Памёр трэці ўдзельнік ранішняй аварыі на МКАД
МНС
У лякарні памёр трэці ўдзельнік страшнай аўтааварыі, якая адбылася сёння на Мінскай кальцавой аўтадарозе. Пра гэта ў сацсетках паведаміла прэс-служба сталічнай ДАІ.
Як распавядала Еўрарадыё, здарэнне адбылося каля 7-й гадзіны раніцы. Фура "Сканія" сутыкнулася з трактарам, які ад удару вылецеў з унутранага на вонкавае кальцо МКАД. Там ён урэзаўся ў тры легкавікі — "Мазду", "Опель" і "Сітраен". Медыкі шпіталізавалі кіроўцаў "Опеля" і "Сітраена", якія выбраліся са сваіх машынаў самастойна.
54-гадовы кіроўца "Мазды" і яго 52-гадовая жонка загінулі на месцы. Ратавальнікі дасталі з машыны яшчэ аднаго 26-гадовага пасажыра, якога шпіталізавалі з траўмамі. Цяпер, як паведамілі ў ДАІ, памёр і ён.
На месцы аварыі, у раёне 10-й клінікі, рух аўтатранспарту па-ранейшаму абмежаваны.