Сябры — пра самагубства навагрудскага бізнэсоўца: Гэта праз закрыццё сядзібы
Сяргей Коваль / sb.by
Следчы камітэт праводзіць праверку па факце смерці навагрудскага бізнэсоўца Сяргея Коваля. Асноўнай версіяй разглядаецца самагубства, піша tut.by.
47-гадовага бізнэсоўца знайшлі ўвечары 1 студзеня сваякі ў ягонай кватэры ў Навагрудку. Яны выклікалі дактароў, але тыя канстатавалі смерць.
Як распавядала Еўрарадыё, паводле неафіцыйных звестак, мужчына павесіўся.
Коваль стаў вядомы як уладальнік хутара Літоўка пад Навагрудкам. Ён аформіў гэтую сядзібу ў стылі фэнтэзі і казак. Пасля гэтага на мужчыну сталі пісаць скаргі за "чартаўшчыну". У выніку ў лістападзе Коваль быў вымушаны закрыць сядзібу.
Таксама з Ковалем быў звязаны Дзмітрый Бондар, які называў сябе ксяндзом старакаталіцкай царквы. Бондара затрымалі якраз у Літоўцы. Неафіцыйныя крыніцы звязвалі ягоны арышт з захаваннем марыхуаны.
Афіцыйная прадстаўніца Следчага камітэта Юлія Ганчарова распавяла журналістам, што ніякіх праверак у дачыненні да Коваля не праводзіліся. Чуткі пра такія праверкі пайшлі ў Навагрудку пасля затрымання Бондара.
Сябры ўпэўненыя, што самагубства Коваля звязанае з закрыццём фэнтэзійнай сядзібы ў Літоўцы: "Гэта ўсё праз закрыццё дома. Ён моцна перажываў усю гэтую сітуацыю".