Былыя работнікі Шаркаўшчынскага райфінаддзела дзеляцца ўспамінамі пра сваю працу
У пачатку студзеня ў будынку райвыканкама, а менавіта ў фінансавым аддзеле, мы сустрэлі былых яго работнікаў — Эдуарда Уладзіміравіча Юдыцкага, Рыту Пятроўну Піланц і Валянціну Аляксееўну Лось. Ветэраны працы напярэдадні прафесійнага свята — Дня банкаўскіх і фінансавых работнікаў — вырашылі наведаць сваіх калег, пацікавіцца сённяшнімі клопатамі шаркаўшчынскіх фінансістаў. Нагодай для нашай сумеснай гутаркі стала стагоддзе з моманту стварэння фінансавых органаў краіны.
Эдуард Уладзіміравіч Юдыцкі пачаў працу ў райфінаддзеле з пачатку аднаўлення Шаркаўшчынскага раёна ў верасні 1966 года.
— Пачынаць любую справу, канечне, цяжка, — кажа нам Эдуард Уладзіміравіч, — тым больш, вельмі адказную, звязаную з фінансамі. Але дзейная дапамога начальніка аддзела Эдуарда Пятровіча Гічыка і яго намесніка Ніны Іванаўны Станкевіч заўсёды была карыснай нам, маладым спецыялістам. Пачынаў я працу на пасадзе старшага эканаміста дзярждаходаў, з’яўляўся старшым рэвізорам-інспектарам, падатковым рэвізорам-інспектарам. У абавязкі ўваходзіла праверка правільнасці ўтрымання падаходнага падатку, праверка гандлёвых аб’ектаў па выкананні патрабаванняў асартыментнага пераліку рэалізуемых тавараў. За кожным інспектарам былі замацаваны вызначаныя арганізацыі, сельскія Саветы.
Добра памятаю, як з пачатку аднаўлення раёна разам з інспектарам Палікарпам Сцяпанавым прыводзілі ў належны стан бухгалтарскія дакументы Лужкаўскага сельвыканкама пасля рэарганізацыі Міёрскага раёна. Бухгалтарская дакументацыя была проста ў нездавальняючым стане, работы тады нам хапіла ажно на паўгода. Частымі былі камандзіроўкі па раёне. Транспарт адсутнічаў, таму мы пешшу ці на спадарожных грузавых аўтамабілях дабіраліся да вёсак, дзе былі сельвыканкамы. У той час наша кіраўніцтва не цікавілася, як ты будзеш харчавацца, дзе спаць. Галоўнае, каб у тэрмін і якасна выканаць работу, правесці рэвізію і здаць справаздачу.
— А я працу ў фінансавых органах пачала ў райфінаддзеле Бешанковіцкага райвыканкама, — далучылася да размовы Рыма Пятроўна Піланц. — Калі закончыла Мінскі фінансава-эканамічны тэхнікум у 1963 годзе, Шаркаўшчынскага раёна не існавала, таму па размеркаванні мяне накіравалі ў Бешанковічы. На малую радзіму трапіла ў верасні 1971 года. У парадку пераводу прынялі ў шаркаўшчынскі райфінаддзел, стала працаваць старшым эканамістам дзярждаходаў, галоўным падатковым рэвізорам-інспектарам падатковай інспекцыі.
Другой радзімай для Валянціны Аляксееўны Лось стала Шаркаўшчына. Нарадзілася яна ў Светлагорску, а пасля атрымання профільнай сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў Мінскім фінансава-эканамічным тэхнікуме трапіла ў наш гарадскі пасёлак. З 1975 Валянціна Аляксееўна адпрацавала на розных пасадах у райфінаддзеле, а ў 1990 годзе яе прызначылі на пасаду загадчыка Шаркаўшчынскага раённага фінансавага аддзела.
— Складана было працаваць ва ўсе часы, — успамінае Валянціна Аляксееўна, — але асабліва ў 1970-80-я гады. У той перыяд не было шматфункцыянальных тэхнічных сродкаў, якімі спецыялісты карыстаюцца цяпер. Справаздачы мы складалі на паперы ўручную, чарцілі вялізныя табліцы. На працу выходзілі ў святочныя і выхадныя дні, каб своечасова і якасна выканаць работу. Райфінаддзел я ўзначальвала чвэрць стагоддзя, да выхаду на заслужаны адпачынак у 2015 годзе.
— Магчыма, паўсядзённая праца фінансавых работнікаў не настолькі бачная, як у тых жа педагогаў, урачоў, будаўнікоў, спецыялістаў сельгасвытворчасці, — выказалі такую думку мае суразмоўцы, — аднак не менш важная і патрэбная грамадству. Бо ад эфектыўнасці нашай дзейнасці ў рашэнні фінансавых задач залежала стабільнае развіццё Шаркаўшчынскага раёна.
Сяргей РАЙЧОНАК.