Канфлікт на Гурскага, 42. "Суперкот" падае ў суд на Вольгу Барабаншчыкаву

mycollages.ru
У Мінску ў прытулку для бяздомных жывёл на вуліцы Гурскага, 42 адбыўся канфлікт паміж зоаабаронцай Святланай Харэвіч і супрацоўніцамі прытулку "Суперкот". Удзельніцы бойкі абвінавачваюць адна адну ў нанясенні пабояў, а на Вольгу Барабаншчыкаву, якая падтрымала абаронцаў жывёл, "Суперкот" вырашыў і ўвогуле падаць у суд. Еўрарадыё разбіраецца, хто "вывозіць сабак на доследы і фарш", хто каго "біў галавой аб вальер" на Гурскага і чым завершыцца зоаабарончае супрацьстаянне.
Вечарам 8 студзеня былая тэнісістка, спявачка і ўладальніца моднага брэнда Вольга Барабаншчыкава паведаміла ў Instagram, што прадстаўнікі прытулку "Суперкот" Кацярына Кузняцова і Анжаліка Кірута збілі ў прытулку для жывёл на Гурскага, 42 старшыню зоаабарончай арганізацыі "Парытэт" Святлану Харэвіч. "Тая спрабавала спыніць машыну з вывазам жывёл на доследы", — піша Вольга Барабаншчыкава. У яе ў stories апублікаваныя відэа, дзе нехта сапраўды выводзіць сабак па калідоры, а Святлана крычыць: "Выклічце міліцыю!".