“Я закахалася ў другога, адчапіся!”...

Источник материала:  
13.12.2018 — Разное
“Я закахалася ў другога, адчапіся!”...

 У Івацэвіцкі РАУС звярнуўся жыхар в. Хадакі. Сутнасць: прапаў сын М. Паехаў, маўляў, з ранку ў Івацэвічы – і не вярнуўся, на тэлефанаванні не адказвае. Мы прыняліся за пошукі, па дадзеным факце было зроблена паведамленне ў суседнія райаддзелы міліцыі. 

Выпадак нават трапіў у зводкі Брэсцкага УУС.

Але канец гэтай гісторыі даволі празаічны. Як высветлілася, М. у той дзень сустрэў у Івацэвічах сяброў, яны “затарыліся” алкаголем, паехалі ў Яглевічы, дзе “галівудзілі” цэлую ноч. Пра тое, што можна было б і папярэдзіць родных, жонку, якая ў тыя дні знаходзілася ў бальніцы, каб не хваляваліся, каб не паднімалі на ногі міліцыю, – М. і ў галаву такое не прыйшло. Між тым, міліцыя вымушана траціць час і сродкі на пошукі чалавека ў сітуацыі, дзе ніякага крымінальнага следу не назіраецца.

Вось іншы, у многім падобны выпадак. У райаддзел міліцыі летам звярнулася маладая жанчына: прапаў брат, не адказвае на тэлефанаванні, можа, крый Божа, што здарылася. Зноў міліцыя адпрацоўвае самыя розныя версіі, праводзіць апытанні знаёмых, але праз чатыры дні высвятляецца, што ўвесь гэты час малады чалавек адпачываў… на беразе Чамялоўскага возера. Чаму, маўляў, не? Спякота на вуліцы, вольнага часу многа, на беразе вадаёма можна прыгатаваць шашлыкі, загараць, лавіць рыбу… А вось зрабіць дамоў тэлефанаванне – пра гэта ён думаў мала, тым больш, мабільнік разрадзіўся.

Таксама ў райадзел міліцыі звярнуўся Г., жыхар в. Стайкі. Маўляў, прапала жонка, ужо каля 1,5 месяца, як пайшла з дому. Ужо ў першыя гадзіны разбіральніцтва мы пачынаем разумець, што і тут абыходзіцца без крымінальнага здарэння, бо жанчыну бачылі ў Івацэвічах, дзе яна прагульвалася з іншым мужчынам. А мужу ўжо пасля адкрыта паведаміла: “Я закахалася ў другога, адчапіся”… 

Яшчэ адзін у многім падобны выпадак: Ф., жыхар Івацэвічаў, патэлефанаваў у РАУС: прапала сужыцелька, тры дні не ведаю, дзе яна. Праз пэўны час мы яе знаходзім… у Ваўкавыску, яна таксама знайшла сабе мужчыну і ў наш райцэнтр вяртацца не плануе... 
Малады мужчына з Івацэвічаў паехаў у медыцынскую ўстанову Брэста – і таксама “знік”. Маці забіла трывогу, мы выязджалі ў абласны цэнтр. І вось што высветлілася: сын знайшоў у Брэсце сяброў – і пачалося вясёлае жыццё, п’янкі-гулянкі ў кафэ-рэстаранах, а ў абласную бальніцу ён так і не пайшоў… 
З усімі гэтымі грамадзянамі праведзены прафілактычныя гутаркі, ёсць надзея, што яны зразумеюць: за іх лёс непакояцца, іх шукаюць. Вельмі важна гэта разумець! У час агульнай “мабілізацыі” няўжо цяжка зрабіць адно тэлефанаванне ці хаця б СМС-паведамленне скінуць бацькам ці жонцы (мужу), што жыву сваім жыццём і што сітуацыя не патрабуе ўмяшання праваахоўных органаў?

З другога боку, як дзейнічаць у сітуацыі, калі ўзніклі падазрэнні, што прапаў ваш родзіч, знаёмы? Па-першае, пастарайцеся максімальна поўна вывучыць усе абставіны, апытаць суседзяў, родных. Канешне, важна зрабіць тэлефанаванне ў міліцыю, але не меней важна, паўтаруся, атрымаць поўную інфармацыю і не ўпадаць у істэрыку раней часу. Вось адзін з выпадкаў адыходзячага года: жыхарка Пагор’я патэлефанавала на 102: прапаў яе сябар, які пражывае таксама ў гэтай вёсцы. Хата, маўляў, закрытая, яго нідзе не відаць, на тэлефанаванні не адказвае. Следчы, участковы, оперупаўнаважаны эксперт выехалі ў Пагор’е, але пакуль прыехалі ў гэты населены пункт амаль за 40 кіламетраў, то той самы сусед… ужо з’явіўся дома. Аказваецца ён ездзіў у Баранавічы, а сваёй сяброўцы нічога не сказаў пра гэта. А яна, не разабраўшыся, падняла трывогу…
Дзмітрый КУЦКО, оперупаўнаважаны аддзялення крымінальнага вышуку Івацэвіцкага РАУС, Аляксандр ГОРБАЧ, “ІВ”.   
 
←Генпрокуратура нашла волокиту в работе с заявлениями граждан о преступлениях

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика