85 адміністрацыйных пратаколаў было састаўлена на непаўналетніх у Смаргонскім раёне за 2018 год
За мінулы год зафіксавана сем злачынстваў з удзелам непаўналетніх. Больш за ўсё фактаў крадзяжу. Былі таксама ўгон аўтамабіля і збыт крадзенага. Па статыстыцы большасць з гэтых правапарушэнняў здзейснена ў сельскай мясцовасці. Напрыклад, чатыры вучні Сінькоўскай школы ўкралі дошкі і скарысталі іх на будаўніцтва шалаша. Правапарушэнне, здаецца, без злых намераў, але, называючы рэчы сваімі імёнамі, гэта крадзеж.
Сем крымінальных дзеянняў было здзейснена таксама асобамі, якія не дасягнулі ўзросту крымінальнай адказнасці.
За 2018 год на непаўналетніх састаўлена 85 адміністрацыйных пратаколаў. У асноўным за дробнае хуліганства, ужыванне спіртных напіткаў у грамадскіх месцах, дробны крадзеж і правапарушэнні па лініі ДАІ. Што датычыцца спіртных напіткаў, толькі дзіця неразумнае не ведае, што нельга прадаваць іх непаўналетнім. І ўсё ж за апошні год 12 прадаўцоў папаліся на парушэнні гэтага пункту заканадаўства.
На асаблівым кантролі і міліцыі, і педагогаў, і ўладаў – палавая недатыкальнасць непаўналетніх. За апошні год зафіксавана два злачынствы такога кшталту.
Двое непаўналетніх спрабавалі ў 2018 годзе ўчыніць суіцыд. Абедзве – дзяўчынкі. У адным выпадку школьніца такім страшным чынам намагалася звярнуць на сябе ўвагу, у другім верагоднай прычынай стала нераздзеленае каханне.
Былі і выпадкі сыходу дзяцей з дому. Як адзначыў намеснік старшыні райвыканкама Генадзь Бычко, амаль заўсёды тут ёсць пэўныя сямейныя праблемы.
Гаварылі таксама пра дзіцячы траўматызм. Такіх фактаў зафіксавана 811. Два з іх – выпадкі ДТЗ, астатнія – бытавыя траўмы.
Усе прысутныя сышліся ў меркаванні, што лепшая прафілактыка і дзіцячага траўматызму, і правапарушэнняў – не пакідаць дзяцей без нагляду. Трэба максімальна ахапіць іх пазашкольнай дзейнасцю, лагерамі і іншымі відамі карыснага адпачынку.
Віялета ВОЙТКА.