У бязмежнай нябеснай вышыні ляцелі сівыя хмаркі. Павеялі зімовыя марозныя вятры. Хмаркі плакалі ад холаду, і іх слёзкі замярзалі, ператварыўшыся ў мільярды крышталёвых сняжынак. Так у небе нарадзіўся Снег, што белым пухам паляцеў насустрач зямлі.
Гарады і вёскі рыхтаваліся да сустрэчы Новага года і Каляд. Снег стварыў для ўсіх святочны настрой. Апрануў у бялюткія ўборы дрэвы і будынкі, заслаў пуховымі дыванамі шляхі і сцежкі, намёў сумёты ў дварах… Дзеці ляпілі снегавікоў, птушкі весела купаліся ў снезе, крадучыся па снежных дыванах прагульваліся каты, сцярушваючы снег з футра. Вакол панавала казка.
Падаючы за акном, снег з цікаўнасцю заглядаў у вокны дамоў, дзе за шыбамі мільгалі агеньчыкі гірлянд і гарэў агонь у камінах. У дамах было цёпла і ўтульна. Снег вельмі хацеў апынуцца там і быць госцем на свяце. Аднойчы, лётаючы за акном, ён убачыў у пакоі ёлачку. Зялёная прыгажуня ззяла бліскучымі пацеркамі і шарамі. Снег пазнаў яе, нядаўна прыпарошаную ім у лесе…
— Прывітанне, Ёлачка! Так рады я гэтай сустрэчы, — прашалясцеў снег за акном.
Ёлачка страпянулася, узмахнула махнатымі галінкамі і ціха прашаптала:
— Прывітанне… Я тут зараз галоўная госця на свяце, але мне так не хапае цябе, Снег…
У пакой увайшла гаспадыня дома. Міжволі залюбаваўшыся сняжынкамі, адчыніла на хвіліну акно. З парывам ветру Снег заляцеў у дом. Жаданне яго збылося. Такая жаданая і прыемная сустрэча адбылася. У пакой забеглі дзеці і з радасным крыкам “Лаві сняжынку шчасця!” кінуліся наўздагон… А Снег заплакаў ад шчасця, сцякаючы кроплямі па галінках сваёй Ёлачкі…
Мы на парозе Новага года. Няхай у кожным доме ёлкі запальваюцца агеньчыкамі дабра, любові, надзеі. І няхай у кожнага адбудзецца жаданая сустрэча са сваёй марай.
Аксана ШКРЭД,
г. Нясвіж.