Сабачае жыццё “дома з дабрабытам”: прэм’ера Свабоднага тэатра

Падчас пастаноўкі.
У невялічкім паўпадпольным памяшканні “Свабоднага тэатра” на ўскрайку Мінска з аншлагам адбыліся дэбютныя паказы новай п’есы “Дабрабыт”. Камедыя з налётам сур’ёзнасці распавядае простую гісторыю звычайнага дома і адносін суседзяў, а таксама гісторыю “33 няшчасцяў” звычайнага чалавека.
Аўтарка твора — драматург Марыя Бялковіч. Яна прызнаецца, што ідэя напісаць пра нешта простае жыла ў галаве некалькі гадоў. Пакуль, нарэшце, не нарадзілася гэтая п’еса, якую паставілі ўсяго за пару месяцаў. Рэальным прататыпам стаў звычайны дамавы чат у Viber, а большасць герояў ды гісторый — сапраўднныя. Хоць імёнаў і няма.
І глядач верыць у гэтую гісторыю. Такія звычайныя і зразумелыя гісторыі для кожнага, хто жыве ў вялікім горадзе — “гулянкі” і п’яныя песні да раніцы, скрыпучы стул, вечны рамонт недзе за сценкай, сусед, які паліць так часта, што пах тытуню адчуваюць усе суседзі, сабака, які няспынна брэша. І паспрабуйце сказаць, што не сутыкаліся хоць з нечым з гэтага спісу.