Добрушскія міліцыянты злавілі рэцыдывістку-пенсіянерку
БЕЛТА
У ноч на 6 студзеня добрушскія міліцыянты выехалі на выклік з нагоды бытавога скандалу. Па дарозе яны пабачылі фігуру з роварам і сумкай. Час быў позні — 2:30, таму міліцыянты вырашылі прапанаваць дапамогу.
У невядомым, як паведамляе uvd.gomel.by, праваахоўнікі пазналі пажылую жыхарку Добруша, раней неаднаразова судзімую за крадзяжы. Міліцыянты западозрылі, што жанчына і цяпер не проста так выйшла на вуліцу ўначы, таму даставілі яе ў РАУС.
Там высветлілася, што да затрымання пенсіянерка паспела пабываць ў дачным кааператыве ва ўрочышчы "Ларышчава". Там яна абабрала некалькі летніх дамкоў і гаспадарчых будынкаў. Яе здабычай сталі ровар, ТБ-прыстаўка, будаўнічы інструмент, цвікі, аптэчка. Жанчына прыхапіла з лазні нават дубовы венік, шампунь, бальзам і крэм пасля галення.
Паведамляецца, што жанчына мае больш за 10 судзімасцяў. Першая была ў 1989 годзе, апошняя — у 2014-м. Кожны раз яе судзілі за крадзяжы маёмасці.
На цяперашні час з заявамі ў міліцыю звярнуліся чацвёра пацярпелых. Добрушскі райаддзел Следчага камітэта пачаў на яе крымінальную справу. Падазраваную затрымалі.