Пяцёра дзяцей пацярпелі пры катанні на цюбінгах за выходныя
nabanane.by
За 6-7 студзеня ў Беларусі пры катанні на цюбігах атрымалі траўмы пяцёра дзяцей. Пра гэта паведаміла афіцыйная прадстаўніца Следчага камітэта Юлія Ганчарова.
У Фрунзенскім раёне Мінска шасцігадовы хлопчык пры спуску на цюбінгу стукнуўся галавой аб дрэва, атрымаў множныя пераломы і траўмы. Таксама галавой аб дрэва стукнулася васьмігадовая дзяўчынка ў вёсцы Ляскоўка Мінскага раёна: у яе шматлікія пераломы і траўмы.
У Цэнтральным раёне сталіцы дзевяцігадовая дзяўчынка пры катанні на цюбінгу сутыкнулася галавой з іншым дзіцем. Вынік — цяжкія траўмы.
У Ваўкавыску 11-гадовы хлопчык, едучы з горкі на цюбінгу, стукнуўся спінай аб камяні. У яго цяжкія траўмы, парывы ўнутраных органаў.
У Савецкім раёне Мінска васьмігадовы хлопчык пры катанні на цюбінгу стукнуўся галавой аб дрэва. Са шматлікімі траўмамі і пераломамі ён знаходзіцца ў рэанімацыі.
Самая трагічная гісторыя адбылася ў Магілёве. Як распавядала Еўрарадыё, 24-гадовы мужчына пры катанні на цюбінгу стукнуўся галавой аб ліхтарны слуп і загінуў.