлагадоўчых ферм па вырошчванні, дарошчванні і адкорму маладняку, аператараў жывёлагадоўчых ферм. Спаборніцтвы праводзяцца на працягу ўсяго года, а прамежкавыя рэзультаты падсумоўваюцца за кожны квартал, друкуюцца на старонках раённай газеты.
У ліку лепшых — жывёлаводы КСУП «Ніва-Барсукі»: аператары машыннага даення Надзея Свірко і Вера Рымарава, аператары па вырошчванні маладняку БРЖ Юлія Якаўлева і Валянціна Мялешкіна.
Дарэчы, каштоўныя падарункі, якія ўручаюцца лепшым калектывам, падбіраюцца з улікам клопату пра жывёлаводаў, паляпшэння іх бытавых умоў. Аператары праводзяць шмат часу на рабочых месцах. І акрамя выканання сваіх працоўных абавязкаў у іх безумоўна павінна быць магчымасць камфортна адпачыць, пагутарыць за кубкам чаю. Толькі па выніках мінулага года на 10 фермах і комплексах з’явіліся новыя мікрахвалевыя печы. Вядома ж, пэўныя калектывы не аднойчы становяцца пераможцамі. Каб не паўтарацца, для такіх рыхтуецца іншы падарунак — да прыкладу, вялікі набор посуду, альбо штосьці іншае і карыснае, што б зрабіла іх быт больш утульным.
Яшчэ адна кіраўская адметнасць. Згодна ўмоў спаборніцтваў, каштоўны падарунак на працягу аднаго года калектыў ці работнік можа атрымаць толькі аднойчы. Гэта робіцца для таго, каб заахвоціць і прастымуляваць найбольшую колькасць сумленных работнікаў. І гэта зачын на перспектыву — забяспечыць рост вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі. А галоўная цырымонія ўшанавання лепшых жывёлаводаў з іх узнагароджваннем праходзіць заўсёды падчас правядзення ўрачыстага сходу, прысвечанага падвядзенню вынікаў работы галін народнай гаспадкі раёна.
Лепшых працаўнікоў віншуюць намеснік старшыні — выканаўчы дырэктар Магілёўскага абласнога аграпрамысловага саюза Аляксандр Серакоў, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Віктар Ставер, старшыня раённага аграпрамысловага саюза Іван Рыняк.
Ну, а ў гэты раз у ліку пераможцаў былі названы наступныя.
Сярод калектываў малочна-таварных ферм, якія ажыццяўляюць даенне кароў у малакаправод, лепшых вынікаў дабіліся жывёлаводы МТФ “Колбава” СГФ “Чыгірынка” РУП “Беларуснафта-Магілёўаблнафтапрадукт”. З гэтага ж сельгасфіліяла лідары сярод ферм, абсталяваных даільнымі заламі — калектыў МТФ “Стайкі”.
Па вырошчванні буйной рагатай жывёлы пераможцамі прызнаны калектывы ферм “Пархімкавічы” КСУП “Жылічы” і “Букіно” ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага”.
Загадчык фермы «Букіно» па вырошчванні маладняку БРЖ ААТ «Рассвет імя К.П.Арлоўскага» Надзея Шчэрбіч (у цэнтры), жывёлаводы Наталля Сухарава і Кацярына Вяроўкіна.
Высокія вытворчыя паказчыкі па дарошчванні маладняку ў другім паўгоддзі мінулага года дасягнуты на фермах “Цяса” ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага” і “Барсукі” КСУП “Ніва-Барсукі”.
На адкорме БРЖ лепшых паказчыкаў дабіліся жывёлаводы МТК “Дваранінавічы” КСУП “Чырвоны баец”.
Лепшы аператар па дарошчванні маладняку БРЖ МТК «Дваранінавічы» КСУП «Чырвоны баец» Людміла Дзмітрыева.
Сярод аператараў машыннага даення высокіх рэзультатаў дабіліся Жанна Патапава МТФ “Колбава” СГФ “Чыгірынка”, Васіль Саўчук і Таццяна Недасекіна (МТК “Валосавічы” ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага”), Надзея Свірко і Вера Рымарава (МТФ “Барсукі” КСУП “Ніва-Барсукі”).
На дарошчванні БРЖ лепшай прызнана Людміла Дзмітрыева (МТК “Дваранінавічы” КСУП “Чырвоны баец”).
Сярод жывёлаводаў, працуючых на вырошчванні маладняку БРЖ, лепшых вынікаў дабіліся Валянціна Мялешкіна і Юлія Якаўлева (МТФ “Барсукі” КСУП “Ніва-Барсукі”), Ганна Катомкіна (ферма “Пацава Слабада” ААТ “Кіраўскае райаграпрамтэхзабеспячэнне”. На адкорме — Сяргей Герасімовіч (ферма “Харлапавічы” ААТ “Дабаснянскае”.
Аляксандр ХАХЛОЎ.
Фота аўтара.
Інфармацыя аб пераможцах прадастаўлена райкамам прафсаюза работнікаў АПК.