Мастакі агню і металу: 10 чалавек цэха “Наша коўка” вырабляюць сапраўдныя творы мастацтва
“Такога не было, каб мы нечага не выканалі, якімі б складанымі не былі заказы”, - упэўніў майстар Яўген РУСЕЦКІ.
Дык хто ж стварыў усё гэта? Дзе жывуць майстры, якія могуць з металу вырабляць не простыя рэчы, а сапраўдныя творы мастацтва? Шчыра прызнаюся, думаў, што ўсё гэта прывезена аднекуль здалёк у наш горад. Аказалася – не, вытворчасць металічных каваных вырабаў арганізавана непадалёку ад Смаргоні, на базе фермерскай гаспадаркі “Белаграсэрвіс”, якую ўзначальвае мясцовы жыхар Валянцін Тоўкач. Аб гэтым мне стала вядома ад старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў Вікенція Найдзіча, бо ў фермерскай гаспадарцы створана прафсаюзная арганізацыя.
Майстар Яўген Русецкі расказаў, што спачатку была задумка арганізаваць тут коўку, як хобі. На вочы работнікам “Белаграсэрвіса” аднойчы трапіла кампазіцыя з металу, яны падумалі:
“А чаму б нам не паспрабаваць вырабіць нешта падобнае?”.
І пачалі пакрысе асвойваць кавальскую справу. Калі ўбачылі, што атрымліваецца, вырашана было пабудаваць цэх, закупіць неабходнае абсталяванне для аблягчэння цяжкай кавальскай працы. Спачатку ў цэху працавалі толькі мастак Аляксандр Дзенісенка і два кавалі. Потым пакрысе пачалі набіраць работнікаў.
Цяпер працоўны калектыў цэха “Наша коўка” складаецца з 10 чалавек. З іх 8 рабочых працуюць з металам, двое – з нержавейкай, адзін мужчына фарбуе гатовыя вырабы. З цягам часу цэх набыў вядомасць не толькі ў раёне, з’явілася больш заказаў.
Юрый ЯНУШКЕВІЧ.
Фота аўтара і Сяргея ЮРЭВІЧА.