Мінчук зрабіў заўвагу за танцы на стале — і загінуў у бойцы
Фота: pixabay.com
Смерцю скончыўся канфлікт паміж двума наведнікамі бараў на вуліцы Зыбіцкай у Мінску. Здарэнне адбылося 31 снежня каля 5:30, паведамляе прэс-служба ГУУС Мінгарвыканкама.
У бары адпачывалі дзве мужчынскія кампаніі. У адной з іх мужчына захацеў станчыць на стале. Гэта не спадабалася 46-гадоваму мінчуку з другой кампаніі. Ён зрабіў заўвагу, якая прывяла да канфлікту. Для "разборак" мужчыны выйшлі на вуліцу. Там 46-гадовага мінчука тройчы стукнулі ў твар. Ён памёр на месцы да прыезду лекараў "хуткай".
Па гарачых слядах праваахоўнікі затрымалі мужчыну, які меў дачыненне да злачынства. Гэта 28-гадовы жыхар Гродна. Вядома, што раней ён да крымінальнай адказнасці не прыцягваўся. На мужчыну пачалі крымінальную справу за прычыненне смерці па неасцярожнасці. Яму пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.