Торжественное мероприятие, посвящённое 100-летию БССР, прошло в Ушачах
На ўрачыстасць, прысвечаную 100-годдзю БССР, прыйшлі і васьмідзесяці- і саракагадовыя ўшачане. Аднак незалежна ад розніцы ва ўзросце, усе яны маглі сказаць пра сябе радком вядомага хіта “Песняроў”: “Маладосць мая – Беларусія”.
А пачыналася свята, як і ўсе юбілейныя летась і сёлета, з выставы. Фае раённага Дома культуры па перыметры застаўлена сталамі з экспанатамі, альбомамі, фотаздымкамі. Супрацоўнікі музея народнай славы імя У.Е.Лабанка ў чарговы раз грунтоўна рыхтаваліся, каб вярнуць прысутных у эпоху, пра якую пойдзе гаворка. Яны ж з дапамогай бібліятэкараў зрабілі і гістарычную відэапрэзентацыю.
“Ой, я па такой “Арыфметыцы” вучылася”, – з цікавасцю разглядала пасляваенныя падручнікі Наталля Рачкоўская. – Ды і “Буквар” таксама вельмі падобны на наш”. “Верагодна, тут 1956 год выпуску,”, – дадае Таіса Вайтулевіч і прыгадвае сваіх настаўнікаў з Мосарскай школы: Марыю Васільеўну Плігаўку, Алеся Антонавіча Карабаня, Вольгу Маркіянаўну Клопаву. А пляменніцу апошняй Маю Секан разам з аднакласніцай Ларысай Талмачовай “прывабіў” падручнік матэматыкі, падпісаны іх класным кіраўніком, Заслужанай настаўніцай Беларусі Надзеяй Арсенаўнай Васілеўскай.
Кожны на выставе, канечне, хацеў убачыць знаёмых, родных, сябе. Першы дырэктар свінакомплексу “Сарочына” Іван Іванавіч Сіпко, які прымаў у снежні 1979 ад будаўнікоў сімвалічны ключ, шукаў экспазіцыю, прысвечаную сельскай гаспадарцы. Сёлетні год для прадпрыемства таксама юбілейны, хоць пакуль не вернуты былыя вышыні. І мала хто памятае, што ў першыя гады па тэхналогіі свіней кармілі не толькі камбікормам, сыроваткай, але нават рыбай танных марскіх сартоў, захоўвалася якая ў запасе ў спецыяльных халадзільніках. З такіх вось фрагментаў біяграфій і складалася гісторыя Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі.
Старшыня райвыканкама Уладзімір Генадзьевіч Аўдошка спыніўся ля каляровага здымка 2005 года, які рабіў сам. І расказаў пра сяброўскую сустрэчу футбалістаў раёна з парламентарыямі. Ва Ушачах быў матч у адказ, а спачатку гулялі ў Мінску, папярэдне ўзмацніўшы зборную раёна спартсменамі з іншых рэгіёнаў. “Толькі з баскетбольным лікам не прайграйце”, – даваў наказ кіраўнік раёна Канстанцін Анатольевіч Пачэпка. А калі ж выйгралі 6:1, пажартаваў, што гэта нядзіўна, бо ўшачан нават немцы не адолелі!
На раённыя святы зараз трэба прыходзіць не проста загадзя, а з важкім запасам, каб спакойна разгледзець экспанаты, абмеркаваць іх з сябрамі. Фотаапарат “Змена”, лямпавы тэлевізар, першы “камп’ютар” – вялікі калькулятар ад электрычнасці. “Я памятаю, на такім працавала цётка”, – прамовіў малады мужчына. Для Віталя Іванавіча Мушы БССР – не маладосць, а хутчэй дзяцінства, на раённых святах ён таксама нячаста, паколькі працуе ў Мінску. Аднак ведае многіх, у гэты ж дзень спецыяльна завітаў, каб пабачыць на сцэне жонку Святлану.
Мяне ж больш за ўсіх здзівілі дзеці – удзельнікі мерапрыемства, апранутыя ў форму савецкіх піянераў. Пакуль да іх выхаду заставаўся час, яны ўважліва вывучалі альбомы… і таксама знаходзілі знаёмыя твары. “Ой, твой татка”, – паказвалі сяброўкі Ксюшы Крахоткі калектыўны здымак РАУС. “А вось мой дзядуля!” – пазнала сярод страхоўшчыкаў Мікалая Полазава яго ўнучка Насця.
Так жа прадумана была і праграма мерапрыемства, якая таксама патрабавала не аднаго тыдня падрыхтоўкі. Рэдкія кадры на экране ілюстравалі эпоху і ўзмацнялі словы вядучых, якія паэтапна рабілі экскурс у гісторыю. 1925-ы – будаўніцтва чыгункі Орша-Лепель. 1929 – Віцебскі завод сельскагаспадарчых машын. 1932-ы – першая ў краіне МТС. Машынна-трактарныя станцыі былі і ў раёне, у Селішчы, Вялікіх Дольцах, Ушачах. Ім на змену прыйшла “Райсельгастэхніка”. Яе былы кіраўнік У.М.Малаткавец, які прыехаў маладым спецыялістам у 1965-м, прыгадаў, якімі пустымі, драўлянымі былі Ушачы. Што, дарэчы, пацвярджалі здымкі першага пасляваеннага суботніка, помніка загінуўшым воінам і партызанам – тады яшчэ не ў скверы, а ў акружэнні зусім танюткіх дрэўцаў. Для сабраўшыхся ўшачан гістарычныя фота “новага гаспадарчага магазіна” на месцы сённяшняга рэстарана, закладкі ўнівермага, адкрыцця музея – недалёкае ўчора. Уладзімір Мікалаевіч падкрэсліў, што сённяшні гарпасёлак вырас за апошнія 50 гадоў на яго вачах, а таксама расказаў пра тое, якім уважлівым кіраўніком быў першы сакратар Камуністычнай партыі БССР П.М.Машэраў, з якім сустракаўся падчас адной уборачнай.
Уладзімір Генадзьевіч Аўдошка ў сваім выступленні акцэнтаваў увагу на тым, што менавіта падчас БССР была закладзена аснова суверэннай Беларусі, яе тэхнічны, навуковы, культурны патэнцыял. А старшыня Маладзёжнай палаты Яўген Бародзіч гаварыў ад імя тых, каму працягваць традыцыі продкаў. З сённяшнімі ж дасягненнямі маладых людзей знаёміла выстава, падрыхтаваная райкамам БРСМ.
Разыходзіліся людзі вельмі задаволенымі. І ад таго, што былі запрошаны на мерапрыемства, як Раман Васільевіч Міхалевіч ці Васіль Андрэевіч Мазго. І таму што сустрэлі тых, з кім разам працавалі, як Валянціна Вячаславаўна Падвойская і Вера Дзмітрыеўна Балабоўка. І проста ад выдатнага канцэрта, нумары якога вярталі ў БССР. Кожны адчуваў сябе не гледачом, а ўдзельнікам: барабаншчыцы, сцяганосцы выходзілі на сцэну з залы, усе прысутныя шанавалі хвілінай маўчання загінуўшых, спявалі гімн, прыгадвалі сваё дзяцінства, маладосць, сталенне. У краіны, як і ў чалавека – тыя ж этапы, толькі даўжэйшыя. А моцная будучыня будуецца на трывалым падмурку мінулага.
Вольга Караленка.