Укралі… пяць чыгунных ваннаў
13.12.2018
—
Разное
На сакрэт, што каляровыя металы і звычайны метал у апошнія гады карыстаюцца асаблівай “любоўю” ў злодзея. Прымаюць іх па даволі высокай цане, карацей, чым цяжэй “жалезка”, тым пасля больш цяжка ў кашальку, як спяваюць у вядомай песні.
У адыходзячым годзе ў райаддзел міліцыі паступіла пяць зваротаў ад жыхароў Івацэвіцкага раёна аб тым, што ў іх укралі чыгунныя ванны. Многім вядома, што дачнікі-агароднікі любяць прыстасоўваць старыя рэчы ў садах-агародах, у дадзеным выпадку ванны, як ёмістасць для вады. Вады можна наліць многа, за дзень яна нагрэлася – вечарам палівай агурочкі, капусту, памідоры…
Але такім гаспадарам трэба разумець: за такую ванную можна выручыць някепскія грошы. Таму пакідаць яе на садовых участках, на агародах на асенне-зімовы перыяд – гэта значыць, прыцягваць злодзея.
За апошнія тыдні ўкрадзены аж тры такія ванны – усе з участкаў у пасёлку Зялёны Бор. Раней зафіксаваны крадзеж чыгуннай ванны з падвальнага памяшкання шматпавярхоўкі ў Івацэвічах па вул. Савецкай: гаспадары кватэры пасля рамонту ў кватэры неабачліва пакінулі яе на пэўны час. Вось яна і “сплыла”. Звычайна злодзеі дзейнічаюць па наступнай схеме: пераносяць гэты прадмет (важыць каля 100 кілаграмаў) у больш-менш ціхае месца – і разбіваюць. Пасля кавалкі збіраюць у мяхі, грузяць у аўтамабіль...
Міліцыя робіць усё магчымае, каб вывесці гэтых зладзеяў на чыстую ваду. Разам з тым, хачу папрасіць жыхароў раёна: у асенне-зімовы перыяд такія прадметы лепш не пакідаць у даступным месцы. Па вялікім рахунку, гаспадары маглі б і самі здаць старую чыгунную ванную, атрымаць пэўную суму грошай, на частку ад якіх можна купіць ёмістасць з пластыку – каштуе танна, як накапляльнік вады можа выкарыстоўвацца доўгія гады. І злодзея пластык звычайна мала цікавіць…
Андрэй БУРДЗЬ, начальнік аддзялення крымінальнага вышуку Івацэвіцкага РАУС.