“Я - даследчык”, або Як дашкаляты Смаргоншчыны здзіўлялі сваімі даследаваннямі сур’ёзнае журы
Як малако ператвараецца ў ёгурт.
Выхаванцы старэйшых груп дзіцячых садкоў прадстаўлялі свае работы ў чатырох намінацыях: “Бюро знаходак”, “Мая Радзіма – Беларусь”, “Незвычайнае ў звычайным”, “Дзіця і прырода”. Ажно 15 даследчых работ спаборнічалі за званне лепшай у сваёй намінацыі.
Першай намінацыяй стала “Бюро знаходак”. Пра тое, што выбраць пераможцаў конкурсу будзе складана, стала бачна ўжо падчас першых выступленняў. Выхаванка дзіцячага сада №13 Аліса Саламатава разам з маці, татам і выхавальнікамі даследавалі ўласцівасці дражджавога цеста. Эксперыментальным шляхам было ўстаноўлена, чаму цеста расце, якія ўмовы для гэтага неабходны, і як называюцца складанейшыя працэсы, якія адбываюцца ў працэсе жыццядзейнасці дражджэй. Аліса, падобная на вопытнага фізіка, дакладна расказала пра ўсе вывучаныя з’явы, а пасля прапанавала пачаставацца піражкамі, якіх напякла разам з маці.
Цудадзейнае ператварэнне малака ў ёгурт разам са сваёй маці даследавала Дар’я Жук з ясляў сада №14. Прысутныя даведаліся, чаму ёгурт карысней, чым малако, і як правільна яго прыгатаваць.
Яшчэ адзін малочны прадукт стаў аб’ектам даследавання маленькіх вучоных. Карына Лукашэвіч і Яна Яжэўская з Крэва вывучалі сыр, а дакладней, яго дзіркі. Дапытлівых дзяўчынак цікавіла пытанне, хто ж і навошта дзіравіць сыр? Можа гэта дождж? Можа мышы? А можа тата, узяўшы дрыль? І ім удалося знайсці адказы на пытанне і нават устанавіць, што чым больш дзірак у сыры, тым ён смачнейшы.
Лепшай у намінацыі “Бюро знаходак” была прызнана работа Данілы Якубчыка з ясляў-сада №9, які даследаваў розныя віды гадзіннікаў. Многія дарослыя прызнаваліся, што нават яны не ведалі таго, што ў свае дзіцячыя гады ведае Даніла.
Не менш цікавымі для гледачоў былі выступленні ўдзельнікаў, якія спаборнічалі ў іншых намінацыях. Адчувалася сур’ёзнасць падрыхтоўкі і дзяцей, і тых, хто ім дапамагаў. У намінацыі “Незвычайнае ў звычайным” перамагло даследаванне, якое правялі Вікторыя Шэнцерава і Цімафей Сапач з ясляў-сада №15. Літаральна на вачах прысутных звычайна макулатура ператварылася ў паперу, прыгодную для выкарыстання. А вось у намінацыі “Дзіця і прырода” першае месца прысудзілі рабоце “Чаму лён золатам называюць”. Яе падрыхтавалі Вікторыя Болтушава, Вера Тамашэвіч і Яна Швабовіч з ясляў-сада №6. Усе пераможцы прымуць удзел у абласным этапе конкурсу і пастараюцца здзівіць сваімі даследаваннямі яшчэ больш сур’ёзнае журы.
Кацярына ДУКСА з Сольскіх ясляў-сада даследавала саломку.
Сямён ХАРКЕВІЧ з ясляў-сада №8 расказвае, якімі бываюць кнігі.
Таццяна ЧАРНЯЎСКАЯ.
Фота аўтара.