Актуальное интервью с начальником отдела идеологической работы, культуры и по делам молодёжи Ушачского райисполкома В.П.Котовым
Падчас “прамой лініі”, якую праводзіў у рэдакцыі начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віктар Пятровіч КОТАЎ, паступіла некалькі тэлефанаванняў – і ўсе яны былі пазітыўнага кшталту: селішчанцы дзякавалі мясцовым культработнікам за ўдалыя навагоднія мерапрыемствы, жыхары Глыбачкі адзначалі плённае ўзаемадзеянне сельскага Дома культуры і мясцовай школы, што дапамагае рабіць жыццё ў аграгарадку больш цікавым. Мы ж скарысталіся нагодай, каб абмеркаваць з Віктарам Пятровічам стан спраў па напрамках дзейнасці аддзела, пагаварыць пра здабыткі і планы.
– Пастаянныя чытачы газеты напэўна заўважылі, што апошнім часам у раёне вельмі актыўна практыкуецца выязная форма зносін прадстаўнікоў улады і мясцовага насельніцтва.
– Абсалютна ўпэўнены, што правядзенне сустрэч з работнікамі працоўных калектываў, жыхарамі сельскіх населеных пунктаў – самая дзейсная і эфектыўная форма работы з людзьмі. Падчас такіх зносін бачыш своеасаблівы зрэз актуальных для раёна пытанняў, з’яўляецца магчымасць рашыць некаторыя з іх на месцы, зменшыць колькасць зваротаў у розныя інстанцыі, зняць напружанне з-за праблемных момантаў – а гэта важны аспект ідэалагічнай работы.
Разам са старшынёй райвыканкама У.Г.Аўдошкам, старшынёй райсавета Н.М.Марковіч, прадстаўнікамі дэпутацкага корпусу і зацікаўленых службаў за апошні час пабывалі ў многіх кропках сельсаветаў. Магу сказаць, што найбольш турбуюць жыхароў пытанні саманарыхтоўкі дроў і несвоечасовай выплаты зарплаты ў асобных гаспадарках раёна, працаўладкавання і распаўсюджання баршчэўніку, водазабеспячэння і асвятлення, якасці дарог і руху рэйсавых аўтобусаў. Сустрэчы з вяскоўцамі праходзяць па-рознаму: у некаторых населеных пунктах прагледжваецца пазіцыя “вы павінны зрабіць для нас тое і тое, а як – гэта ваша справа”, а ёсць вёскі, дзе пануе дух калектывізму, жаданне рашыць праблему грамадой, – менавіта такое ўражанне пакінулі зносіны з жыхарамі Дубраўкі, Загаваліна. Вядома ж, падобныя сустрэчы з насельніцтвам будзем ладзіць і надалей.
– Вы ўзначалілі аддзел не так даўно. Паспелі скласці ўяўленне пра сферу культуры раёна, вызначыць напрамкі яе ўдасканалення?
– Магу канстатаваць, што часу хапіла, каб пабываць абсалютна ва ўсіх культустановах раёна. А ў многіх – без папярэджання, каб убачыць рэальную карціну дзейнасці. На жаль, не абышлося без фактаў работы “на паперы”, з якімі будзем разбірацца. Але ёсць і станоўчыя прыклады. Так, на новы ўзровень пасля пераезду ў былы школьны будынак выйшла дзейнасць Кубліцкага сельскага Дома культуры, мясцовай бібліятэкі, якія сталі яшчэ больш прыцягальнымі для жыхароў. Калі наведаліся ў аграгарадок адным з вечароў, было прыемна ўбачыць мясцовую моладзь на дыскатэцы. Ахвотна адпачывалі пад гукі сучаснай музыкі юнакі і дзяўчаты і ў Вялікіх Дольцах, дзе работа з гэтым кантынгентам наладжана добра, аднак тутэйшым спецыялістам варта падумаць, чым зацікавіць больш сталых людзей. Былі з гэтым праблемы і ў Вяркудах, аднак нядаўна тут з’явілася аматарскае клубнае фарміраванне: вяскоўцы на чале са сваёй актывісткай Ірынай Красновай ахвотна прыходзяць у Дом культуры, спяваюць, танцуюць. Трымаюць свой узровень культустановы Дубраўкі, Сарочына, Арэхаўна. А плённая дзейнасць загадчыцы Селішчанскага клуба Ганны Канстанцінаўны Мялешкі нядаўна была адзначана Падзякай старшыні райвыканкама. У гэтага спецыяліста калегі могуць павучыцца не толькі арганізацыі мерапрыемстваў, а і ўзорнаму вядзенню дакументацыі – на базе клуба нядаўна ладзіўся прысвечаны гэтай тэме раённы семінар.
У прайшоўшым годзе надавалася ўвага прывядзенню ў належны стан будынкаў культустаноў. Практычна выкананы работы па касметычным рамонце Дамоў культуры ў Вялікіх Дольцах, Глыбачанах, Арэхаўне, Вяркудах. Спадзяёмся, што да юбілею вызвалення Беларусі ўдасца завяршыць рамонт у музеі імя У.Е.Лабанка – на гэта бюджэтам вылучана 300 тысяч рублёў. Ну і, канечне, з вялікімі спадзяваннямі мы чакаем заканчэння будаўніцтва новага памяшкання школы мастацтваў: няма сумненняў, што гэта дазволіць перавесці дзейнасць установы на іншы ўзровень.
– Не сакрэт, што наш раён – адзін з самых узроставых у вобласці. Як утрымаць моладзь на Ушаччыне?
– Толькі комплексная работа ў гэтым напрамку можа даць эфект. І сярод важных фактараў замацавання – не толькі наяўнасць жылля, дастойныя ўмовы работы і адпачынку, а і добрыя адносіны ў калектыве. Мы персанальна аб’ехалі ўсіх маладых спецыялістаў, якія папоўнілі летась арганізацыі раёна. Трэба сказаць, што самае станоўчае ўражанне пакінулі навічкі сістэмы адукацыі (нядзіўна, што па замацаванні маладых кадраў гэта сфера ў лідарах), ды і ўвогуле практычна ўсе прыбыўшыя спецыялісты адзначылі, што да іх ставяцца з увагай, дапамагаюць вырашаць узнікшыя пытанні. Прынамсі, агучыць іх маладыя спецыялісты змогуць падчас гутарак з намеснікамі старшыні райвыканкама, якія курыруюць іх сферы – такія сустрэчы будуць праводзіцца па графіку. Мяркуем сёлета ўкараніць і яшчэ адну новую форму работы: гэта будуць выязныя мерапрыемствы, падчас якіх маладыя спецыялісты – а больш паловы з іх не з’яўляюцца ўраджэнцамі раёна – пазнаёмяцца з адметнымі вытворчымі, культурнымі і прыроднымі аб’ектамі Ушаччыны. Напрыклад, на першую такую сустрэчу маладыя работнікі сацыяльнай сферы збяруцца ў Арэхаўскай школе. Па сабе памятаю, што калі дзевяць год таму размеркаваўся на Ушаччыну, мне не хапіла такой вось магчымасці ўбачыць яе славутыя месцы, скласці ўяўленне пра новы для мяне рэгіён. Да таго ж гэта дапаможа моладзі пазнаёміцца, згуртавацца. Гэтую ж мэту ставім, калі арганізоўваем для юнакоў і дзяўчат шматлікія іншыя мерапрыемствы.
– 2019 год пройдзе пад знакам многіх юбілейных дат. Ушачане будуць святкаваць 75-годдзе прарыву, вызвалення раёна і Беларусі. Трэба дастойна адзначыць гэтыя і іншыя святы.
– Безумоўна, таму папярэднічаць ім будзе вялікая работа. І найперш неабходна прывесці ў парадак месцы воінскіх пахаванняў. Мы ўжо аб’ехалі гэтыя аб’екты, ацанілі іх стан, склалі спіс работ, неабходных для іх абнаўлення. Некаторыя з абеліскаў будуць капітальна адрамантаваны. У газеце ўжо паведамлялася пра рэканструкцыю помніка загінуўшым воінам у Кублічах, маецца папярэдняя дамоўленасць з прадстаўніком Саюза беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчын наконт рамонту за кошт спонсарскай дапамогі абеліска, узведзенага на месцы масавага расстрэлу яўрэяў у гарпасёлку, плануецца таксама адрамантаваць помнік у вёсцы Белае – крыніца фінансавання ўдакладняецца. Захоўваць памяць пра подзвіг продкаў – наш свяшчэнны абавязак, і ўшачане гэта разумеюць, як ніхто.
– Дзякуй за змястоўную размову і поспеху ва ўсіх пачынаннях!
Гутарыла Наталля БАГДАНОВІЧ.