Паспяхова спраўляецца са сваімі абавязкамі калектыў работнікаў райфінаддзела

Источник материала:  
28.01.2019 — Разное
Паспяхова спраўляецца са сваімі абавязкамі калектыў работнікаў райфінаддзела

Калектыў работнікаў райфінаддзела Шаркаўшчынскага райвыканкама: Марыя Маслоўская, Ірына Ласоўская, Валерый Касцюкевіч, Віктар Кажура, Ірына Савіцкая, Іван Клімза, Вольга Афанасьева, Святлана Аксючыц

7 студзеня споўнілася 100 год стварэння Камісарыята фінансаў, які ў лютым 1919 года стаў называцца Народным Камісарыятам фінансаў. Прайшоўны вялікі адрэзак часу, нялёгкі шлях станаўлення і развіцця, фінансавае ведамства і сёння зладжана выконвае свае функцыі і задачы па забеспячэнні бюджэту фінансавымі рэсурсамі і рацыянальным выкарыстанні дзяржаўных сродкаў.

Як вядома, капейка рубель беражэ. Пра гэта добра ведаюць супрацоўнікі фінансавага аддзела Шаркаўшчынскага райвыканкама, якія адказваюць за матэрыяльны дабрабыт бюджэтных арганізацый і ўстаноў нашага раёна.

Пільнасць і ўвага, уменне працаваць з лічбамі і апрацоўваць вялікі аб’ём інфармацыі — усё гэта пад сілу калектыву райфінаддзела, якім чацвёрты год кіруе Ірына Іванаўна Савіцкая. У фінансавай сферы яна з 1990 года. Пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага інстытута народнай гаспадаркі імя В. У. Куйбышава і атрымання спецыяльнасці “фінансы і крэдыт” па мэтавым накіраванні Віцебскага абласнога фінансавага ўпраўлення стала працаваць начальнікам бюджэтнай інспекцыі, затым — намеснікам начальніка Шаркаўшчынскага райфінаддзела.

— Калі вучылася ў Лужкаўскай СШ, больш падабаліся мне гуманітарныя прадметы, — кажа Ірына Іванаўна, — але нядрэнныя адзнакі былі і па дакладных навуках. Памятаю, як пад кіраўніцтвам настаўніка біялогіі Міледзія Антонавіча Андзілеўкі змагла заваяваць медаль ВДНГ СССР за працу на прышкольным участку. Такая высокая ўзнагарода змагла б мне дапамагчы пры паступленні ў сельскагаспадарчую ВНУ. Але ж маці Казіміра Браніславаўна адгаворвала мяне ад таго, каб звязваць свой далейшы лёс з сельскай гаспадаркай. Маўляў, лепш стаць у будучым фінансістам або банкірам. І вось ужо 28 год я працую ў фінансавым аддзеле Шаркаўшчынскага райвыканкама.

Фінансавая работа патрабуе высокай кампетэнцыі, дакладнасці і непрадузятасці, пастаяннага прафесійнага росту, а таксама бездакорнай сумленнасці. Пры гэтым заўсёды трэба быць ў курсе змяненняў заканадаўчай базы. Бо іх неабходна не толькі вывучаць, але і прымяняць на практыцы.

Асноўнымі задачамі работнікаў фінансавага аддзела з’яўляюцца эфектыўнае правядзенне бюджэтна-фінансавай і падатковай палітыкі, складанне праекта кансалідзіраваннага бюджэту раёна, арганізацыя работы па размеркаванні фінансавых рэсурсаў раёна, правядзенне мерапрыемстваў па своечасовым паступленні ў бюджэт рэгіёну, эканомным і мэтавым расходванні сродкаў бюджэту і г. д.

Прафесіяналізм любога фінансіста ацэньваецца з пункту погляду забеспячэння абавязковага выканання бюджэту, выканання заканадаўства пры рэалізацыі праграм сацыяльна-эканамічнага развіцця рэспублікі, вобласці, раёна. Важна ўмець аналізаваць сітуацыю, хутка рэагаваць на змяненні, якія адбываюцца ў эканоміцы. Гэтымі і шматлікімі іншымі задачамі паспяхова займаюцца работнікі нашага аддзела. Маім намеснікам з’яўляецца Віктар Анатольевіч Кажура. Святлана Міхайлаўна Аксючыц працуе загадчыкам сектара планавання і выканання бюджэту. Галоўнымі спецыялістамі гэтага сектара з’яўляюцца Ірына Аляксандраўна Аксючыц і Іван Антонавіч Клімза. Вольга Амфіянаўна Афанасьева і Марыя Казіміраўна Маслоўская — галоўны і вядучы бухгалтары групы бухгалтарскага ўліку і справаздачнасці адпаведна. А Валерый Ільіч Касцюкевіч — праграміст інфармацыйна-вылічальнага цэнтра міністэрства фінансаў рэспублікі.

Мы адзначаем векавы юбілей сістэмы, ад якой залежыць эканамічная стабільнасць рэгіёну. Гэта важная задача, якую мы і рэалізуем у адной камандзе супрацоўнікаў. Яны заўсёды былі і застаюцца для мяне надзейнай апорай. Вялікі дзякуй ім за сумесную працу, сяброўскую атмасферу ў калектыве.

Нельга не ўспомніць таксама і былога галоўнага бухгалтара аддзела Валянціну Іванаўну Шпец, якая амаль трыццаць год адпрацавала ў фінансавай сферы Шаркаўшчынскага раёна. На жаль, яе ўжо няма сярод нас, але памяць пра гэтага светлага чалавека назаўсёды застанецца ў нашых сэрцах.

Хочацца выказаць словы падзякі нашым ветэранам, якія знаходзяцца на заслужаным адпачынку: Віктару Макаравічу Марозаву, Але Іванаўне Лазовік, Валянціне Аляксееўне Лось, Рыце Пятроўне Піланц, Эдуарду Уладзіміравічу Юдыцкаму, Палікарпу Іосіфавічу Сцяпанаву, Мікалаю Анатольевічу Падагелю, Марыі Паісьеўне Кажура. Няхай у іх дамах заўсёды свецяць агеньчыкі цеплыні і дабра, побач крочаць здароўе і дабрабыт. Са святам вас, шаноўныя!

Сяргей РАЙЧОНАК.

Comments are closed.

Яндекс.Метрика