Людзі Смаргоншчыны: Алег Апановіч
Пасля заканчэння мінскага ваеннага вучылішча Алега Апановіча накіравалі служыць ва Украіну. Вайсковая часць знаходзілася ў Днепрапятроўску. Звычайныя афіцэрскія будні. Ён ужо быў старшым лейтэнантам, меў сям’ю – жонку і дачку, калі ў 1987 годзе прапанавалі з’ездзіць у Афганістан, дзе знаходзіўся абмежаваны кантынгент савецкіх войскаў, вяліся баявыя дзеянні. Прычым пастаўлена была ўмова: не захочаш добраахвотна, паедзеш служыць на Далёкі Усход.
Па тагачасным законе, афіцэр, які накіроўваўся ў “гарачую кропку”, меў права на атрыманне жылля. Алегу Апановічу выдзелілі дзвюхпакаёвую кватэру, і ён напісаў заяву, як таго і хацелі, па ўласным жаданні паехаць на афганскую вайну. Спачатку трапіў у Ташкент, а адтуль самалётам у Кабул.
На дварэ была сярэдзіна кастрычніка. Ва Украіне ў гэты час ужо прахалодна, Афганістан сустрэў спёкай. Кругом горы. Днём і ноччу стралялі. І гэта ў Кабуле, сталіцы, дзе знаходзіўся аэрадром. Можна было ўявіць, што рабілася на перыферыі.
Алега Апановіча разам з іншымі афіцэрамі, якіх камандзіравалі на афганскую тэрыторыю, выклікалі ў штаб арміі, які знаходзіўся ў былым палацы колішняга кіраўніка Афганістана Хафізулы Аміна. Там усіх размеркавалі па вайсковых падраздзяленнях. Алег Апановіч трапіў у артылерыю, атрымаў пасаду. Афіцэр, у якога закончылася камандзіроўка і які збіраўся ў Савецкі Саюз, сказаў: “Вось твае ложак, тумбачка, аўтамат. Праводзь мяне да аэрадрома”.
Праз два тыдні новае папаўненне пачало ўдзельнічаць у баявых дзеяннях. Алег Іванавіч быў намеснікам камандзіра армейскай артылерыйскай групы. Яна складалася з дзвюх батарэй самаходных гусенічных “Гіацынтаў” і такой жа колькасці рэактыўных “Ураганаў”.
Ваенная аперацыя называлася “Магістраль”. Яна была буйной па сваіх маштабах і паспяховай, а яшчэ апошняй перад вывадам савецкіх войскаў з Афганістана. За гэту аперацыю тагачасны камандуючы 40-й арміяй генерал-палкоўнік Барыс Громаў атрымаў званне Героя Савецкага Саюза.
Удзел у аперацыі вайсковых падраздзяленняў планаваўся на тры тыдні, а зацягнуўся аж на 4 месяцы. Вядома ж, артылерыя – не пяхота, якая вяла барацьбу з маджахедамі на блізкай адлегласці. Дальнасць стральбы гармат складала 27 кіламетраў. Артылерысты ў некаторых выпадках нават не бачылі ворага. Ім паступалі даныя, дзе ён знаходзіцца, і пачынаўся абстрэл тэрыторыі. Аднак калі артылерыйскія самаходныя ўстаноўкі рухаліся ў калоне альбо размяшчаліся на новых пазіцыях, то баявыя разлікі маглі трапіць пад абстрэл душманаў. І на першым часе, як адзначыў Алег Апановіч, было страшнавата навічкам, якія нядаўна трапілі сюды з Савецкага Саюза. Але паступова яны пачалі прывыкаць да выбухаў і стрэлаў. Праўда, калі кулі свісталі над галавою, то інстыктыўна прыходзілася нагінацца.
“Наш полк стаяў у Шындандзе, што ў 650 км ад Кабула, - узгадвае мінулае Алег Іванавіч. - А два дывізіёны размяшчаліся ў афганскай сталіцы. Таму мы больш падпарадкоўваліся начальніку артылерыі арміі, чым камандаванню палка, хаця былі ў штаце апошняга. З майго дывізіёна дзве батарэі знаходзіліся ў Кабуле і адна – у Джалалабадзе. Пасля баявых дзеянняў мы на 2-3 дні вярталіся ў Кабул, а потым зноў накіроўваліся ў “гарачыя кропкі”. Перш чым дэсантнікі ці пехацінцы пачыналі штурмаваць варожыя пазіцыі, наша артылерыя і верталёты адкрывалі па іх ураганны агонь. Гэта называлася зачысткай тэрыторыі. Мы таксама падтрымлівалі агнём байцоў, у якіх не атрымлівалася адарвацца ад пераследу душманаў.
Аднойчы яны напалі і на калону артылерыйскай тэхнікі, якая рухалася па дарозе. Пярэдні БТР суправаджэння падарваўся на міне, якую загадзя ўстанавілі душманы, у ім адарвала кола. З гор пачулася страляніна. Выбухам з падбітага БТР паскідала на зямлю ваеннаслужачых, якія ехалі наверсе, на брані, быў кантужаны старшы калоны. Калі ён спрабаваў падняцца, варожая куля трапіла яму пад лапатку. Моцна паранены афіцэр ужо не мог кіраваць абарончымі дзеяннямі. І тады камандаванне ўзяў на сябе Алег Апановіч. Байцы адстрэльваліся і адначасова рыхтавалі тэхніку для вываду з-пад варожага агню. Прапаршчык з сяржантам кінуліся да БТР і выцягнулі з яго кантужанага механіка-вадзіцеля. Потым прапаршчык заскочыў у пашкоджаную баявую машыну, завёў яе. І без аднаго кола БТР мог ехаць па дарозе.
Алег Апановіч.
Па рацыі не ўдавалася звязацца са сваімі, каб прыслалі дапамогу. Душманы запальнымі кулямі падпалілі два “КамАЗы” з боепрыпасамі, але іх удалося патушыць пяском і вогнетушыцелем. Добра, што ў гэты час праляталі два баявыя верталёты “Мі-24”. Яны зрабілі заход на варожыя пазіцыі і адкрылі агонь. А яшчэ верталётчыкі паведамілі па сродках сувязі пехацінцам, якія знаходзіліся ў некалькіх кіламетрах ад месца перастрэлкі, і дзве БМП адразу ж выехалі на дапамогу.
Тым часам калона пачала рухацца і спынілася ў бяспечным месцы. Ніхто з ваеннаслужачых не загінуў, былі толькі параненыя і кантужаныя. Пры гэтым артылерыстам удалося знішчыць два варожыя кулямётныя разлікі, некалькі гранатамётчыкаў, 6 “духаў” з аўтаматычнай зброяй.
За паспяховае кіраўніцтва дзеяннямі падначаленых, дзякуючы чаму ўдалося вывесці калону з-пад варожага абстрэлу, не страціўшы пры гэтым людзей і тэхніку, старшы лейтэнант Алег Апановіч быў узнагароджаны ордэнам “За службу Радзіме ва Узброеных Сілах СССР” 3 ступені.
13 лютага 1989 года Алег Іванавіч разам з аднапалчанамі на баявой тэхніцы пакінуў Афганістан. Там заставаўся яго родны брат Валерый, якога прызвалі на тэрміновую вайсковую службу крыху пазней. Ён не павінен быў трапіць на афганскую тэрыторыю, бо па законе нельга было накіроўваць двух родных братоў у “гарачую кропку”. Але паколькі Алег служыў афіцэрам ва Украіне і адтуль яго накіравалі ў Афганістан, то ваеннае ведамства Беларусі нічога аб гэтым не ведала.
Валерый Апановіч быў пагранічнікам, вайсковая часць знаходзілася паблізу Кушкі, на мяжы з Афганістанам. Брат Алега Іванавіча трапіў у мотаманеўраную групу, на “Урале” перыядычна выязджаў на афганскую тэрыторыю для выканання разнастайных задач.
Пасля Афганістана Алег Апановіч служыў у ГДР. Там у яго нарадзіўся сын. Потым дзве Германіі пачалі аб’ядноўвацца, савецкую групоўку войскаў вывелі ў Расію. Але Алег Іванавіч не захацеў там заставацца, яго цягнула ў Беларусь. Калі былі выкананы ўсе неабходныя фармальнасці, ён вярнуўся ў Смаргонь і даслужваў неабходны тэрмін у мясцовай пагранічнай часці.
Юрый ЯНУШКЕВІЧ.
Фота аўтара і з сямейнага архіва Алега АПАНОВІЧА.