Дети из Слободы получили подарки от ОАО "Инвет"
Дзеці ведаюць, што ў Новы год прыйдзе з цукеркамі Дзед Мароз. А на Стары Новы год наўрад ці чакаюць цудаў. А яны здараюцца. Панядзелак 14 студзеня для выхаванцаў Слабадской яслі-сад–пачатковай школы быў не зусім звычайным вучэбным днём. Чакалі паважаных гасцей і салодкія ласункі.
З добрым візітам у навучальную ўстанову завіталі дэпутат Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў па Бігосаўскай выбарчай акрузе №4, генеральны дырэктар ААТ “Інвет” Сяргей ГРАМАДКА і старшыня Міёрскага раённага Савета дэпутатаў Марыя БАНІФАТАВА.
У Слабадской ЯС-ПШ дзевяць вучняў і васямнаццаць выхаванцаў дзіцячага садка. Сустракалі гасцей школьнікі і педагогі. Маленькіх падчас абедзеннага сну не трывожылі. Свае падарункі яны атрымалі пасля адпачынку.
Дзяцей і настаўнікаў Сяргей Грамадка павіншаваў з навагоднімі святамі, пажадаў добрага здароўя і поспехаў у справах. Уручыў вучням важкія падарункі. Так у слабадскіх школьнікаў Стары Новы год атрымаўся сапраўдным — са святочным настроем і цукеркамі.
Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.