"Миорская лыжня-2019"! Кто же в победителях?
“Мороз и солнце, день чудесный!” Вершаваны радок найлепш адлюстроўвае надвор’е і атмасферу 19 студзеня на гарадскім стадыёне ў Міёрах. Хваляванне ўдзельнікаў і воклічы балельшчыкаў, марознае паветра і гарачае дыханне, святло ўсмешак і бляск медалёў. Дзве гадзіны на пляцоўках ішлі спаборніцтвы, кожнае з якіх збірала нямала гледачоў.
БЛІЖЭЙ да адзінаццаці гадзін на стадыёне збіраюцца ўдзельнікі “Міёрскай лыжні-2019” і іх групы падтрымкі. Хтосьці ўжо стаіць на лыжах, гатовы паехаць за перамогай, іншыя вывучаюць дыстанцыю, размінаюцца. Сонечна і марозна, снег блішчыць, злёгку паколвае ветрык. Здаецца, не прыдумаеш лепшага надвор’я для лыжных гонак, перацягвання каната, міні-футболу на снезе і іншых пазначаных у праграме спаборніцтваў. Хіба толькі фігуры з рассыпістага снегу не вылепіш. Таму іх проста малявалі каляровымі фарбамі на белым зімовым палатне.
Распачаў спартыўнае свята старшыня райвыканкама Ігар Кузняцоў. Пажадаў усім добрага настрою і пазітыўных эмоцый, а ўдзельнікам — берагчы сябе і сваіх сапернікаў. Пасля ўрачыстага адкрыцця разышліся па пляцоўках.
НА лыжню першымі заступілі самыя юныя ўдзельнікі — вучні трэціх і чацвёртых класаў. Ім трэба пераадолець сто метраў. Хто хутчэй фінішуе, за тым і перамога. Суддзя ўзмахвае чырвоным сцяжком — гонка пачынаецца. На кароткай дыстанцыі шмат эмоцый і нечаканых сітуацый. Хтосьці пасля некалькіх метраў падае і губляе каштоўныя секунды, у каго выслізгвае з рукі кій. Першымі сярод трэцякласнікаў прыехалі Яна Пушакова з СШ №2 і вучань СШ №3 імя Я.Томкі Раман Шокель.
— Было нескладана, — дзеліцца ўражаннямі Рома. — На лыжах катацца люблю. Выязджаем на прагулку з татам і мамай. Яны сёння прыйшлі мяне падтрымаць.
У лідарах сярод чацвёртакласнікаў Ульяна Церыліс з Туркоўскай школы і Арцём Язёнак з Узмёнскай.
Ва ўзроставай катэгорыі 14-17 год першымі фінішавалі вучаніца Узмёнскай школы Ангеліна Гусак і Уладзімір Томка з Чапукоўскай я\с-СШ.
ДЛЯ дарослых удзельнікаў дыстанцыя павялічваецца, а разам з ёй расце жаданне быць першым, павышаецца градус эмоцый балельшчыкаў.
— Уражанні самыя лепшыя. Надвор’е цудоўнае. І да фінішу першай прыехала, — пераводзячы дыханне, гаворыць малады спецыяліст ААТ “Мікалаёўскі” Анастасія Жук.—Калі з’яўляецца вольны час, катаюся на лыжах у вёсцы.
Анастасія перамагла ва ўзроставай катэгорыі 18-29 год. Сярод маладых людзей тут у лідарах Вадзім Маляўка.
Наступныя на лыжні — удзельнікі ва ўзросце 30-45 год. Старт дадзены, кожны імкнецца наперад. Балельшчыкі пільна ўглядаюцца ўслед лыжнікам. На фінішы дзяжураць суддзі. Першай з жанчын прыязджае супрацоўніца Міёрскай ЦРБ Святлана Войтава. Сярод мужчын лідзіруе работнік СУП “Цітова” Яўген Шаблоўскі. За некалькі метраў да фінішу падае ў снег прадстаўнік каманды Язненскай школы Сяргей Шчарбіцкі.
— Крыху крыўдна. Мог бы другім прыйсці, але і трэцяе месца таксама нядрэнна, — гаворыць ён. — Удзельнічаю першы раз. Ехаў і за ўражаннямі, і за перамогай.
Сярод удзельнікаў ад 46 год і старэй лідзіравалі педагогі СШ №3 імя Я.Томкі Таццяна Красоўская і Сяргей Сцепулёнак з Узмёнскай школы.
— Вашы выхаванцы шмат прызавых месцаў узялі і ў Вас першае? У чым сакрэт поспеху? — цікаўлюся ў настаўніка з Узмён.
— Усё проста: трэба трэніравацца, — усміхаецца Сяргей Аляксандравіч.
Пасля масавых забегаў пачалася лыжная эстафета сярод калектываў. У ёй першае месца за камандай Міёрскага аддзялення Дэпартамента аховы, на другім — аддзел па адукацыі, трэцяя пазіцыя ў аддзела па надзвычайных сітуацыях.
НА ПЛЯЦОЎКАХ стадыёна ішлі іншыя спаборніцтвы. Падымаць гіры вызваліся дзевяць удзельнікаў. Самым моцным аказаўся Пётр Мядзелец з аддзела па надзвычайных сітуацыях, на другім месцы прадстаўнік аддзела па адукацыі Павел Лявонаў, трэці — работнік УП ЖКГ Леанід Мілашэвіч. Меншай была канкурэнцыя ў армрэстлінгу — пяць удзельнікаў. У тройцы лідараў Аляксандр Пятровіч (РАНС), Вячаслаў Кавалеўскі (мясакамбінат), Павел Батарчук (аддзяленне аховы). У перацягванні каната адолела сапернікаў каманда аддзела па надзвычайных сітуацыях. Да другога месца дацягнулі ўдзельнікі з Міёрскай ЦРБ, на трэцім — мясакамбінат.
Пакуль дарослыя мераліся сілай, школьнікі ганялі шайбу і мяч. У спаборніцтвах па хакеі сярод дзяцей 2004-2005 гадоў нараджэння тройка лідараў размеркавалася так: 1 месца — каманда Дзісенскай СШ, 2-е — СШ №3 імя Я. Томкі, 3-е — СШ №2. Ва ўзроставай групе 2006-2007 г.н. пазіцыі наступныя: 1-е месца — СШ №3 імя Я. Томкі, 2-е — Дзісенская СШ, 3-е — СШ №2. У футбол на снезе гулялі тры каманды выхаванцаў ДЮСШ. У лідарах — “Адзідас”, на другім месцы — “Найк”, трэцяе ў “Каппа”.
***
Удзельнікі спаборніцтваў наўрад ці адчувалі холад, а вось гледачы і балельшчыкі часам скардзіліся, што замерзлі. Дарэчы, пагрэцца можна было гарачымі чаем і кашай у палатцы непадалёку. Між тым да канца спаборніцтваў мала хто пакінуў стадыён.
Фота аўтара.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.