Люстрадзён на сёньня
5 студзеня 1892 г. у в. Баброўнікі нарадзіўся каталіцкі святар заходняга абраду, магiстр тэалогii, удзельнік беларускага хрысціянскага руху XX ст., душпастыр Вацлаў Лукша.
Паходзіў з сялянскай сям’і Вікенція Лукшы. 29 сакавіка 1910 г. вытрымаў экзамен на званне аптэкарскага вучня пры экзаменацыйнай камiсii Маскоўскай навучальнай акругi. У 1915 г. скончыў Віленскую духоўную каталіцкую семінарыю. У час вучобы ўваходзіў у культурна-асветны гурток беларусаў-семінарыстаў. Пасвячоны ў святары ў 1915 г. У 20-30-я гады XX ст. працаваў законавучыцелем, выкладаў рэлiгiю ў Ваўкавыскай (з 1925 г.) i Гарадзенскай (з 1931 г.) гiмназiях. Быў магістрам тэалогіі і ў 1931 – 1939 гг. таксама працаваў катэхетам у гродзенскіх гімназіях. Яшчэ падчас вучобы ў Віленскай семінарыі быў сябрам культурна-асветнага гуртка беларусаў-семінарыстаў.
Вывучэнне каталіцкай рэлігіі была абавязковым для вучняў-каталікоў у дзяржаўных, грамадскіх, а таксама у тых прыватных навучальных установах, якія атрымлівалі датацыі ад дзяржавы. Выключэннем былі толькі вышэйшыя ўстановы. У школах Гародні, як і ва ўсіх іншых мясцовасцях Польшчы, вучні павінны былі ўдзельнічаць у супольных набажэнствах у нядзелю і ў святы, а таксама на пачатку і заканчэнні вучэбнага года. Абавязковымі былі штогадовыя рэкалекцыі (3 дні), супольная споведзь і св. Камунія падчас рэкалекцый, на пачатку і ў канцы вучэбнага года, супольная малітва на пачатку і заканчэнні занятку. Дырэкцыя школы абавязана была знайсці выкладчыка рэлігіі, калі колькасць дзяцей-каталікоў была 12 чалавек і болей. Катэхетамі або школьнымі прэфектамі ў Гародні былі святары. Звычайна, на гэтыя пасады прызначаліся маладзейшыя асобы, здольныя разумець моладзь, або тыя, што мелі яшчэ нейкую іншую, не вельмі адказную функцыю. У 1939 г. прэфектам ў Гародні быў кс. Вацлаў Лукша.
У самой Гародні ў міжваенны перыяд яўных прыхільнікаў беларусізацыі касцельнага жыцця сярод святароў амаль не было. Да іх можна аднесці толькі кс. Францішка Грынкевіча (1884–1933) і Вацлава Лукшу, якія, дарэчы, не займалі ў касцёле адміністратыўных пасадаў.
Памёр у 1962 г.