У станаўленне і развіццё сацыяльнай службы раёна значны асабісты ўклад унеслі Станіслаў Альфонсавіч і Зоя Сяргееўна Верушэўскія
За шматгадовую добрасумленную працу і значны асабісты ўклад у станаўленне і развіццё сацыяльнай службы раёна Падзякамі старшыні Шаркаўшчынскага раённага выканаўчага камітэта ўзнагароджаны Станіслаў Альфонсавіч і Зоя Сяргееўна Верушэўскія. Узнагароды былым кіраўнікам, а зараз – ветэранам працы са словамі шчырай удзячнасці ўручылі намеснік старшыні райвыканкама Юрый Анатольевіч Васілеўскі і начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Валянціна Вільгельмаўна Клімза.
Уся працоўная біяграфія Зоі Сяргееўны Верушэўскай звязана з нашым Шаркаўшчынскім раёнам, хоць нарадзілася яна ў Докшыцкім. Закончыла школу, потым тэхнікум з адзнакай, паступіла ў Маскоўскі кааператыўны інстытут на спецыяльнасць “эканоміка і арганізацыя гандлю”.
У 1971 годзе, будучы зусім маладой дзяўчынай, яна прыехала на працу ў наш раён і адразу была прызначана на пасаду старшыні Лужкаўскага сельскага спажывецкага таварыства , пасля рэарганізацыі якога працавала дырэктарам прамтаварнага аб’яднання, затым – юрыстам, старшынёй гарадскога спажывецкага таварыства. Значную частку свайго жыцця Зоя Сяргееўна адпрацавала ў сістэме спажывецкай кааперацыі раёна, а ў 1998 годзе была пераведзена на кіраўніцкую пасаду ў іншую сферу, узначаліла Шаркаўшчынскі раённы аддзел сацыяльнага забеспячэння. Пазней ён быў перайменаваны ва Упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. На працягу 10 гадоў, да самага выхаду на заслужаны адпачынак Зоя Сяргееўна ўзначальвала работу калектыву упраўлення, пра які сёння ўспамінае з цеплынёй і ўдзячнасцю ў адрас людзей, з якімі давялося працаваць.
-Шчыра віншую ўсіх сваіх калег з адметным, 100-гадовым юбілеем сацыяльнай службы краіны. Работа ва Упраўленні надзвычай складаная ў цяперашні час, няпростай яна была і ў мінулыя гады. Але ж калектыў наш заўсёды быў моцным, зладжаным, паміж калегамі існавалі добразычлівыя адносіны, кожны адказна ставіўся да выканання сваіх службовых абавязкаў. Мы маглі разлічваць адзін на аднаго. Прыемна, што і сёння калектыў упраўлення захоўвае і працягвае добрыя традыцыі сваіх папярэднікаў.
Станіслаў Альфонсавіч Верушэўскі нарадзіўся ў вёсцы Дуліна. Яго працоўная дзейнасць пачалася ў 1967 годзе, калі пачаў працаваць машыністам экскаватара будаўніча-мантажнага упраўлення рыбнай гаспадаркі БССР горада Мінска. Пасля таго, як арганізацыя была расфарміравана, вярнуўся на радзіму. Спачатку працаваў у сяльгастэхніцы, затым на працягу трох гадоў – брыгадзірам у саўгасе Маркава, з 1978 года быў намеснікам старшыні калгаса “Усход” ,а ў 1981 годзе ўзначаліў калгас “Свабода”.Пры гэтым за сямнаццаць з паловай год пад кіраўніцтвам Станіслава Верушэўскага “Свабода” пераўтварылася ў эканамічна моцную гаспадарку са стабільным і надзейным калектывам працаўнікоў і спецыялістаў. Вяскоўцы, якія працавалі ў гэтым калгасе, сталі атрымліваць добрую заработную плату, а сама гаспадарка мацнела і развівалася, была адой з самых перадавых у нашым раёне.
У 1998 годзе ініцыятыўны кіраўнік узначаліў дзяржаўную установу сацыяльнага абслугоўвання “Александроўскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў”. На гэтай пасадзе адпрацаваў звыш 17 год.
За гады сваёй працы ў доме –інтэрнаце шмат зрабіў Станіслаў Альфонсавіч для паляпшэння ўмоў пражывання людзей і ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы. У доме інтэрнаце ўзводзіліся новыя аб’екты, вялікая ўвага заўсёды надавалася добраўпарадкаванню тэрыторыі. Значная ўвага ўдзялялася і падсобнай гаспадарцы, дзякуючы якой пражываючыя дома –інтэрната былі на 100 працэнтаў забяспечаны малаком і гароднінай, на 60 працэнтаў – мясам. За перыяд работы Станіслава Альфонсавіча ў доме-інтэрнаце павялічылася пагалоўе жывёлы, было асвоена развядзенне авечак. Для сельскагаспадарчых работ былі набыты трактар МТЗ-82 і камбайн Дон-500. За гады сваёй прафесійнай дзейнасці Станіслаў Альфонсавіч атрымаў шэраг узнагарод. У іх ліку ганаровае званне “Чалавек года Віцебшчыны – 2011”, медаль “За працоўныя заслугі” і вельмі шмат іншых.
У наступным годзе Станіслаў Альфонсавіч і Зоя Сяргееўна Верушэўскія адзначаць 45-гадовы юбілей сумеснага жыцця. У гэтай сямейнай пары ўжо трое ўнукаў. Дачка Надзея ўзначальвае Сацыяльна-педагагічны цэнтр Шаркаўшчынскага раёна , сын Дзмітрый — маёр міліцыі, працуе ў Шаркаўшчынскім РАУС.
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.