“Успаміны, якія грэюць”: маляўнічая фотавыстава турыстычнага клуба “Вандроўнік”

Источник материала:  
01.01.2019 — Разное
Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Увесь лістапад у салоне-галерэі “Скарбніца” працавала фотавыстава “Успаміны, якія грэюць”, наведаць якую мы запрашалі ў №84 “НН” ад 6 лістапада. У яе ўвайшлі здымкі ўдзельнікаў турыстычнага клуба “Вандроўнік”,  а таксама прадстаўнікоў працоўных калектываў нашага горада, прыхільнікаў клуба, якія сёлета ўпершыню далучыліся да выставы.

 

“Успаміны, якія грэюць”: маляўнічая фотавыстава турыстычнага клуба “Вандроўнік”

“Журавель” Віктара Ульянава

“Успаміны, якія грэюць”: маляўнічая фотавыстава турыстычнага клуба “Вандроўнік”

Таіса Аксёнік. “На прывале”

Для тых, хто не змог яе наведаць, мы сёння адчыняем дзверы ў нязвыклы для многіх з нас свет паходнага жыцця,  некаторыя імгненні якога аказаліся схопленымі аб’ектывам фота-апарата. Незабыўныя віды беларускай і іншаземнай прыроды, разнастайныя пачуцці на тварах турыстаў і яскравыя моманты адпачынку на берагах рэк — гэта і многае іншае склала рознакаляровую шматвобразную карціну, якую маглі пабачыць наведвальнікі выставы.

Дарэчы, на гэты раз аматараў прыгод чакаў у “Скарбніцы”    яшчэ адзін сюрпрыз — разам з турыстычнымі фотаздымкамі тут можна было палюбавацца і на цудоўныя ў сваёй выразнасці драўляныя скульптуры, якія стварыў вядомы нясвіжскі майстар Віктар Ульянаў. Незвычайнай формы карчы, прывезеныя з паходаў яго дачкой Аленай Цымбарэвіч, дзякуючы яго таленту пера-тварыліся ў задуменнага бусла і вытанчанага жураўля, які размінаецца перад палётам. Як расказвала тым, хто сабраўся на ад-крыцці выставы сама Алена, яна не шкадавала сіл, каб прыцягнуць дадому гэтыя карчы, таму што адразу зразумела, што з іх атрымаецца нешта незвычайнае. І яна не памылілася, чаму пацверджаннем стала шчырае захапленне гледачоў — як саміх турыстаў, так і гасцей мерапрыемства.

“Успаміны, якія грэюць”: маляўнічая фотавыстава турыстычнага клуба “Вандроўнік”

Нясвіжскі скульптар Віктар Ульянаў са сваёй работай

Сваімі ўражаннямі ад сёлетніх паходаў падзяліліся і іншыя іх  удзельнікі. Так, адзін з самых вопытных нясвіжскіх турыстаў, заснавальнік фотавыставы “Успамі-ны, якія грэюць”, урач-хірург райбальніцы Ігар Богуш адзначыў, што сёлета змог пабываць толькі на Шчары, дзе разам з добрай кампаніяй, у якую ўвайшло звыш 10 чалавек, прайшоў пэўны шлях на байдарцы.

— Вясной у красавіку-маі, мы заўсёды сплаўляемся па рацэ, каб адкрыць сезон, — сказаў Ігар Мадэставіч. — і ў гэтым годзе ўсё прайшло выдатна — было цудоўнае надвор’е, мы пакупаліся, атрымалі зарад бадзёрасці. Сёлета я пабываў і як пасіўны турыст на Азоўскім моры, але гэта нельга параўнаць з актыўным адпачынкам на Кольскім паўвостраве, дзе прырода кожны раз здзіўляе і кожны раз выстаўляе свае патрабаванні да чалавека.

Увогуле ж у турыстычнай скарбонцы І.М. Богуша як паўднёвыя Чорнае і Азоўскае моры, так і паўночныя Белае і Баранцава, адкуль ён таксама кожны раз прывозіць мноства цікавых, захапляльных здымкаў.

Самыя прыемныя ўражанні ад вясновага паходу па Шчары засталіся і ў яшчэ адной удзельніцы выставы — Таісы Аксёнік, выкладчыцы Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа, па сумяшчальніцтве — гаспадыні аграся-дзібы “Нясвіжская”, якую яна даглядае разам з мужам Генадзем.

— Шчара парадавала сваім паўнаводдзем і прыгожымі відамі, — адзначыла мая суразмоўца ў нашай гутарцы. — Шмат было розных птушак — лебедзяў, сітавак, берагавых стрыжоў і іншых. Цудоўна было адчуваць сваё адзінства з прыродай.

Таіса Альбінаўна таксама пабывала сёлета ў веласіпедным паходзе да ракі Нёман і назад, а яшчэ  — у паломніцкіх падарожжах у Новы Ерусалім, што пад Масквой, Пскоўска-Пячэрскую лаўру і Свята-Елісавецінскі манастыр. А на сваіх здымках яна ў асноўным занатавала моманты гаспадарчых клопатаў па арганізацыі паходных бівакоў.

Думку Т.А. Аксёнік аб прыгажосці роднай прыроды прадоўжыў і яе муж Генадзь Мікалаевіч.

— Калі рухаемся ў паходзе, трэба спыняцца і глядзець на наша наваколле, любавацца ім, а не адно спяшацца наперад, — заклікаў ён таварышаў па турыстычным “цэху” падчас сустрэчы ў цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Паўлюка Пранузы, якая адбылася пасля адкрыцця выставы ў “Скарбніцы”.

І нагадаў, як здорава было сфатаграфавацца на памяць на адзіным у Беларусі падвясным мосце, што на Нёмане, і якія цудоўныя віды адкрываліся наўкол. Гэта трэба бачыць і трэба цаніць.

Незабыўнымі ўражаннямі ад паўночнай прыроды падзяліўся з карэспандэнтам “НН” яшчэ адзін удзельнік выставы, несвіжанін Уладзімір Цымбарэвіч. Яму запомнілася, як ён і яго таварышы перасякалі на вёслах Палярны круг, і як амаль усе пры гэтым акуналіся ў ваду, бо было незвычайна цёпла для тых мясцін — а менавіта для ракі Вінча Мурманскай вобласці, адкуль ён і прывёз нямала фотаздымкаў.

Яшчэ Уладзімір Станіслававіч, як вопытны турыст, сёлета выконваў пачэсную місію інструктара пры навічках у паходзе па Нёмане, дзе давялося суправаджаць групу банкаўскіх работнікаў. Ён з задавальненнем адзначыў, што “новаспечаныя” турысты справіліся добра, і, напэўна, захочуць працягнуць традыцыю такога цікавага, актыўнага адпачынку.

Шмат уражанняў ад паходу па Вінчы засталося і ў яшчэ аднаго з самых вопытных турыстаў клуба “Вандроўнік” Аляксандра Язвінскага.

— Паход сапраўды быў вельмі своеасаблівым, — расказаў ён. — На поўначы стаяла спёка, як на поўдні — звыш 30 градусаў, вады стала менш на паўтара метра, а то і больш, і мы з яе амаль не вылазілі. І складанасць аказалася не ў тым, што цяжка было прайсці нейкі парог, а ў тым, што вады было так мала, што месцамі трэба было катамараны перацягваць на сабе. Гэта моцна кантраставала з тым, што было ў нашым першым паходзе на Вінчу ў 2015 годзе, калі амаль два тыдні ліў суцэльны дождж і стаяла вялікая вада. На гэты раз усё было наадварот, і вада была незвычайна цёплай.

Што да здымкаў, то, як адзначыў мой суразмоўца, атрымалася так, што менавіта вады на іх больш за ўсё — і з вясновага паходу па Шчары, і з летняга па Вінчы.

Нямала цудоўных фотаработ з паходаў па Беларусі і Карэліі на выставе ў Нясвіжы прадставілі і госці з Віцебска: Мікалай Белезякоў і Ірына Спірыдонава.

Адкрыццё фотавыставы “Успаміны, якія грэюць”, якая, дарэчы, у наступным годзе адзначыць сваё 20-годдзе, кожны раз становіцца для людзей, захопленых любоўю да турызму, асабліва — воднага, выдатнай нагодай сабрацца разам, узгадаць і занава адчуць, што гэта такое — апынуцца паміж небам і… вадой, уступіць у барацьбу са стыхіяй, здолець пасябраваць з ёю і выйсці пераможцам. Гэта сапраўды незабыўна і непаўторна, і, напэўна, нездарма фотавыстава “Вандроўніка” праходзіць напрыканцы года, у халодны і змрочны лістападаўскі час, таму што такія ўспаміны сапраўды грэюць. Грэюць, ба-дзёраць і — клічуць у новыя паходы, кожны з якіх па-свойму асаблівы і непаўторны, незалежна ад таго, па знаёмым ці незнаёмым месцы ён праходзіць. Усё роўна прырода кожны раз рыхтуе для чалавека новыя сюрпрызы і новыя загадкі, якія ён ніколі не стоміцца разгадваць.

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

Фота аўтара  і турклуба

“Вандроўнік”.    

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

←Россия обыграла Канаду на МЧМ, стали известны пары плей-офф

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика