Дзе нарадзілася, там і спатрэбілася — менавіта так можна сказаць пра карэнную жыхарку вескі Ужанка Людмілу Казіміраўну Гуленка, якая аддала бібліятэчнай справе больш за 36 годоў свайго жыцця. У 1990 г. яна была ўзнагароджана Ганаровай граматай упраўлення культуры Мінскага аблвыканкама і абкама прафсаюза работнікаў культуры “За плённую працу па арганізацыі культурнага абслугоўвання насельніцтва і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці”, неаднаразова была пераможцай у раённых, абласных і рэспубліканскіх конкурсах.
Кожны, хто знаёмы з Людмілай Казіміраўнай, скажа, што гэта вельмі добры, ветлівы, аптымістычны чалавек. Усіх, хто б ні наведаў бібліятэку, яна сустрэне добразычлівай усмешкай. І здаецца, што ўсё ў гэтай жанчыны склалася выдатна, што яна сапраўды шчаслівы чалавек. Каб даведацца, так гэта ці не, я вырашыла пагутарыць са сваёй калегай.
— Людміла Казіміраўна, раскажыце, якім вам запомнілася ваша дзяцінства?
— Шчаслівым. У мяне была вельмі добрая сяброўка Вольга Грыневіч. Мы заўсёды былі разам. Разам вучыліся ва Ужанкаўскай пачатковай школе, затым — у Гарадзейскай гарпасялковай школе №1. Часам успамінаецца святкаванне Вялікадня. Нас бацькі ў гэты дзень заўсёды апраналі ва ўсё белае. Мы былі такія прыгожыя і акрыленыя. Адчувалася сапраўднае свята. Дарэчы, з Вольгай, яна цяпер Шэфер, мы і зараз сябруем, разам працуем.
— Пасля заканчэння школы якую прафесію выбралі?
— Я паступіла ў швейнае вучылішча № 93 г. Мінска. Пасля заканчэння працавала на швейнай фабрыцы імя Н. Крупскай. Шыла футры.
Але мяне ўвесь час цягнула дадому. Да родных палеткаў. І я вярнулася ў родную вёску. Мне пашчасціла: у мясцовую бібліятэку шукалі работніка. Так у 1975 годе я прыйшла працаваць бібліятэкарам. Праз год выйшла замуж і пераехала па месцы жыхарства мужа — у Лідскі раён. Там нарадзіўся мой старэйшы сын Ігар.
Але шчаслівае сямейнае жыццё рэзка абарвалася: праз 1,5 месяца пасля нараджэння Ігара муж заўчасна памёр. Людміла Казіміраўна вярнулася на сваю малую радзіму. На работу змагла выйсці толькі калі сыну споўнілася 5 гадоў (дзіця часта хварэла). Нейкі час працавала падменным выхавацелем у дзіцячым садзе. Выпадкова даведаўшыся, што ў Завітанскую сельскую бібліятэку патрабуецца бібліятэкар, Л.К. Гуленка паехала да дырэктара Нясвіжскай ЦБС В.Р. Каруннай. Людмілу прынялі на работу, але ўзялі з яе абяцанне, што паступіць вучыцца ў Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум. Так і адбылося: у хуткім часе паступіла і атрымала бібліятэчную адукацыю. У 1990 годзе маладая жанчына выйшла замуж у другі раз. Нарадзіліся сын Алег і дачка Вольга. Але зноў сямейнае шчасце не было доўгім: муж пайшоў з жыцця. Людміла Казіміраўна аддала сваю нерастрачаную любоў дзецям і бібліятэчнай справе.
— Як атрымалася, што вы зноў працуеце ва Ужанкаўскай сельскай бібліятэцы?
— Калі тут вызвалілася месца, я папрасіла перавесці мяне ва Ужанку, дзе жыла. І працую па сённяшні дзень. Справу сваю вельмі люблю. Ужо шмат пакаленняў чытачоў змянілася за час маёй работы ў бібліятэцы. Разам з маленькімі чытачамі мы праводзім розныя мерапрыемствы, збіраемся на пасяджэннях экалагічнага клуба “Зялёная гасцёўня”.
— Ведаю, што вы любіце займацца кветкамі, вельмі шануеце прыроду. Мабыць, гэта падштурхнула вас да добраўпарадкавання тэрыторыі пры бібліятэцы?
— Так. Я вельмі люблю прыроду. Таму і пачала некалі на пустцы за бібліятэкай разам з сынам садзіць рабіны і каштаны. Пазней Нясвіжская раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя выдзеліла сродкі для набыцця ў гадавальніку дрэў, прыгожых кустарнікаў і кветак. Дзякуючы гэтаму, тэрыторыя каля бібліятэкі змянілася, пахарашэла. Я разбіла альпінарыі і клумбы навокал. Летам тут сапраўдны квітнеючы сад. Сюды прыбягаюць дзеці, каб дакрануцца да прыгажосці, пазнаёміцца з часцінкай расліннага свету Беларусі.
— Людміла Казіміраўна, што для вас ваша бібліятэка?
— Бібліятэка — гэта не толькі свет кніг, гэта і мае чытачы. Вельмі іх люблю. На работу іду, як на свята. У роднай вёсцы часта па просьбах чытачоў, асабліва сталага ўзросту, нашу кнігі ім дамоў. Люблю арганізоўваць мерапрыемствы для падлеткаў.
— Падзяліцеся, калі ласка, сваімі бліжэйшымі планамі.
— Ведаеце, ужо на працягу некалькіх месяцаў я кожную пятніцу фатаграфую лепшых чытачоў тыдня і ў перспектыве мне хочацца стварыць альбом “Лепшыя чытачы бібліятэкі”. Думаю, у хуткім часе вы зможаце яго ўбачыць. Наогул, планаў многа…
— Скажыце, калі ласка, што для вас шчасце?
— Шчасце — паняцце шырокае. Для мяне шчасце — гэта здаровыя дзеці і ўнукі. Гэта любімая работа. Шчаслівы той, хто працуе там, дзе падабаецца. Мне хочацца, каб пасля мяне прыйшоў хтосьці неабыякавы, хто б прадоўжыў пачатую справу.
Гутарыла
Зоя СІЛКОВА,
загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі цэнтральнай раённай бібліятэкі імя П. Пранузы.