Сустрэча з працоўным калектывам Смаргонскай птушкафабрыкі
З пэўнай інфармацыяй па гэтых пытаннях выступіў старшыня Сольскага сельвыканкама Міхаіл Мірскі. Ён адзначыў, што аглядавая камісія, у склад якой уваходзяць прадстаўнікі зацікаўленых службаў, за 11 месяцаў гэтага года наведала 70 працэнтаў хат і іншых пабудоў на тэрыторыі сельсавета ад агульнай іх колькасці. У домаўладаннях, дзе гэта неабходна, былі адрамантаваны печы, заменена электраправодка, устаноўлены пажарныя апавяшчальнікі, у тым ліку ў ведамасным жыллі, якое належыць мясцовай гаспадарцы.
Старшыня Сольскага сельвыканкама Міхаіл МІРСКІ расказвае аб сітуацыі з пажарамі на тэрыторыі сельсавета.
Людзей, якія вядуць асацыяльны лад жыцця, папрасілі ўстаць, каб на іх паглядзелі ўсе ўдзельнікі сходу.
Нягледзячы на прымаемыя меры, у Сольскім сельсавеце застаецца складаная сітуацыя з пажарамі. Сёлета іх здарылася 8, больш чым у мінулым годзе, 2 чалавекі загінулі. Яны вялі асацыяльны лад жыцця, злоўжывалі спіртнымі напіткамі. Да трагедыі ў абодвух выпадках прывяла непатушаная цыгарэта, якая стала прычынай загарання пасцельных ці іншых прыналежнасцей.
Намеснік старшыні райвыканкама Генадзь Бычко жорстка выказаўся на адрас вяскоўцаў, якія вядуць асацыяльны лад жыцця, ствараюць праблемы родным, блізкім, суседзям. Гэтыя людзі не думаюць аб сабе, аб сваіх непрадказальных дзеяннях. Турбавацца аб п’яніцах, каб з імі не здарылася нічога дрэннага, павінны адпаведныя дзяржаўныя структуры. Але, як адзначыў Генадзь Бычко, цярпенне лопнула і цяпер да названага вышэй кантынгенту будуць прымацца самыя жорсткія меры ўздзеяння як з боку праваахоўных органаў, так і іншых зацікаўленых службаў.
Намеснік старшыні райвыканкама Генадзь БЫЧКО выказвае жорсткія словы аб п’яніцах і абібоках.
Так, напэўна, і будзе, аб чым сведчыла эмацыянальнае выступленне начальніка райаддзела па надзвычайных сітуацыях Дзяніса Мінко, у якога таксама накіпела на душы. Ён нават выказаў жаданне пасля заканчэння мерапрыемства звадзіць мясцовых п’яніцаў (яны таксама прысутнічалі на сходзе) на недалёкае ад птушкафабрыкі папялішча, якое засталося ад хаты, дзе жыў аматар спіртных напіткаў, жыццё якога забраў агонь.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Іван Рамановіч, які ўзначальвае раённую камісію па працаўладкаванні, вырашыў пагутарыць з кожным з гэтых праблемных людзей, з кім яны жывуць, дзе знаходзяць сродкі для існавання, чаму п’юць. Сярод тых, хто злоўжывае спіртнымі напіткамі, былі некалькі пенсіянераў, астатнія людзі працаздольнага ўзросту, якія перабіваюцца часовымі заробкамі. Звяртаючыся да мужчын, Іван Рамановіч сказаў, што ў суправаджэнні ўчастковага інспектара міліцыі яны павінны ў бліжэйшы час з’явіцца на пасяджэнне раённай камісіі па працаўладкаванні.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Іван РАМАНОВІЧ гутарыць індывідуальна з кожным з людзей, якія вядуць асацыяльны лад жыцця.
Юрый ЯНУШКЕВІЧ.
Фота аўтара.