Выбіраем прафесію: як стаць ваенным?

Источник материала:  
31.01.2019 — Разное

Выбіраем прафесію: як стаць ваенным?

29 студзеня на прафарыентацыйным мерапрыемстве ў сярэдняй школе № 1 сабраліся юнакі дапрызыўнага ўзросту 9-11 класаў школ горпасёлка. Былі тут і дзяўчаты. Некаторыя з іх таксама бачаць сябе ў ваеннай форме, але дакладна з выбарам яшчэ не вызначыліся.
На сустрэчу да школьнікаў былі запрошаны прадстаўнік Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь Уладзіслаў Шахновіч і начальнік адасобленай групы (Шаркоўшчынскага раёна) ваеннага камісарыята Глыбоцкага і Шаркоўшчынскага раёнаў Дзімітрый Фёдаравіч Жораў.
Перад гасцямі стаяла важная задача — зацікавіць сваёй прафесіяй і данесці інфармацыю пра паступленне на ваенныя спецыяльнасці. У юнакоў пакуль што задача была значна прасцейшая — паслухаць, падумаць і вызначыцца са сваім выбарам.

На сустрэчы прысутным быў прадэманстраваны фільм пра Акадэмію. Уладзіслаў Шахновіч расказаў пра правілы прыёму і, канешне, запрасіў усіх паступаць на ваенныя спецыяльнасці.

На сённяшні дзень навучанне ў ваеннай акадэміі праводзіцца на сямі факультэтах: агульнавайсковым, сувязі і аўтаматызаваных сістэм кіравання, супрацьпаветранай абароны, ваеннай разведкі, авіяцыйным, унутраных войскаў, ракетных войскаў і артылерыі і ракетна-артылерыйскага ўзбраення. Для таго, каб паступіць, неабходна не толькі добра здаць цэнтралізаванае тэставанне, але і прайсці прафесійны адбор. З 2 студзеня па 1 красавіка 2019 гады — той тэрмін, у які жадаючыя стаць ваенным могуць падаваць заявы ў адасобленую групу (Шаркаўшчынскага раёна) ваеннага камісарыята Глыбоцкага і Шаркоўшчынскага раёнаў.
Маладыя людзі даведаліся  пра паступленне на ваенныя спецыяльнасці і пра будні ваенных, размова таксама вялася аб распарадку дня, умовах вучобы, прадметах, якія там вывучаюць. Некаторыя юнакі ўжо даўно вырашылі, што звяжуць жыццё з ваеннай службай і толькі пераканаліся ў правільнасці свайго выбару. А ў многіх пасля сустрэчы ў вачах свяцілася пытанне: “А можа, і мне паспрабаваць стаць ваенным?”.

Ваенная акадэмія Рэспублікі Беларусь знаходзіцца па адрасе: г. Мінск, пр-т Незалежнасці, 220. Тэлефон прыёмнай камісіі: (8-017) 287-49-22. Усю неабходную інфармацыю абітурыенты могуць атрымаць на афіцыйным сайце Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь http://varb.mil.by.

Алена АНАНІЧ.

Comments are closed.

Яндекс.Метрика