Люстрадзён на сёньня
У гэты дзень 19 студзеня 1944 г. недалёка ад Беластоку быў па-зверску забіты польскім падполлем публіцыст, пэдагог, палітычны дзеяч Мікола ЧАРНЕЦКІ.
Мікола Антонавіч Чарнецкі нарадзіўся 22 траўня 1899 г. у вёсцы Малыя Азяранкі Ваўкавыскага павета.
Паходзіў з сялянскай сям’і. У 1918 г. скончыў Свіслацкую настаўніцкую сэмінарыю. Да 1921 г. знаходзіўся ў бежанстве ў Расеі, дзе загінула ўся яго сям’я.
З 1923 г. навучаўся ў Празе, скончыў Праскі ўнівэрсытэт са ступенню доктара філязофіі ў 1929 г. Сябра Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, у 1923—1929 гг. уваходзіў у Замежнае бюро БПСР у Празе. Уваходзіў у Аб’яднанне беларускіх студэнцкіх арганізацыяў.
У 1929 г. вярнуўся ў Заходнюю Беларусь, працаваў настаўнікам беларускіх гімназіяў у Радашковічах і Клецку.
У 1939 г. прызначаны савецкай уладаю дырэктарам школы ў в. Крынкі. У 1940 г. кіраўнік асветы Крынкаўскага раёну. Арыштаваны НКВД БССР, уцёк з-пад арышту.
Падчас нямецкай акупацыі працаваў у Беларускім нацыянальным камітэце ў Беластоку. Удзельнік беларускага нацыянальнага падполля.