Магазин автозапчастей “Das Auto” набирает всё большую популярность у автовладельцев Ушаччины
У апошні час усё больш станоўчых водгукаў даводзіцца чуць пра магазін аўтазапчастак “Das Auto” – за тры гады існавання кропка заваявала папулярнасць у аўтамабілістаў нашага раёна. Сакрэтам поспеху мы пацікавіліся ў яе ўладальніка, індывідуальнага прадпрымальніка Ігара Федарэнкі.
Свой прафесійны шлях пасля заканчэння Полацкага дзяржуніверсітэта ён пачынаў у адным з рамонтна-будаўнічых трэстаў сталіцы. Але разам з сябрам вельмі хацелі запусціць уласны бізнес. Вядома ж, у Мінску зрабіць гэта без вопыту ва ўмовах вялікай канкурэнцыі зусім няпроста. Таму і паехалі хлопцы рэалізоўваць сябе на малую радзіму.
– Чаму аўтазапчасткі? Па-першае, нават пры наяўнасці існуючых у гарпасёлку магазінаў такога профілю палічыў, што ніша гэта занята не поўнасцю: не ўсё мяне задавольвала, калі сам сутыкаўся з рамонтам, не заўсёды знаходзіў тое, што было патрэбна. Па-другое, колькасць аўтаўладальнікаў з кожным годам расце, тавар заўсёды запатрабаваны. Ну і па-трэцяе, лічу, што трэба займацца тым, да чаго ляжыць душа, а аўтамабільная тэма мне вельмі блізкая! – гаворыць І.Федарэнка.
Пачынаў на ўласным капітале без крэдытаў. Каля месяца пайшло на афармленне ўсіх неабходных дакументаў, а вось памяшканне знайшлося не так хутка. У 2015-м магазін пачаў работу, размясціўшыся на аўтавакзале. З усмешкай прыгадвае Ігар, што першы пакупнік набыў у яго… суперклей. У першы час было нялёгка, але малады чалавек не адчайваўся, паступова напрацоўваў базу кліентаў, заваёўваў іх давер, глыбей унікаў у справу, шукаў новых пастаўшчыкоў, быў і кіраўніком, і бухгалтарам, і прадаўцом адначасова. Не заўсёды ўсё атрымлівалася, але ўпартасць, сумленнасць і працавітасць хлопца ўсё ж узялі сваё. Праз паўгода “ў штаце” з’явіўся яшчэ адзін працаўнік і першы памочнік – Віталь Калітуха, а праз некаторы час ужо не хапала 15 арандаваных квадратаў. Прадпрымальнік прыглядваў большае памяшканне, і яно знайшлося на месцы былой трэнажорнай залы па Ленінскай,16.
Асартымент магазіна багаты і задаволіць нават самага патрабавальнага аўтамабіліста: машыннае масла, фільтры, “расходнікі” і многае іншае тут у наяўнасці на шырокі густ і кашалёк, ёсць мноства спадарожных тавараў кшталту лямпачак, батарэек ці нават гумавых ботаў. А любую запчастку для аўтамабіля прывязуць пад заказ, прычым, у самыя кароткія тэрміны – у той жа дзень ці максімум на наступны.
У “Das Auto” стараюцца знайсці падыход да кожнага кліента, каб яму захацелася прыйсці яшчэ. У кнізе заўваг і прапаноў за тры гады не з’явілася ніводнага запісу, а вось вусныя падзякі хлопцы чуюць кожны дзень. “Не адмаўляем у дапамозе жанчынам-аўтамабілістам, якія не ведаюць, як прымацаваць новыя шчоткі. Розныя бываюць у людзей сітуацыі, таму пры неабходнасці выходзім на работу і ў адзіны на тыдні выхадны”, – гаворыць І.Федарэнка.
Зімой рамонтам займаюцца ў выключных выпадках, але зацішша ў магазіне не назіраецца і на канікулы яго работнікі не ходзяць. У час нашай размовы сюды пастаянна заходзілі наведвальнікі. Наогул не бывае такога дня, каб ніхто не завітаў, часам і ля сотні пакупнікоў, а найбольшы ажыятаж назіраецца ў перыяд праходжання тэхагляду ва Ушачах. Трэба сказаць, актыўна супрацоўнічае магазін не толькі з прыватнікамі, а і многімі прадпрыемствамі і арганізацыямі раёна.
І.Федарэнка ўпэўнены, што ажыццявіць сваю мару можа кожны, галоўнае, каб было жаданне. Далёка ў будучыню ён не заглядвае. Мяркуе пакуль проста трымаць марку: прапаноўваць ушачанам усё неабходнае для іх аўто.
Вольга КАМАРКОВА.