Успаміны камісара партызанскай брыгады “Спартак” Міхаіла Купрэевіча Ігнацьева

Источник материала:  
01.02.2019 — Разное

Успаміны камісара партызанскай брыгады “Спартак” Міхаіла Купрэевіча ІгнацьеваСярод шэрагу партызанскіх злучэнняў, якія вялі барацьбу з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Шаркаўшчынскага і суседніх раёнаў, вялікая заслуга ў разгроме гітлераўцаў і набліжэнні перамогі належыць народным мсціўцам партызанскай брыгады “Спартак”. На старонках нашай газеты мы друкуем успаміны былога камісара дадзенай брыгады Міхаіла Купрэевіча Ігнацьева.

“Успамінаю далёкія даваенныя гады… Напярэдадні вялікіх бітваў з ненавіснымі захопнікамі былі ясна бачны светлыя гарызонты, ва ўсім адчувалася радасць жыцця. Людзі пачыналі жыць як ніколі заможна. Тады я працаваў сакратаром Гарадоцкага павятовага камітэта партыі. Часта сустракаўся з людзьмі. З кім бы я ні гутарыў, кожны радаваўся светламу жыццю.

Але грымнула вайна. Над намі навіслі чорныя хмары. Трэба было змагацца з ворагам. Праз некалькі дзён я ўжо быў у радах дзейнічаючай арміі. Пад Віцебскам наша дывізія трапіла ў акружэнне. Біліся да апошняга патрона. Група воінаў вырвалася ў глухі лес. Там мы арганізавалі партызанскі атрад.

У сакавіку 1942 года мяне і Панамарова выклікалі ў Віцебскі падпольны абкам партыі і далі заданне стварыць партызанскую брыгаду. Панамарова назначылі камандзірам, мяне — камісарам.

Першая аперацыя, праведзеная нашай групай (брыгады як такой яшчэ не было), — разгром невялікага гарнізона (10 немцаў і 20 паліцаяў), які ахоўваў кардонную фабрыку ў Плетарова (цяпер Браслаўскі раён).

Мы нястомна праводзілі масавую работу сярод насельніцтва. І ў канцы сакавіка 1943 года ў нашых радах было ўжо 400 народных мсціўцаў. Спачатку мы вялі разгром нямецкіх гарнізонаў. Адным з вялікіх лічыўся гарнізон у Каз’янах, у якім было 300 нямецкіх салдат і афіцэраў. Пры яго разгроме брыгада ўпершыню панесла вялікія страты. Былі яны і потым, бо гітлераўцы адчайна агрызаліся, ды ўзброены былі моцна, мелі шмат боепрыпасаў, аўтаматычнай зброі, агонь амаль заўсёды вялі з дзотаў.

Фашысты вельмі ўмацавалі таксама гарнізоны ў Васевічах (Літоўская ССР), Опсе, Відзах.

Пры разгроме нямецкага гарнізона ў Опсе загінуў былы сакратар Відзаўскага райкама камсамола Васіль Чэрных, у баі за Васевічы — урач Зоя Бабкіна, камандзір трэцяга атрада Мікалай Ушакоў і многія іншыя. Памяць аб іх назаўсёды застанецца ў народзе, бо героі аддалі сваё жыццё за яго шчасце, вялікую будучыню.

Яны не былі адзінокімі. На іх месцы станавіліся новыя і новыя байцы. К канцу 1943 года брыгада “Спартак” налічвала 1.500 народных мсціўцаў. Акрамя знішчэння жывой сілы ворага, брыгада вяла рэйкавую вайну. За гады барацьбы з захопнікамі нашы партызаны знішчылі 24 варожыя гарнізоны, пусцілі пад адхон 26 эшалонаў з жывой сілай і баявой тэхнікай гітлераўскіх войск.

Свой баявы шлях брыгада закончыла разгромам гарнізона немцаў у Відзах. Там мы злучыліся з часцямі Савецкай Арміі.”

Сяргей РАЙЧОНАК.

Comments are closed.

Яндекс.Метрика