У Смаргоні правёў прыём грамадзян дырэктар Дэпартамента дзяржінспекцыі працы
20.12.2018
—
Разное
Прыём грамадзян па пытаннях выканання працоўнага заканадаўства правёў у Смаргоні дырэктар Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Віктар Сідаровіч. Да чыноўніка такога высокага рангу звярнуліся некалькі мясцовых жыхароў. Адзін з іх раней звяртаўся ў раённы і абласны суды, але іх рашэнне не задаволіла гэтага чалавека. Як таго патрабуе заканадаўства, Віктар Іванавіч параіў наведвальніку абскардзіць рашэнне двух названых вышэй судоў у Вярхоўным судзе Рэспублікі Беларусь.
Яшчэ адзін мужчына паскардзіўся на тое, што пры звальненні яму не выплацілі зарплату. Па гэтым звароце будзе праведзена разбіральніцтва, правераны неабходныя дакументы. У выпадку віны наймальніка, яго прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці, а былому работніку выплацяцяць неабходную суму грошай.
Па словах дырэктара Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Віктара Сідаровіча, зваротаў у вышэйстаячыя арганізацыі было б менш, калі б пэўная растлумачальная работа па пытаннях працоўнага заканадаўства праводзілася ў калектывах.
Юрый ЯНУШКЕВІЧ.
Фота аўтара.