Каким был 2018 год для Ушаччины и чего ждать в новом 2019-м? Интервью с председателем Ушачского райисполкома В.Г.Авдошко
Вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця нашага раёна ў 2018-ым падведзены на апошняй сесіі раённага Савета дэпутатаў. З матэрыяламі, прысвечанымі дасягненням і выкананню прагнозных паказчыкаў, мы пазнаёмім нашых чытачоў пазней, бо асобныя лічбы яшчэ ўдакладняюцца, ды і каляндарны год пакуль не завершаны. Але думкі і пачуцці, мары і надзеі большасці людзей скіраваны ўжо ў 2019-ы… Таму ў традыцыйным перадсвяточным інтэрв’ю з кіраўніком раёна мы акцэнтавалі ўвагу на асноўных планах надыходзячага года. Што ў прыярытэце дзейнасці раённых улад, і што чакае ўшачан у бліжэйшым будучым? На гэтыя і іншыя актуальныя пытанні адказаў старшыня Ушацкага райвыканкама У.Г.АЎДОШКА.
– Уладзімір Генадзьевіч, агучце, калі ласка, галоўныя напрамкі дзейнасці раённай вертыкалі ўлады.
– Першачарговая і стратэгічная задача – павышэнне якасці жыцця жыхароў раёна. Для гэтага неабходна забяспечыць грамадзян работай, таму кіраўнікам усіх узроўняў ужо зараз неабходна прадумваць, як іх прадпрыемства будзе развівацца, якія праекты рэалізоўваць і што можа прапанаваць насельніцтву. Уладам неабходна працаваць над інвестыцыйнай прыцягальнасцю раёна, ствараць умовы для камфортнага вядзення бізнесу. У нас маецца маёмасць, якая не выкарыстоўваецца, вытворчыя пляцоўкі, якія мы можам прапанаваць. І ўжо зараз можна агучыць, што ў 2019 годзе прыватнае прадпрыемства “Інтэрбовіс” плануе наладзіць у нас выпуск драўнянага вугалю. У гэтых мэтах падчас працэдуры банкруцтва “Райаграсэрвіса” выкуплены памяшканні былога аграхімцэнтра – стварэнне гэтай вытворчасці дазволіць працаўладкаваць не менш 35 чалавек.
А людзям трэба самім праяўляць дзелавую ініцыятыву, бо адкрыць працоўнае месца пад кваліфікацыю кожнага немагчыма, хаця мы, канечне, прыложым для гэтага ўсе намаганні.
– Гэта значыць, што неабходна павялічваць уклад у эканоміку раёна малога бізнесу?
– Сапраўды, у прыватных прадпрыемствах сканцэнтравана каля 1,6 тысячы чалавек, а гэта 30 працэнтаў ад агульнай колькасці занятых на Ушаччыне. З іншага боку, за 11 месяцаў 2018 года ў бюджэт раёна ад суб’ектаў малога бізнесу і індывідуальных прадпрымальнікаў пералічана крыху больш 1 мільёна рублёў, ці каля 25 працэнтаў ад агульных паступленняў. Лічба гэта невялікая і ў наступныя гады мы разлічваем на яе рост хаця б на чвэрць. За прыкладамі ж паспяховай дзейнасці прыватных прадпрыемстваў і індывідуальных прадпрымальнікаў далёка хадзіць не трэба – у асноўным менавіта яны за 10 месяцаў бягучага года забяспечылі экспарт тавараў на суму амаль 760 тысяч долараў ЗША. Большая частка прыходзіцца на долю ААТ “Ушачы”, ТАА “Форэстгандаль”, аднавіла работу на знешнім рынку і ТДА “Алекс Нутта”.
– Якія планы па развіцці так званых “традыцыйных” галін эканомікі?
– У мэтах фінансавай падтрымкі сельгаспрадпрыемстваў праведзена перадача паўнамоцтваў выканаўчага органа ад КУСГП “Вялікадолецкае”, “Кублічы”, “Глыбачаны”, ААТ “Ільюшынскі” і “Агра-Селішча” Полацкаму камбінату хлебапрадуктаў. Паказчыкі вытворчасці сельгаспрадукцыі зараз нізкія, таму плануецца ў наступным годзе вырасціць 20 тысяч тон зерня – на 60 працэнтаў больш, чым сёлета, атрымаць 3,4 тысячы тон рапсу – на 272 працэнты. Неабходна захаваць пагалоўе жывёлы і надаіць 9,5 тысячы тон малака – 112 працэнтаў, дасягнуць 3,5 тысячы тон прадукцыі вырошчвання жывёлы – 105 працэнтаў. Пры ўсёй залежнасці ад прыродных фактараў гэтыя лічбы рэальныя і не ўзяты, як кажуць, “са столі”. Для іх выканання ўжо сёння праведзена вялікая работа: пасеяна азімых зерневых культур на плошчы 6038 гектараў – практычна ўдвая больш мінулагодняга паказчыка, 1355 гектараў азімых алейных культур – 160 працэнтаў да ўзроўню 2017-га. Узнята 8009 гектараў зябліва – 126 працэнтаў, для правядзення веснавой сяўбы засыпана насення на 100 працэнтаў ад патрэбы – 1740 тон зерневых і зернебабовых. Выкананню паказчыкаў павінны спрыяць і аптымізацыя структуры пасяўных плошчаў, удасканаленне тэхналагічных прыёмаў, пошук новых сартоў. Праблемай застаецца набыццё гаспадаркамі новай тэхнікі і механізмаў, бо прыярытэт надаецца сучасным высокапрадукцыйным машынам для захавання тэхналогіі і аптымальных тэрмінаў – кошт іх вельмі вялікі, а плацежаздольнасць нашых сельгасвытворцаў наадварот – нізкая.
Што датычыцца прамысловасці, то без уліку прыватнікаў зараз юрыдычна галіну прадстаўляе ўсяго два прадпрыемствы – УП ЖКГ і філіял “Ушацкі” ЗАТ “Віцебскаграпрадукт”. Апошняе заслугоўвае самых добрых слоў – дзякуючы пастаяннай мадэрнізацыі толькі за тры гады вытворчасць бялкова-вітамінных дабавак павялічылася на 72 працэнты, колькасць работнікаў – да 50 чалавек, а сярэднямесячная зарплата ў амаль 780 рублёў з’яўляецца самай высокай сярод прадпрыемстваў рэальнага сектара эканомікі. Апошнія некалькі гадоў былі цяжкімі для прамкамбіната – у пачатку снежня ён далучаны да ААТ “Сцяг індустрыялізацыі” і будзе функцыянаваць у выглядзе філіяла, як гэта ўжо робіць больш года (і прычым паспяхова) былы агароднінасушыльны завод, а зараз цэх Віцебскай універсальнай базы.
– У адыходзячым годзе ў гарпасёлку адкрыты магазіны гандлёвых сетак “Дабраном” і “Востраў чысціні”, якія сталі папулярнымі ва ўшачан…
– На іх долю ўжо прыходзіцца 9 працэнтаў тавараабароту, які ў цэлым па раёне павялічыўся на 6,5 працэнта. Між тым, наша райспажыўтаварыства адно з нямногіх у вобласці, якое вытрымлівае канкурэнцыю, не толькі не закрылася, а працягвае развівацца – узяла ў арэнду 25 магазінаў і 9 аўтамагазінаў у Полацкім раёне, 6 магазінаў – у Глыбоцкім, а зусім нядаўна – яшчэ 11 у Мёрскім, праводзіць мадэрнізацыю ўласных гандлёвых кропак і аб’ектаў грамадскага харчавання. Як бачна, канкурэнцыя прымушае шукаць новыя падыходы да абслугоўвання і гэта толькі на карысць грамадзян. На ўзроўні выканаўчай улады нашаму райспажыўтаварыству заўсёды будзе аказвацца дапамога, але штучна рынак мы не закрываем, бо гэта не ў інтарэсах людзей. У мэтах паляпшэння іх абслугоўвання на працягу двух наступных гадоў у гарпасёлку будуць будавацца 2 новыя гандлёвыя цэнтры плошчай 700-800 квадратных метраў кожны. Адзін з іх – ТАА “Санта Рытэйл” на вуліцы Ленінскай плануецца завяршыць да канца 2019 года. Адкрыццё ўказаных аб’ектаў дазволіць атрымаць дадатковы тавараабарот і павялічыць забяспечанасць насельніцтва гандлёвымі плошчамі да нарматыву сацыяльных стандартаў. А райспажыўтаварыства плануе правесці мадэрнізацыю магазінаў “Абутак” і “Гаспадар”, кулінарнага цэха і хлебазавода, набыць яшчэ два сучасныя аўтамагазіны, перавесці на новы ўзровень абслугоўвання кафэ “Спадарожнік” у Сарочыне.
– Адным з паказчыкаў, які сведчыць аб камфортнасці жыцця ў раёне, з’яўляецца будаўніцтва жылля і развіццё сацыяльнай інфраструктуры. Што запланавана ў гэтым напрамку?
– Нягледзячы на нізкі працэнт уласных даходаў у бюджэце, які абумоўліваецца галоўным чынам адсутнасцю буйных валаўтвараючых прадпрыемстваў, вялікай колькасцю філіялаў абласных і рэспубліканскіх арганізацый, раён развіваецца, а ўвядзенне кожны год у эксплуатацыю знакавых аб’ектаў стала добрай традыцыяй. Сёлета райцэнтр упрыгожыла новая аварыйна-выратавальная часць, індывідуальнымі забудоўшчыкамі ўведзена ў эксплуатацыю каля 2 тысяч метраў квадратных жылля. Але без долевага будаўніцтва, без дзяржпадтрымкі ўсіх жадаючых ўласнымі метрамі не забяспечыць, тым больш што ў чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў шмат мнагадзетных сем’яў, сірот. Таму ў наступным годзе плануецца будаўніцтва па вуліцы Віцебскай яшчэ аднаго 40-кватэрнага жылога дома, падрыхтоўка ўжо вядзецца. Прадоўжыцца праектаванне квартала індывідуальнай жылой забудовы ў гарпасёлку ў раёне бальніцы. Таксама будуць працягвацца работы па капітальным рамонце з мадэрнізацыяй дзіцячага сада №3 і музея народнай славы, рэканструкцыі дзіцячай школы мастацтваў. У маі плануецца закончыць абсталяванне футбольнага поля са штучным пакрыццём ля фізкультурна-аздараўленчага комплексу “Юнацтва-Ушачы”. У смелых планах – праектаванне і будаўніцтва побач з ім гасцініцы на 55 месцаў, бо зараз мы вымушаны адказваць вялікім камандам спартсменаў, у тым ліку і замежным, з-за немагчымасці іх рассялення.
– Зразумела, што пасля ўвядзення ўказаных аб’ектаў у эксплуатацыю яны стануць эталоннымі. Ды і наогул, у Год малой радзімы шмат зроблена па навядзенні парадку. 2019-ы стане такім жа?
– Безумоўна, работы па добраўпарадкаванні будуць працягвацца. Гэта датычыцца і населеных пунктаў, дзе сельвыканкамам дапамагаюць арганізацыі-шэфы, і зон адпачынку на водных аб’ектах, ляснога фонду, іншых тэрыторый. Сёлета мы распачалі сапраўдную “вайну” супраць баршчэўніку. Выйграць яе можна, толькі калі яна стане “ўсенароднай”, таму прызываю грамадзян па магчымасці самастойна знішчаць шкодную расліну на сваіх уладаннях і прылеглых тэрыторыях. Праблема для раёна вельмі актуальная і трэба разумець, што пры тых плошчах баршчэўніку, якія выяўлены, убачыць якасны зрух за год-два немагчыма пры ўсім жаданні – патрэбна мінімум пяць гадоў пры планамернай мэтанакіраванай рабоце.
– Бюджэт раёна заўсёды меў сацыяльную накіраванасць. Што новага запланавана ў гэтай важнейшай сферы?
– Будзем старацца і надалей забяспечваць якасць жыллёва-камунальных паслуг, паляпшаць матэрыяльна-тэхнічную базу ўстаноў адукацыі, культуры, аховы здароўя, іншых сацыяльных аб’ектаў – у невытворчай сферы ў нас шмат дасягненняў. Але для таго, каб яны развіваліся, неабходна пастаянная паступовая мадэрнізацыя, значныя фінансавыя ўкладанні на набыццё абсталявання, сучасных тэхнічных сродкаў.
– Дзякуй, Уладзімір Генадзьевіч! І на развітанне, што пажадаеце ўшачанам?
Паважаныя землякі! Нам усім разам трэба будзе шмат працаваць. Але ўпэўнены, што рэалізацыя новых планаў – па сілах. Ёсць працавітыя сумленныя людзі, граматныя кіраўнікі і спецыялісты, перспектыўная моладзь, замацаванне якой у раёне лічу адным з галоўных крытэрыяў дзейнасці выканаўчай улады.
Вялікі дзякуй вам за добрасумленную працу – кожнаму, хто заняты ў аграпрамысловым комплексе, выпускае прамысловую прадукцыю, выхоўвае і вучыць дзяцей, стаіць на варце правапарадку і бяспекі, лечыць людзей, даглядае адзінокіх, састарэлых грамадзян, праводзіць культурна-масавыя і фізкультурна-аздараўленчыя мерапрыемствы, усім, хто ўносіць дастойны ўклад у развіццё нашага раёна.
Дарагія сябры! Ад імя Ушацкага раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў прыміце самыя сардэчныя віншаванні з Новым годам! Няхай 2019 год падорыць малышам шчаслівае дзяцінства, дарослым – радасць працы, мілым жанчынам – каханне і пяшчоту, людзям сталага ўзросту – маладосць душы, няхай навагодняя ноч сагрэе кожнага цяплом хатняга ачага, любоўю родных і блізкіх!
Шчыра жадаю ўсім здзяйснення жаданняў, моцнага здароўя, шчасця ў сем’ях, міру і дабрабыту!
З Новым 2019 годам!
Гутарыў Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.