З блакнотам па раёне. Пасёлак Кіраўскае і Дзікае балота
У пасёлка Кіраўскае да 1961 года была іншая назва — Дзікае. Менавіта яна цвёрда ўкаранілася ў памяці мясцовага насельніцтва і глушчан. І зараз, у нашы дні, па-ранейшаму многа хто называе гэты населены пункт, як колісь, — Дзікае. Дык адкуль жа ўзялася такая назва? Вось што пра гэта напісана ў кнізе “Памяць. Глускі раён”: “Каля сучаснага пасёлка раней быў невялікі хутар Дзікае. На балоце побач з возерам Дзікае ў 1930-я гады выяўлены вялікія запасы торфу (пад слоем торфу Дзікага балота выяўлены радовішчы сапрапеляў, запасы якога складаюць 1,9 млн кубаметраў), а ў 1956 годзе з пашырэннем торфараспрацовак пачаў стварацца пасёлак…”
Праязджаючы па шашы Бабруйск — Любань, міжволі звяртаеш увагу на надпіс “Кіраўскае”. Там, за махнатымі лапамі хваёвых дрэў, праз некалькі дзясяткаў метраў, адкрываецца від на паселішча, візітнай карткай якога сягоння лічыцца Кіраўскае лясніцтва. Адміністрацыйны будынак яго размешчаны акурат на ўездзе ў пасёлак, па правы яго бок. А потым ідуць дамы. Тут, у Кіраўскім, тры вуліцы — Савецкая, Рабочая, Леніна — і адзін завулак Школьны, і асабліва кідаецца ў вочы нейкае запусценне. Хаця раней, гадоў трыццаць назад, пасёлак меў зусім іншы выгляд: заселеныя дамы, выгараджаныя вуліцы, шмат пабудоў сацыяльнай сферы…
— Час няўмольны, здаецца, яшчэ нядаўна наша Кіраўскае было адным з цывілізаваных месцаў у раёне, з кіпучымі буднямі і шчодрымі святамі, — дзеліцца ўспамінамі стараста пасёлка Галіна Каблаш. — Да нас збіралася моладзь з усёй акругі, а Дом культуры прызнавалі адным з лепшых у раёне. Людзі любілі жыццё і радаваліся яму. Нікога не трэба было прымушаць удзельнічаць у мастацкай самадзейнасці, неймавернае жаданне хадзіць у клуб было як у моладзі, так і ў людзей старэйшага ўзросту. Сваім энтузіязмам, запалам усіх аб’ядноўваў вакол сябе яго загадчык Генадзь Ананіч. Памятаю, захацелі неяк, каб у нас быў арган. Што рабіць? Сродкаў на яго набыццё ніхто не дае, вось тады і вырашылі купіць самі. Лішніх грошай ні ў кога не было, трэба было зарабіць. І тут усе дружна прыйшлі да думкі, што грошы будзем зарабляць у лесе. На той час як раз паспелі буякі. Назбіралі, павезлі ў Бабруйск і прадалі. Так у клубе з’явіўся арган, які потым не ведалі, як паставіць на баланс, але гэта ўжо другая гісторыя. Таксама ў клубе было піяніна, на якім іграла Ніна Садоўская. Калі па выхадных або ў святы там збіралася шмат народу, Ніна Саламонаўна садзілася за піяніна і пачынала іграць паланез Агінскага — гэта быў яе каронны нумар. Настолькі кранальна, што людзі гатовы былі слухаць такую музыку яшчэ і яшчэ раз. Ды што там казаць, нашы музыкі славіліся на ўсю акругу. Адзін Браніслаў Яблонскі чаго быў варты са сваім гармонікам. Як расцягне мех ды зайграе польку, дык ногі самі ў пляс ідуць.