Алея славы. Сумесны творчы праект газеты “Радзіма” і раённага савета ветэранаў. Лідзія Кірылаўна Карцель
Сумесны творчы праект газеты “Радзіма” і раённага савета ветэранаў, прысвечаны 100-годдзю БССР, мы вырашылі назваць “Алея славы”. Героямі гэтага праекта стануць не толькі людзі, чые імёны ўвекавечаны на памятных знаках, што ўстаноўлены на аднайменнай Алеі Славы ў цэнтры Глуска, але і шмат іншых нашых землякоў. Адны з іх жывуць і працуюць побач з намі, другія — на заслужаным адпачынку, трэціх, на жаль, ужо няма побач. Але памяць пра іх, гонар за іх справы не павінны кануць у нябыт. Бо ўсе яны — людзі-стваральнікі, іх жыццё — жыццё Глушчыны, яе гісторыя, яе ратная і працоўная слава
Першы герой праекта “Алея славы” — Лідзія Кірылаўна Карцель, былы дырэктар саўгаса “Завалочыцы”, з якім мясцовыя жыхары і зараз звязваюць лепшыя часы дзейнасці саўгаса.
Чалавек з вялікай літары
У рэдакцыйным кабінеце прагучаў тэлефонны званок. “Я жыхарка Завалочыц, — прадставілася жанчына і пачала размову: — Хачу крыху расказаць вам пра вельмі добрага чалавека, аўтарытэтнага кіраўніка — былога дырэктара саўгаса “Завалочыцы” Лідзію Кірылаўну Карцель. І па сёння вяскоўцы ўспамінаюць добрым словам той час, калі яна ўзначальвала гаспадарку. То і не дзіва, бо Лідзія Кірылаўна не толькі давала ўказанні, што патрэбна зрабіць, а і сама разам з рабочымі саўгаса ішла, напрыклад, нарыхтоўваць яловыя лапкі для ферм. Яна сваім прыкладам паказвала, як трэба працаваць, была ў першых радах і вяла ўсіх за сабою. Лідзія Кірылаўна заўсёды падтрымлівала моладзь і, як кажуць, дала дарогу ў жыццё не аднаму маладому спецыялісту, што прыязджалі працаваць у гаспадарку”.
Трэба адзначыць, што добрыя словы пра Лідзію Карцель мне давялося чуць ужо не ў першы раз. Менавіта з гэтай жанчынай жыхары Завалочыц звязваюць адны з лепшых гадоў у жыцці вёскі. Лідзіі Кірылаўне быў 31 год, калі яна ўзначаліла вялікую гаспадарку, і адпрацавала дырэктарам саўгаса “Завалочыцы” яна дваццаць шэсць гадоў. Канешне, мы не маглі не адгукнуцца на такія шчырыя і чуллівыя словы і адправіліся ў Завалочыцы паразмаўляць з (не пабаюся гэтага слова) чалавекам-легендай Лідзіяй Кірылаўнай Карцель. І пагаварылі: пра саўгас, працу, сям’ю і шмат пра што яшчэ.
— Жыццё чалавека не заўсёды складваецца згодна з яго планамі або марамі, — расказвае Лідзія Кірылаўна. — Свае карэктывы ў наш лёс заўсёды ўносяць абставіны, у якія мы трапляем. Для мяне такімі абставінамі стала Вялікая Айчынная вайна, дзяцінства без бацькі. Марыла быць доктарам і лячыць людзей, але лёс прывёў у сельскую гаспадарку. Я нарадзілася ў шматдзетнай сям’і. Праз некалькі дзён пасля пачатку вайны, а дакладней 25 чэрвеня 1941 года, наш бацька добраахвотнікам пайшоў на фронт, і больш дадому ён не вярнуўся. Мама засталася адна з пяццю дзецьмі (шостае хутка павінна было нарадзіцца) на руках. Цяжка прыйшлося… Пасля заканчэння ў 1949 годзе сярэдняй школы я паступіла ў Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію на агранамічны факультэт. Вучыцца было цікава, асабліва калі нам пачалі выкладаць прадметы, непасрэдна звязаныя з будучай прафесіяй. У 1954 годзе пасля заканчэння акадэміі мяне накіравалі ў Глускую МТС (машынна-трактарная станцыя), а адтуль направілі занальным аграномам у вёску Гарадок. У 1956 годзе МТС расфарміравалі. Калгас імя Кірава, што быў у Гарадку, аб’ядналі з саўгасам “Завалочыцы”, а мяне назначылі кіраўніком аддзялення ў Гарадку. Праца была добрая, а вось бытавыя праблемы дабаўлялі цяжкасцей у жыццё. Напрыклад, у вёсцы маладому спецыялісту гаспадарка не давала жыллё, прыходзілася здымаць кватэру, а ў той час у мяне ўжо была сям’я, малыя дзеці. Ясляў у вёсцы не было. Але ж нейкім чынам знаходзілі выйсце з розных складаных сітуацый, хоць часам і вельмі цяжка прыходзілася. Каб замацаваць маладых спецыялістаў у вёсках, у канцы 1950-х савецкім урадам была выдадзена пастанова аб падтрымцы моладзі: усім жадаючым давалі лес, каб будавалі сабе жыллё ды заставаліся ў гаспадарцы. Так зрабілі і мы з мужам (ён працаваў настаўнікам): пабудавалі хату ў Гарадку.
У красавіку 1961 года мяне прызначылі дырэктарам саўгаса “Завалочыцы”. Папраўдзе кажучы, пра тое, што я займу такую пасаду, нават і думкі не было. Аднойчы да нас дадому прыехаў першы сакратар Глускага райкама партыі. Ён якраз вяртаўся з Магілёва пасля чарговага пасяджэння ў абкаме партыі. У той час гэта быў першы чалавек у раёне, і на табе, прыехаў да нас ды яшчэ адзначыў, што па важнай справе. Вось што ён мне сказаў: “У абкаме я прапанаваў вашу кандыдатуру, Лідзія Кірылаўна, на пасаду дырэктара саўгаса “Завалочыцы” і ўжо далажыў, што вы згадзіліся”. Адказваю: “Такія рашэнні я сама прымаць не магу”. У нашай сям’і па ўсіх важных пытаннях я заўсёды раілася з мужам Уладзімірам Іванавічам. І ў гэты раз спытала ў яго, што мне рабіць. Ён адказаў: “Ідзі працуй”. Я нават здзівілася, думала, што муж будзе супраць: усё ж такі адказная праца, якая патрабуе шмат часу, а ў нас сям’я, дзеці. Але мой Уладзімір Іванавіч падтрымаў мяне, даў згоду і потым вельмі дапамагаў і па хатняй гаспадарцы, і з дзецьмі.
У той час гаспадарка саўгаса была вялікая і ўключала не толькі Завалочыцы і бліжэйшыя вёскі, а яшчэ Вільчу (падумайце: дзе Вільча, а дзе Завалочыцы!), Жалвінец, Сіманавічы, Макавічы, Арыжню, Сельцы, Калюгу і іншыя (усяго 24 вёскі). Такім саставам працавалі да 1963 года, а потым, пасля ліквідацыі Глускага раёна, нашу гаспадарку падзялілі на дзве часткі. Калі праз некалькі гадоў раён аднавілі, так і засталося, ужо назад гаспадаркі не аб’ядноўвалі.
Лідзія Кірылаўна прызналася, што на пасадзе кіраўніка гаспадаркі ў яе не адразу ўсё атрымлівалася, але з цягам часу малады дырэктар набыла пэўны досвед, і справы пайшлі ўгору. Неаднаразова саўгас займаў перадавыя пазіцыі ў раённых спаборніцтвах. Фотаздымкі працаўнікоў гаспадаркі рэгулярна з’яўляліся на старонках раённай газеты “Сцяг Радзімы”. Вось што пісала раёнка ў 1982 годзе: “Даярка саўгаса “Завалочыцы” Л. П. Рыбак… надаіла ў мінулым годзе па 3 678 кг малака ад кожнай каровы і заняла другое месцы сярод даярак раёна”. Майстры і механізатары таксама ўдарна працавалі, аб чым зноў жа пісала газета: “Цэх механізацыі саўгаса “Завалочыцы” прызнаны адным з лепшых у раёне”.
— У нашым саўгасе, — працягвае расказ Лідзія Кірылаўна, — быў добра арганізаваны адкорм жывёлы, існавала племянная гаспадарка (свінні), на нашых фермах заўсёды былі вялікія надоі — даяркі займалі першыя месцы па надоях у раёне. Адна з перадавых ферм знаходзілася ў вёсцы Дварэц. Там было 200 кароў, з іх надойвалі больш чым па 5 000 кілаграмаў малака ад кожнай. Усяго ж на саўгасных фермах было 1 100 кароў. Кармы для жывёлы рыхтавалі сваімі сіламі. У гаспадарцы было 2 600 гектараў ворнай зямлі, якую засявалі розным збожжам (у тым ліку і на корм). Сена касілі на лугах, абкошваліся нават берагі ракі — так назапашвалі для жывёлы кармы на зіму. Хачу зазначыць, што мы працягвалі традыцыі гаспадаркі з добрай працоўнай гісторыяй. Яшчэ ў пачатку 1950-х працаўнікі на той час маленькага саўгаса “Завалочыцы” ездзілі ў Маскву на Выстаўку дасягненняў народнай гаспадаркі (ВДНГ), дзе прадстаўлялі свой саўгас. А на ВДНГ запрашалі толькі перадавікоў. Ужо калі я была кіраўніком саўгаса, да нас павучыцца, набрацца вопыту прыязджалі з усёй вобласці. У 1980-я гады на базе саўгаса не раз праводзілі семінары для кіраўнікоў гаспадарак. На адным з іх прысутнічаў, яшчэ ў той час у якасці кіраўніка саўгаса, Аляксандр Лукашэнка.
За выдатныя дасягненні ў развіцці народнай гаспадаркі Лідзія Кірылаўна Карцель была ўзнагароджана адной з вышэйшых узнагарод СССР — ордэнам Кастрычніцкай рэвалюцыі, другім па значнасці пасля ордэна Леніна (вышэйшай узнагароды СССР). За стабільныя высокія вынікі ў выкананні і перавыкананні планавых заданняў і прынятых сацыялістычных абавязацельстваў, за буйныя поспехі ў павышэнні ўраджайнасці сельскагаспадарчых культур і прадуктыўнасці грамадскай жывёлагадоўлі, павелічэнні вытворчасці і продажу дзяржаве прадуктаў сельскай гаспадаркі — двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга. Яшчэ ў скарбонцы Лідзіі Кірылаўны — ордэн “Знак Пашаны” і іншыя ўзнагароды.
Акрамя дырэктара, заслужаныя ўзнагароды атрымлівалі таксама і працаўнікі гаспадаркі. У 1982 годзе газета “Сцяг Радзімы” пісала аб тым, што пяць даярак саўгаса “Завалочыцы” за высокія дасягненні, паспяховае выкананне ўзятых на сябе сацыялістычных абавязацельстваў былі ўзнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга.
У 1963 годзе Лідзію Кірылаўну выбралі народным дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, а крыху пазней уключылі ў склад Прэзідыума Вярхоўнага Савета.
— Падчас выбарчай кампаніі мае выбаршчыкі з Завалочыц далі такі наказ: пабудаваць у вёсцы клуб, дзіцячы садок, школу. Усе гэтыя аб’екты паступова былі пабудаваны, — успамінае былы дырэктар саўгаса “Завалочыцы”.
Другі раз Лідзію Кірылаўну выбралі дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР у 1980 годзе. Наказ выбаршчыкаў у гэты раз быў такі: пабудаваць больш жылля для працоўных саўгаса. І гэта пажаданне дэпутат выканала. У 1982 годзе раённая газета “Сцяг Радзімы” пісала: “Ад таго, як наладжаны быт чалавека, залежыць ініцыятыва яго ў рабоце і грамадскім жыцці. Аб гэтым не забывае кіраўніцтва гаспадаркі і праяўляе пастаянны клопат аб людзях і забяспечвае працаўнікоў палёў і ферм добраўпарадкаваным жыллём. Вось і зараз здаецца ў эксплуатацыю чарговы 20-кватэрны жылы дом. Яго заселяць жывёлаводы, паляводы, механізатары і іншыя спецыялісты, якія маюць патрэбу ў жыллі”. Акрамя гэтага, будаваліся і вытворчыя памяшканні: майстэрні, кароўнікі. Карацей кажучы, усё рабілася для людзей, дзеля іх дабрабыту, каб ім добра было працаваць і адпачываць.
— У нашай гаспадарцы той, хто не ленаваўся, зарабляў добрую зарплату, — расказвае Лідзія Кірылаўна, — нават большую, чым дырэктар саўгаса. Аднойчы нехта са знаёмых у мяне спытаў, ці не крыўдна мне, што даярка атрымлівае больш грошай. Я адказала: “Ты сёння калі раніцаю падняўся? У восем гадзін? А даярка ў пяць, і дадому ўвечары яна прыйдзе позна, і праца ў яе вельмі цяжкая. За гэта і атрымлівае сваю зарплату”. А падчас жніва, сенакосу ды ўборкі бульбы ўсе мы працавалі ад золку да змяркання. Таму і высокія паказчыкі атрымлівалі, а да іх — добрую зарплату і прэміі. Самым руплівым рабочым саўгаса, нашым перадавікам, давалі ад гаспадаркі бясплатныя пуцёўкі ў санаторыі ўсяго Савецкага Саюза. Яшчэ стараліся, каб моладзь вярталася ў родную вёску: давалі ім накіраванне на вучобу, саўгас плаціў стыпендыю. Таксама кіраўніцтва саўгаса імкнулася, каб заставаліся тут і тыя хлопцы ды дзяўчаты з іншых гарадоў і вёсак, каго накіравалі да нас па размеркаванні.
Адным з такіх размеркаваных у Завалочыцы іншагародніх спецыялістаў быў Мікалай Міхайлавіч Шаўчэнка, які адпрацаваў у саўгасе пад кіраўніцтвам Лідзіі Кірылаўны 11 гадоў. Ён падзяліўся ўспамінамі аб тым часе:
— Пасля заканчэння ў 1974 годзе Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі па спецыяльнасці “заатэхнік” атрымаў накіраванне ў Завалочыцы. Мяне і яшчэ аднаго маладога спецыяліста Лідзія Кірылаўна вечарам, амаль ноччу, прывезла ў Завалочыцы. Пераначавалі ў яе дома, назаўтра яна для нас кватэру знайшла, дапамагла добра ўладкавацца. Потым пачалася праца. Лідзія Кірылаўна як чалавек вельмі добрая і спагадлівая, а вось кіраўнік яна вельмі патрабавальны, цвёрды, але ж і справядлівы. Магчыма, камусьці і не падабаўся такі стыль, але кіраўнік павінен быць такім, бо ён нясе адказнасць і за гаспадарку, і за дабрабыт людзей. Акрамя таго, яна імкнулася (і гэта ў яе атрымлівалася) знайсці падыход да кожнага рабочага ў гаспадарцы. Лідзія Кірылаўна не баялася ніякай працы: трэба на ферму ў гумавых ботах — дык на ферму (а там гаспадарскім вокам жывёлу гляне, з даяркамі паразмаўляе, спытае пра іх праблемы), балота асушаюць — і яна там…
Мікалай Міхайлавіч таксама зазначыў, што менавіта Лідзія Кірылаўна навучыла працаваць, узаемадзейнічаць з калегамі і падначаленымі шмат маладых спецыялістаў, для каго саўгас “Завалочыцы” быў першым працоўным месцам. Канешне, да іх ліку ён адносіць і сябе.
Цікава было пачуць і ад былога дырэктара саўгаса “Завалочыцы”, якія якасці кіраўніка яна лічыць галоўнымі.
— На маю думку, — адказала Лідзія Кірылаўна, — любы кіраўнік павінен быць найперш чэсным, патрабавальным і справядлівым. Ну а каб дабіцца поспеху і добрай зарплаты, ёсць толькі адзін рэцэпт — трэба працаваць, працаваць, працаваць. Так было раней, так ёсць зараз і будзе заўсёды.
Вольга ЯНУШЭЎСКАЯ
Фота аўтара і з архіва Лідзіі Карцель