Праект «Маўклівыя сведкі сівой даўніны» — царква іконы “Усіх смуткуючых Радасць”

Источник материала:  
09.01.2019 — Разное
Праект «Маўклівыя сведкі сівой даўніны» — царква іконы “Усіх смуткуючых Радасць”

Царква іконы “Усіх смуткуючых Радасць”

Чалавек шчаслівы ўсюды, калі ён шчаслівы дома, — так сказаў вядомы рускі пісьменнік Леў Мікалаевіч Талстой. І сапраўды, куды б ні закінуў цябе лёс, якія б краіны ні давялося пабачыць, а заўсёды хочацца вярнуцца на сваю малую радзіму, сустрэцца з роднымі, сябрамі і знаёмымі, проста адпачыць. Навукова даказана, што адпачынак на радзіме больш карысны для здароўя. Напэўна, гэта таму, што ў родных мясцінах усё звыкла: і клімат, і традыцыі, і культура. А якая цікавая і багатая гісторыя нашага краю, месца, дзе жывём! Інтарэс да гісторыі выкліканы духоўнай патрэбнасцю ведаць як мага больш пра сваю спадчыну, вывучаць яе і захоўваць. Адзін з важнейшых атрыбутаў духоўнай спадчыны народа — яго вера, а гістарычныя помнікі, якія ўвасабляюць яе — рэлігійныя храмы.

У імя іконы Божай Маці “Усіх смуткуючых Радасць”

З гістарычных фактаў вынікае — мястэчка Шаркаўшчына займела гарадское права ў 1767 годзе. У 1776-м Мсціслаўскі стараста Ян Нікадзім Лапацінскі пабудаваў у Новай Шаркаўшчыне драўляны храм у імя святой Ганны, запісаў яго на 8000 злотых. Там, у царкве, і займелі супакой астанкі заснавальніка. У прыходзе налічвалася 1099 веруючых. З 1839 года царква стала праваслаўнай.

 

Цяперашняя царква — іконы “Усіх смуткуючых Радасць” — узведзена па архіўных звестках (Мінскі архіў) у 1781 годзе, а па дадзеных Віленскага архіва — у 1897 годзе на месцы царквы Лапацінскага. Пабудавана была з цэглы (замест драўлянай). Першапачатковы выгляд храма вядомы па фотаздымку Я. Балзункевіча 1910-1914 гадоў. У архітэктурна-дэкаратыўным афармленні помніка выкарыстаны матывы старажытнарускага дойлідства: кілепадобныя броўкі над арачнымі аконнымі праёмамі, аркатура і г.д. Уваход вылучаны арачным парталам. У інтэр’еры пад драўлянай столлю захаваўся ляпны карніз.

Згодна з паданнем вобраз іконы “Усіх смуткуючых Радасць” быў упершыню праслаўлены ў 1688 годзе ў Маскве ў храме на Вялікай Ардынцы, дзе, як лічыцца, захоўваецца да гэтай пары.

У 1917 годзе прыходам царквы іконы “Усіх смуткуючах Радасць” у Шаркаўшчыне кіраваў айцец Васіль Арлоў. Пасля яго да 1948 года тут служыў протаіерэй Міхаіл Занковіч. У Вялікую Айчынную вайну падчас адыходу нямецка-фашысцкіх захопнікаў пры авіябамбардзіроўцы царква была напалову зруйнавана, разбурана званіца і сярэдні купал. У перыяд барацьбы савецкай улады з рэлігіяй у храме размяшчаўся раённы Дом культуры. У 1970-х — 1980-х гадах у будынку царквы нават дзейнічала камісійная крама. Уваходзілі ў краму з галоўнага ўваходу ад дарогі. Тавар, у асноўным абутак, ляжаў проста на падлозе сярод залы ўвесь запылены і брудны.

Праект «Маўклівыя сведкі сівой даўніны» — царква іконы “Усіх смуткуючых Радасць”

Вяртанне з забыцця

У 1990 годзе будынак царквы аддалі вернікам, тут пачаўся вялікі рамонт. Аднаўленнем храма займаўся айцец Яўстафій Латышонак з Новага Пагоста. Ён жа і служыў тут непрацяглы час пасля адкрыцця царквы. Пасля праведзенага рамонта храм асвячалі благачынны Глыбоцкай акругі протаіерэй Серафім Галагушка разам з мноствам свяшчэннаслужыцеляў. З 10 верасня 1991 года свяшчэннікам прыходу быў назначаны айцец Андрэй Валашчук. Пры царкве пачала дзейнічаць Нядзельная школа. Пасля яго непрацяглы час богаслужэнні ў царкве праводзіў айцец Васілій Страха.

З 16 мая 1994 года і да цяперашняга часу прыход праваслаўнай царквы іконы “Усіх смуткуючых Радасць” узначальвае протаіерэй Віктар Валашчук. За гэты час у царкве многае зроблена. Перакрыты дах, заменены купалы на ім, якія цяпер зіхацяць залацістым водблескам у сонечных промнях. Адноўлена і алтарная частка, заменены іканастас, закуплены новыя іконы і ўсе патрэбныя рэчы для правядзення богаслужэнняў належным чынам. Павялічылася і колькасць прыхаджан царквы, якія з цеплынёй у сэрцы і душы прыходзяць сюды памаліцца Богу.

— У гонар іконы Божай Маці “Усіх смуткуючых Радасць” 6 лістапада ў нас штогод адбываецца вялікае свята, на якое збіраюцца прыхаджане і госці, святары з іншых мясцін, — кажа настаяцель храма протаіерэй Віктар Валашчук. — У ноч з 5 на 6 лістапада адбываецца малітвенная ўсяночная служба ў гонар Божай Маці. Каб ахоўвала яна ўсіх нас ад няшчасцяў і зла, а храм, нягледзячы на ўсе выпрабаванні, што з веку ў век выпадалі яму, заставаўся чыстым і святым месцам, дзе кожнага з нас чуе Бог, дзе мы знаходзім душэўны спакой і вучымся жыць у згодзе з сабою і людзьмі.

У мінулым годзе наш храм адзначыў сваё 120-годдзе. На ўрачыстасць да нас завіталі свяшчэннаслужыцелі цэркваў Шаркаўшчынскай акругі і з суседніх раёнаў. Павіншаваць прыхаджан прыйшлі старшыня раённага выканаўчага каміэта Дзмітрый Ламака, старшыня раённага Савета дэпутатаў Уладзімір Шпец і намеснік кіраўніка раёна Юрый Васілеўскі.

Дапамагчы хворым дзецям можа кожны

З сакавіка 2012 года па благаславенні айца Віктара пры храме праходзіць акцыя міласэрнасці па зборы грашовых сродкаў для лячэння цяжкахворых дзяцей.

— Гэту справу мы распачалі з мэтай паспрыяць людзям, якія адчуваюць неабходнасць рабіць добрыя справы, — кажа адна з ініцыятараў і арганізатараў акцыі міласэрнасці, жыхарка Шаркаўшчыны Ганна Мілянцей. — У храме на дапамогу хвораму дзіцяці можна пакласці хоць і самую невялікую колькасць грошай. І многія нераўнадушныя людзі з задавальненнем гэта робяць. У асноўным грошы пералічваюцца цяжкахворым дзецям з Беларусі, бясплатнае лечэнне якіх у нашай краіне вычарпала свае магчымасці і бацькі вымушаны везці дзетак за мяжу для дадатковай медыцынскай дапамогі.

Гісторыі ўсіх дзетак, дапамога якім была аказана, зберагаюцца ў асобнай папцы. Рабіць добрыя справы — патрэба чалавечай душы. Добра і проста спагадай, словам, лагодным позіркам аказаць падтрымку блізкаму чалавеку.

Сваімі паслядоўнымі зборамі і пералікамі мы імкнёмся зменшыць колькасць болю, даць хоць нейкі шанц, малую надзею на выздараўленне. Будзеце мець жаданне далучыцца да акцыі — калі ласка. Зайсці ў храм і пакінуць у празрыстай скарбонцы хаця б невялікую грашовую суму многа часу не зойме. А радасць у душы адгукнецца абавязкова. І бацькі хворых дзетак усцешацца і будуць дзякаваць добрым людзям.

Праект «Маўклівыя сведкі сівой даўніны» — царква іконы “Усіх смуткуючых Радасць”

настаяцель храма протаіерэй Віктар Валашчук

Прадвызначаны лёс

Айцец Віктар сказаў, што на заканчэнні свайго зямнога шляху тата падарыў яму ікону “Усіх смуткуючых Радасць”. І вось праз некаторы час Віктар Валашчук прыехаў у Шаркаўшчыну, дзе і стаў настаяцелем храма, які носіць такую ж назву. Гэту акалічнасць свяшчэннік не лічыць звычайнай выпадковасцю. Па словах протаіерэя менавіта Усявышнім быў прадвызначаны яго будучы лёс — жыць і маліцца дзеля шчаслівай будучыні людзей у шаркаўшчынскай царкве “Усіх смуткуючых Радасць”.

Аўтар праекта Сяргей РАЙЧОНАК.

Comments are closed.

Яндекс.Метрика