Месцам, дзе ў першую чаргу камунікавалі розныя саслоўі людзей, быў кірмаш. У XIX ст. гэта слова азначала не толькі торг, але і гулянне. Звычайна кірмашы праводзіліся ва ўсіх гарадах і мястэчках Беларусі на гадавыя святы. Напрыклад, у Міры два разы на год на Святога Міколу.
Падчас правядзення кірмашоў можна было ўбачыць цыркавыя выступленні з фокуснікамі, канатаходцамі і гімнастамі, стаць гледачом батлейкавых прадстаўленняў.
Дваранскія сходы былі месцам баўлення вольнага часу для шляхецкіх сямей, якія перыядычна з’язджаліся з правінцыі на дваранскія выбары. Тут жа ладзіліся розныя танцавальныя і касцюміраваныя вечары.
Зонамі адпачынку і баўлення часу былі грамадскія паркі, бульвары.
Месцам, дзе маглі бавіцца разам розныя слаі грамадства, з’яўляліся і рэдутавыя залі. У іх ладзіліся камерцыйныя танцавальныя вечарыны. Адбываліся яны ў буйных гарадах, вымагалі ад удзельнікаў наяўнасці масак. Маска гарантавала роўнасць у сацыяльна змешанай кампаніі адпачываючых. А гэта ў сваю чаргу адпавядала эканамічным інтарэсам арганізатараў рэдутаў.
У адрозненні ад рэдутаў, у балі, як правіла, удзельнічалі людзі аднаго сацыяльнага кола – арыстакратыя. Балі праводзіліся ўвесь год, за выключэннем часу пастоў. Наведваць балі дзяўчынкам да 18 гадоў не дазвалялася. Запрашэнні на баль адпраўляліся за 10-15 дзён. На яго трэба было адказаць пісьмовай падзякай або адмовіцца на працягу двух дзён.
На асабістым балі гаспадар дома і яго сыны павінны былі пратанцаваць хоць раз з усімі танцуючымі дамамі, а запрошаны малады чалавек перш за ўсё танцаваў танец з гаспадыняй ці яе дачкой і толькі пасля гэтага запрашаў на танцы іншых дам. Пры гэтым ні дамы, ні кавалеры не здымалі на балі пальчатак і ніколі без іх не танцавалі. У адрозненне ад пачатку XIX ст., калі балі абавязкова пачыналіся “польскім” паланезам, у сярэдзіне стагоддзя яны адчыняліся часцей за ўсё вальсамі, затым ішлі кадрыль, кацільён, мазурка, розныя полькі. Танцы адбываліся абавязкова пад духавы аркестр у строга вызначаным парадку, які складаўся загадзя. Галоўным бальным сезонам была зіма.
Сёння ўдзельнікам такога мерапрыемства можа стаць любы жадаючы. У Мірскі замку бал-маскарад пройдзе 12 студзеня бягучага года. З удзельнікамі будуць праведзены майстар-класы па танцах. Усіх чакаюць жывая музыка і прыемныя сюрпрызы. А маску можна будзе набыць перад пачаткам імпрэзы.
Вольга Каласоўская, навуковы супрацоўнік музея «Замкавы комплекс «Мір»