Юные цымбалисты Ушачской детской школы искусств достойно выступили на конкурсе в Шарковщине
Неперадавальныя эмоцыі, якія дорыць чалавеку выступленне на вялікай сцэне, варта адчуць кожнаму юнаму выканаўцу. Гэта не толькі адрэналін творчага спаборніцтва, а і магчымасць ацаніць свой узровень, стымул да ўдасканалення. А таму ўпэўнена, што навучэнцаў нашай школы абавязкова трэба накіроўваць на фестывалі і конкурсы, якіх зараз праводзіцца даволі шмат.
Так, днямі мы наладзілі творчую вандроўку ў Шаркаўшчыну, дзе праходзіў ІІІ адкрыты рэгіянальны фестываль ансамблевай музыкі “Вясёлка сугуччаў”. Ушацкую школу мастацтваў на ім прадстаўляў квартэт юных цымбалістаў у складзе Ілоны Антуновіч, Аліны Зарубы, Івана Драгуна і Мікіты Крыжэўскага. Дапамагала дзецям у выступленні канцэртмайстар Аліна Сідарчук. Усе ўдзельнікі ансамбля ўпершыню паказвалі свае ўменні на конкурснай сцэне, дзе ім давялося спаборнічаць не толькі з беларускімі выканаўцамі, а і прадстаўнікамі Расіі, Літвы, Латвіі. І трэба сказаць, што ўшачане вельмі дастойна выглядалі на фоне іншых канкурсантаў. Як вядома, цымбалы – адзін з брэндаў Беларусі, і наш квартэт надзвычай арганічна ўпісаўся ў праграму выступленняў. Асабліва ж членам журы спадабалася тое, што ў яго складзе былі не толькі дзяўчаты, але і хлопцы, якія не так часта абіраюць гэты цудоўны інструмент. І, канечне ж, усім нам было цікава не толькі сябе паказаць, але і на іншых паглядзець. А конкурс атрымаўся відовішчным: запомніліся, напрыклад, выступленні ансамбля трубачоў з Пскоўскай вобласці, латышскіх дзяўчат-каклеістак (народны струнны шчыпковы інструмент коклес усім нам давялося бачыць упершыню), яркі нумар лыжкароў, што быў удастоены гран-пры. А вось якімі думкамі падзяліліся нашы музыканты, сёлетнія выпускнікі Ілона і Іван: “Паездка прынесла самыя яркія ўражанні, а дыпломы ўдзельнікаў фестывалю будуць нагадваць пра цікавыя гады навучання ў школе мастацтваў!”
Мне ж хочацца падзякаваць усім, хто дапамог яе арганізаваць, і ў першую чаргу бацькам юных музыкантаў. Дарэчы, яны, а таксама наш спонсар – індывідуальны прадпрымальнік з райцэнтра, вылучылі сродкі на выраб чахлоў для інструментаў, якія мы дагэтуль перавозілі, абгортваючы ў простую тканіну. Удзячны мы таксама аддзелу ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, на аўтобусе якога здзейснілі сваё музычнае падарожжа. І ўпэўнены, што яно будзе далёка не апошнім!
Ірына КОРШУН, выкладчык Ушацкай дзіцячай школы мастацтваў.