Девочка из Кореличей: воспоминания выжившей в новогрудском гетто

Источник материала:  
29.01.2019 — Разное

Вайна прынесла неймаверныя выпрабаванні жыхарам Беларусі, але асабліва жудаснымі гэтыя часы былі для яўрэяў. Папросту яны не мелі шанса на выратаванне, бо паводле фашысцкай ідэалогіі падлягалі 100% знішчэнню. У літаратуры такое масавае знішчэнне яўрэяў атрымала назву “Халакост”, гэта значыць “Усеагульнае спальванне”.

Девочка из Кореличей: воспоминания выжившей в новогрудском гетто

Эстэр Негнявіцкі

Ад яўрэйскай абшчыны Карэліч, якая налічвала каля 1300 чалавек да вайны, выжыла толькі невялікая жменька – каля 100 чалавек. Ужо пасля вайны, адчуваючы неабходнасць захавання гісторыі абшчыны і тых жудасных часоў, расцярушаныя па ўсім свеце карэліцкія яўрэі пачалі збіраць свае ўспаміны. На іх падставе была выдадзена ў 1970 г. у Ізраілі “Кніга Памяці. Карэлічы”. А ў нацыянальным мемарыяле Яд-Вашэм у Іерусаліме створаны “Зал імёнаў”, каб аднавіць і ўвекавечыць імёны каля 6 млн загінулых яўрэяў са ўсёй акупаванай фашыстамі Еўропы. Ёсць сярод іх таксама імёны яўрэяў-ураджэнцаў Карэліч. Менавіта такія імёны, успаміны выжыўшых прыадчыняюць перад намі заслону часу і дазваляюць убачыць лёсы асобных людзей.

Вось што Хая Негнявіцкі з Карэліч успамінала аб тых часах:

“Наша сям’я складалася з 8 чалавек: бацькоў і 6 дзяцей. Гэта быў мой лёс – выжыць толькі адной з маёй незабыўнай сям’і.

Мае бацькі былі сумленнымі, працавітымі людзьмі, якія зрабілі ўсё магчымае, каб даць сваім дзецям добрую адукацыю. Мы, малодшыя дзеці, знаходзіліся пад уплывам нашай старэйшай сястры Эшкі, якая была вельмі адоранай і разумнай дзяўчынай, і мы заўсёды хацелі браць з яе прыклад. Яна была забітая разам з мужам і двума дзецьмі ў маленькім мястэчку Мір.

Калі немцы адвялі яўрэяў з Карэліч у Навагрудак вясной 1942 г., я была з маёй сям’ёй. У навагрудскім гета, мы ўжо адчулі, што немцы прыводзілі яўрэяў з навакольных гарадоў, каб забіць іх там.

У чэрвені 1942 г., калі «акцыя» (забойства) адбывалася ў навагрудскім гета, я разам з маёй сястрой Рыўкай былі ў горадзе, а астатнія члены сям’і былі ў судовых будынках, і таму мы засталіся жывыя. Рыўцы, мне і некаторым іншым яўрэям загадалі ісці ў баракі, і мы верылі, што яўрэям у бараках было наканавана жыць. Аднак, калі мы дабраліся туды, нашы месцы былі занятыя іншымі яўрэямі. Усё адбывалася хаатычна і немцы забралі нас назад у гета на Пярэсецы. Я зразумела, што гета было пасткай, і што мы павінны ратавацца. Карыстаючыся магчымасцю, калі мы праходзілі паблізу бюро працы, насупраць турмы, я і Рыўка выйшлі незаўважанымі з калоны яўрэяў і пайшлі на гарышча. Я вырашыла схавацца там, таму што я працавала там з малярамі, і я ведала кожны маленькі куток.

Я разумела, што маляры не будуць забітыя, таму што яны былі рамеснікамі, і што яны вернуцца на працу пасля «акцыі». Я даведаюся ад іх больш аб сітуацыі, і ці сапраўды мы зможам пакінуць нашу схованку. Мы доўга ляжалі пад жвірам, бітай цэглай і пяском — на працягу 5 поўных дзён без хлеба і вады. Калі маляры вярнуліся, нам стала вядома пра маштабы трагедыі. Шмат яўрэяў ужо не было сярод жывых.

Девочка из Кореличей: воспоминания выжившей в новогрудском гетто

Добе Негнявіцкі

Мы не маглі ўжо больш хавацца. Мы пакутавалі ад голаду і смагі. Я сказала сваёй сястры, што пайду, каб шукаць месца выратавання, а ў выпадку, калі я не змагу даць ёй знак, што я жывая — гэта азначала, што яна павінна паспрабаваць выратавацца сама, як можа.

Калі я выйшла на вуліцу, некаторыя хрысціянскія дзеці заўважылі мяне, і пазналі, што я яўрэйка. Яны паведамілі паліцаю, які неадкладна арыштаваў мяне і павёў у паліцэйскі ўчастак. Я зразумела, што гэта быў шлях да смерці. Са слязамі на вачах і з мужнасцю я папрасіла паліцая не весці мяне ў паліцэйскі ўчастак і даць мне шанец выратавацца. Мабыць, мае слёзы і маленні падзейнічалі на яго, і замест таго, каб прывесці мяне ў паліцэйскі ўчастак, ён прывёў мяне да яўрэяў, якія засталіся ў жывых пасля «акцыі». Ён нават пагадзіўся прывесці маю сястру Рыўку са сховішча і прывёў яе да мяне. Аднак пазней яна трагічна загінула разам з маімі дарагімі бацькамі і братам Аўрамам.

Я засталася ў жывых, разам з двума малодшымі сёстрамі, Добе і Гіталь, у гета на Пярэсецы, адныя, у голадзе і патрэбе. У нас было адчуванне, што наша жыццё падыходзіць да канца, і што мы павінны былі знайсці шлях да выратавання. У той час многія яўрэі ўжо ўцякалі з навагрудскага гета, каб далучыцца да партызанаў у лясах. Мы ўжо ведалі, што ўцекачы былі з атрадам Бельскіх.

Смерць таілася паўсюль вакол нас. Было неабходна, каб, па крайняй меры, след нашых шматлікіх сем’яў захаваўся. 15 сакавіка 1943 г., калі сонца пачало прыграваць і снег пачаў раставаць, жаданне застацца ў жывых таксама мацнела. Менавіта тады мы вырашылі збегчы з навагрудскага гета паасобку. Наша мэта заключалася ў тым, каб сустрэцца ў пэўнай мясцовасці паблізу Карэліч.

Мы хутка прайшлі праз калючую агароджу, што акружала гета, кожны паасобку. Мы спадзяваліся, што знаёмыя хрысціяне ў Карэлічах дапамогуць нам. На жаль, аднак, Добе і Гіталь былі злоўлены паблізу Карэліч і забітыя. І так я страціла іх назаўжды.

Девочка из Кореличей: воспоминания выжившей в новогрудском гетто

Карэлічы пасля разбурэння

Такім чынам, пасля ўцёкаў з навагрудскага гета я не сустрэлася з маімі сёстрамі ў вызначаным пункце. Я блукала па вёсках, па дарогах і па лясах на працягу двух тыдняў. З апошніх сіл я пракладвала свой шлях у лес, дзе хаваліся яўрэі, што выратаваліся з гета пасля забойстваў. Мы пакідалі схованку ноччу, каб пашукаць штосьці паесці. Мы вымушаны былі жабраваць ад хаты да хаты, і я часта шкадавала, што выжыла. Мы ніколі не начавалі ў тым жа месцы, дзе мы былі на працягу дня.

У кастрычніку 1943 г. наша група яўрэяў аб’ядналіся з атрадам Бельскага ў Налібоцкай пушчы. Мы ўжо не былі адны і былі абаронены. Я выконвала свае абавязкі як партызан: стояла на варце і выконвала іншыя задачы. У той жа час у атрадзе я выйшла замуж за мужчыну, які быў добрым партызанам.

Летам 1944 г., калі мы былі вызваленыя і пакінулі лес, я вярнулася ў наша былое, дарагое маленькае мястэчка Карэлічы. Майму сэрцу было балюча бачыць, як асірацела мястэчка. Там не было больш яўрэяў, дамы былі занятыя мясцовымі хрысціянамі, кожны яўрэйскі дом, здавалася, плакаў і смуткаваў. Таму не было ніякага сэнсу ў маім знаходжанні ў Карэлічах. Дачакаўшыся, калі мой муж вернецца з Чырвонай Арміі пасля вайны, мы абодва ўцяклі з праклятай зямлі, якая была прасякнута яўрэйскай крывёю. Гэта было ў верасні 1945 г. Спатрэбілася яшчэ 4 гады, пакуль мы не здолелі дабрацца ў Амерыку, дзе мы стварылі дом у Атланце, штат Джорджыя”.

Так маладая дзяўчына перажыла страх, боль, смутак па загінулых родных, але знайшла ў сабе сілы шукаць выратавання. Сваё выратаванне называла цудам. Хаця былі такія моманты адчаю, калі шкадавала, што не загінула.

Такім чынам, Халакост выкрасліў з гісторыі Карэліч цэлую эпоху – багатую гісторыю яўрэйскай абшчыны, а нам цяпер даводзіцца па крупінках збіраць такія ўспаміны, лёсы людзей, каб лепш зразумець свой горад і сябе ў прасторы і часе.

Марына ЯРАШУК,
дырэктар Навагрудскага гісторыка-краязнаўчага музея
Фота з фондаў Навагрудскага гісторыка- краязнаўчага музея

←Наблюдатели от СНГ не будут работать на выборах президента Украины – Лебедев

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика