Осиповчанки получиди орден Матери
Напярэдадні Новага года ўсе знаходзяцца ў прыўзнятым настроі, падсвядома чакаюць нейкага цуда, хоць і ведаюць, што прыходзіць ён далёка не да кожнага. А вось для жыхаркі Вязаўніцы Святланы Раговіч і Алены Лазаравай з Пратасевіч гэты цуд адбыўся: пазаўчора яны атрымалі ордэн Маці. Таму жанчыны зараз прымаюць віншаванні і з гэтай прыемнай нагоды.
Святлана працуе вядучым ветэрынарным урачом філіяла “Белшына-агра” ААТ “Белшына”. Бабруйчанка, але ў горад вяртацца не жадае: размераны тэмп вясковага жыцця, зносіны з жывой прыродай і праца ў гаспадарцы ёй больш па душы. Муж Міхаіл цалкам падтрымлівае.
Сваю ўзнагароду яна атрымала нездарма: нарадзіць і выхаваць сямёра (!) дзяцей на цяперашні час рашаецца далёка не кожная прадстаўніца цудоўнага полу. Святлана ганарыцца, што ў яе ёсць 5 сыноў і 2 дачушкі. Старэйшыя хлопцы ўжо ўсталі на ногі, працуюць. Бацькі даюць магчымасць кожнаму знайсці ўласную сцяжыну ў жыцці.
Алена Лазарава працавала загадчыкам сектара маркетынгу ААТ “Асіповіцкі кансервавы завод”, цяпер знаходзіцца ў водпуску па догляду за дзіцём. Гадуе пяцёра дзяцей. Самы старэйшы — 6-класнік Кірыл. Хлопчык любіць інфарматыку, а пасля ўрокаў ахвотна гуляе ў футбол. Соф’я на 3 гады маладзей за брата, любіць рукадзельнічаць. А Лёня яшчэ прывыкае да школьнага жыцця — толькі сёлета пераступіў парог установы адукацыі. Ён гадзінамі завіхаецца над канструктарам, пакуль не вырабіць якую-небудзь пабудову, машыну ці самалёт. Ірынка пакуль наведвае дзіцячы сад, але ўжо марыць стаць актрысай. А маленькаму Міхаську няма і двух гадоў.
Ведаеце, што аб’ядноўвае ўсю гэту рознаўзроставую кампанію? Спевы. Старэйшыя дзеці вучацца ў музычнай школе па класе вакалу. Любяць спяваць іх маці і бабуля. Сямейны ансамбль напрацаваў ужо свой рэпертуар. З павагай адносяцца ў сям’і і да фальклору, народных традыцый і свят. Напрыклад, зараз рыхтуюцца да абраду калядавання. А яшчэ ўсе разам ахвотна ездзяць па роднай краіне. І змалку прывучаюць рабят да працы на зямлі, у агародзе. А старэйшыя яшчэ ўмеюць збіраць грыбы ды ягады, ведаюць: перш чым смачна паесці, трэба старанна папрацаваць.
Здароўя, поспеху вам у нялёгкай спрадвечна жаночай справе выхавання дзяцей, матулі! I толькі прыемных сюрпрызаў ад родных!
Фота Ніны ЦАРЫК.