Суверенитет для Беларуси — это святое
Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з прадстаўнікамі расійскай медыйнай супольнасці. У свой час ён уносіў мноства прапаноў па развіцці Саюзнай дзяржавы, аднак не ўсе былі ўспрыняты расійскім бокам.
Цяпер зноў пачалі ўзнімацца гэтыя пытанні, але схематычна, пры гэтым блытаецца палітыка і эканоміка. «У імя чаго? Навошта раптам цяпер? І што Расія хацела б, што яна прапануе?» — спытаў Прэзідэнт. Адказваючы на ўдакладняльнае пытанне, ці адчувае пагрозу суверэнітэту краіны, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што заўсёды ёсць пагроза з аднаго ці другога боку. Найбольшая адчуваецца з паўднёвай граніцы, адкуль хлынула зброя — вось гэта праблема.
Аб аднаўленні міру
"Беларусь зробіць усё, каб аднавіць мір і згоду паміж славянамі. Гэта нялёгка, але нават калі захаваецца самы малы шанц, сваіх спроб мы не пакінем. Будзем імкнуцца да таго, каб у нас тут, на тэрыторыі асноўных славянскіх дзяржаў, быў мір", — заявіў беларускі лідар.
У гэтым павінны дапамагчы і журналісты, перакананы Аляксандр Лукашэнка. "Хаця б таму, што ачагом канфліктаў часта становіцца менавіта медыйная прастора. Трэба ўсведамляць адказнасць за кожнае сказанае і напісанае слова. Калі яно разбурае мір і калечыць лёсы людзей, то ставіць журналіста ў адзін рад з салдатамі, якія страляюць на паражэнне. А некаторыя гавораць, што вы — зброя масавага паражэння. І я з гэтым згодны. Гэта гучыць жорстка, але як яшчэ дастукацца да тых, хто ігнаруе нормы не толькі прафесійнай этыкі, але і чалавечай маралі", — сказаў Прэзідэнт.
У час прэс-туру ў Беларусь расійскія журналісты і блогеры наведалі Полацк. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гэты горад — калыска славянскай дзяржаўнасці. "Калі ўзяць "Аповесць мінулых гадоў", то ад палачан пайшлі і крывічы, і севяране, а значыць, тут — на беларускай зямлі—знаходзіцца духоўны корань усяго расійскага паўночнага захаду: Смаленска, Пскова, Бранска, Белгарада і Курска", — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. Ён выказаў меркаванне, што магчыма таму ў нашай краіне асабліва цяжка і балюча ўспрымаецца любы канфлікт у славянскім свеце. Мы не можам застацца ў баку ад падзей, якія раздзяляюць блізкія па сваёй гісторыі, менталітэце і культуры народы.
Прэзідэнт Беларусі чарговы раз заклікае бакі, якія варагуюць, да практычных крокаў па вырашэнні канфлікту на ўсходзе Украіны. Лічыць, што трэба аднаўляць нармальныя адносіны, і гэта магчыма. "Але чым далей — тым горш. Я вам скажу сваю пазіцыю: усе баяцца, што там (ва Украіне. — Заўвага БЕЛТА) будзе НАТА. Я нядаўна Уладзіміру Уладзіміравічу сказаў: слухай, мы з табой хутка Госпада будзем прасіць, каб там было НАТА, а не адмарожаныя нацмены са стрэльбай. Вось да чаго мы можам давесці", — адзначыў Прэзідэнт.
Кіраўнік беларускай дзяржавы не выключыў, што ў далейшым у іх можа з'явіцца і ракетная зброя. "Вас не здзіўляе, што ў гэты момант ЗША выходзяць з дагавора аб абмежаванні ракет малой і сярэдняй далёкасці. А цяпер уявіце на хвілінку, што ў мяне пад Гомелем будуць стаяць ракеты з ядзернымі боегалоўкамі, а ў вас — пад Растовам. Як вам? Мы што, гэтага хацелі? Таму пакуль не позна, трэба галаву ў рукі ўзяць і не крычаць гвалтам, а нешта зрабіць, каб гэта спыніць", — заявіў беларускі лідар.
Прэзідэнт адзначыў, што без удзелу ЗША ніякая Еўропа праблему не вырашыць. "Але мы ўтраіх (Расія, Украіна і Беларусь. — Заўвага БЕЛТА) можам. Трэба сесці і падумаць, але для гэтага трэба адмовіцца ад нападкаў. Можа недзе нешта за дужкі вывесці, недзе нешта прабачыць на гэтым этапе.
Неабходна сабіраць “Хельсінкі-2”, каб неяк супакоіць свет, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Я бачу выратаванне ў гэтым, каб мы спыніліся хаця б, каб не беглі ў гонку ўзбраенняў і заўтрашнюю вайну. А мы ўжо амаль страляем адзін у аднаго.
У той жа час Прэзідэнт адзначыў, што краіны не могуць правесці паўнацэнны саміт АБСЕ (апошняя сустрэча кіраўнікоў дзяржаў адбылася ў Астане ў 2010 годзе, папярэдняя — у Стамбуле ў 1999 годзе), каб абмеркаваць актуальныя пытанні міжнароднай бяспекі, не кажучы ўжо пра запуск новага перагаворнага працэсу. "Гэта ж ганьба", — дадаў кіраўнік дзяржавы.
Узаемаадносіны з Расіяй
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што калі і аказваецца пэўная крэдытная падтрымка з расійскага боку, то, па-першае, гэта робіцца па значна большай працэнтнай стаўцы, чым крэдыты МВФ. З іншага боку, Расія крэдытуе канечнага спажыўца, які вырабляе тавар, у тым ліку з расійскіх камплектуючых.
"Калі мы сёння ад Расійскай Федэрацыі, напрыклад $4-5 млрд атрымалі крэдытаў, то кожны год за абслугоўванне гэтых крэдытаў плацім $1 млрд 200 млн", — сказаў Прэзідэнт.
"Вельмі часта я чытаю ў СМІ, чую нават ад прыхільнікаў нашага саюза: ну што мы кормім Беларусь? А некаторыя нават падлічылі, што за час незалежнасці нам аж $100 млрд адвалілі».
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што гэтыя разлікі звязаны з меркаваннямі аб патэнцыяльнай магчымасці прадаць беларускаму боку пэўныя тавары па больш высокай цане. "Па-першае, яшчэ трэба прадаць. Сёння Расія хацела б больш прадаць нафты і газу, але рынак не спажывае столькі. Таму так разважаць — глупства. А калі б яшчэ абвалілася эканоміка Беларусі, то і гэта не прадалі б. Гэта значыць 25 млрд кубаметраў газу і 24 млн тон нафты, якія мы купляем у Расіі, няхай нават без мытных пошлін (як у нас гэта прынята ў Мытным саюзе, а цяпер у ЕАЭС), тым не менш гэта вялікія грошы", — заўважыў беларускі лідар.
Прэзідэнт дадаў, што і сваімі таварамі Беларусь на расійскім рынку гандлюе без мытных пошлін з вялікім узаемным тавараабаротам.
Крок за крокам выконваць дагавор
У наступным годзе Беларусь і Расія адзначаць 20-годдзе падпісання Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, а таксама пяцігоддзе Еўразійскага эканамічнага саюза.
Прэзідэнт Беларусі расказаў аб сваім бачанні развіцця саюзнай інтэграцыі, аб тым, як Беларусі і Расіі зняць праблемныя пытанні ў адносінах, у тым ліку па энерганосьбітах, падатковым манеўры, адзінай прамысловай палітыцы.
Беларусь не патрабуе нізкіх цэн на газ, такіх як, напрыклад, для Смаленскай вобласці, дзе яны ў два-тры разы ніжэйшыя. "Мы патрабуем, каб былі выкананы нашы дамоўленасці — яны пранізваюць усе нашы пагадненні і дагаворы — аб роўных умовах для суб'ектаў гаспадарання", — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Наконт падатковага манеўру ў Расіі Прэзідэнт звярнуў увагу, што за тры гады яго правядзення беларускі бюджэт страціў амаль $3,5 млрд, да 2024 года яго страты, паводле розных ацэнак, складуць да $10,8 млрд. Фактычна мытныя пошліны ўводзяцца іншым шляхам, канстатаваў кіраўнік дзяржавы і падкрэсліў, што такім чынам разбураецца аснова саюза. "Была жалезная дамоўленасць: роўныя ўмовы для людзей, для суб'ектаў гаспадарання, каб развіваць інтэграцыю. Сёння гэта перакрэсліваецца", — перасцярог Аляксандр Лукашэнка.
Пра СМІ
"Цэнзуры ні ў якім разе быць не павінна, але павінны быць унутраны аўтарскі самакантроль і ўменне захоўваць баланс чорнага і белага, — падкрэсліў беларускі лідар.—Я катэгарычны праціўнік каму-небудзь закрываць рот. І не толькі таму, што я такі дэмакрат. Я зыходжу з прагматычнага пункту гледжання: усё гэта дарэмна. А яшчэ горш — на шкоду".
Прэзідэнт дадаў, што цэнзура асабліва бессэнсоўная ў эпоху інтэрнэта. Ён спакойна пачаў рэагаваць на фэйкі. Але галоўнае для яго — паглядзець, каму гэта выгадна і хто гэта распаўсюджвае. “Ты лепш у вочы глядзі і скажы або публічна, або ў закрытым рэжыме. Я прыхільнік такой палітыкі, а не закуліснай".
Па матэрыяле БЕЛТА.