Мовай паэзіі аб самым сакральным

Источник материала:  
11.12.2018 06:30 — Разное

 Мовай паэзіі аб самым сакральным

“Жизни нет предела” – так па-філасовску аптымістычна, па-хрысціянску сцвярджальна назваў свой новы зборнік духоўных вершаў берасцейскі самабытны паэт Іван Дацкевіч. Пятае па ліку аўтарскае выданне пабачыла свет у выдавецтве ААТ “Брэсцкая друкарня” лістападаўскім днём бягучага года.

Іван Трафімавіч доўгі час жыў і прцаваў у Прадураллі (Расія), дзе пазнаёміўся і пасябраваў з расійскімі паэтамі Мікалаем Дамавітавым, Уладзімірам Радкевічам, Львом Сарокіным, Венядзіктам Станцэвым і праз іх далучыўся да прафесійнай літаратурнай творчасці. Праўда, выдаць уласныя зборнікі яму пашчасціла толькі на малай радзіме, якая з любоўю і ласкай сустрэла сына-паэта, атуліла і натхніла ягоную творчую душу. 

У зборнік увайшлі ўсе вершы духоўнага зместу, напісаныя аўтарам у асноўным з 2011 па 2018 год, а таксама некалькі твораў, напісаных за апошняе дзесяцігоддзе мінулага стагоддзя, якія не ўвайшлі ў папярэднія зборнікі.

Ужо з першых старонак выдання зразумела, што перад намі паэзія не толькі майстра мастацкага слова, але і выдатнага паэта-філосафа, удумлівага і аўтарытэтнага аналітыка-духаўніка, разважлівага і кампетэнтнага даследчыка чалавечай душы, спрадвечных праблем зямнога існавання, а галоўнае – асоба, якая імкнецца да спасціжэння Усяленскай сутнасці.

Усе вершы напісаны на рускай мове і паяднаны агульнай філасофска-духоўнай тэматыкай. Аднак удумлівы і ўважлівы чытач знойдзе ў іх як лірычныя адступленні і пейзажныя замалёўкі, так і патрыятычныя прызнанні ды шчырыя разважанні аўтара аб сэнсе жыцця на зямлі, аб бяссмерці чалавечай душы, адшукае радкі, у якіх сцвярджаецца існаванне Божага Розуму – Стваральніка Сусвету.

“Я преклоняюсь пред Разумом мудрым и светлым”, – прызнаецца паэт і тут жа доказна даводзіць да чытача:

Бог в этот мир поселил нас не ради забавы
И, не скупясь, наградил нас бессмертной душой.
Что ж их так много – желающих власти и славы?
Или для светлого разума час на Земле не пришёл?

Адораны аналітычным розумам, здаровай логікай і падмацаваны багатым жыццёвым вопытам майстар мастацкага слова мовай паэзіі пераконвае нас у неабходнасці жывіць і насычаць сваю душу хрысціянскімі каштоўнасцямі: любоўю, міласэрнасцю і дабрынёй, заклікае штодзённа ўзбагачацца сапраўднай, а не ўяўнай духоўнасцю.

Кажуць, што вершы – гэта мары паэта пра будучае і ўспаміны аб мінулым. Няхай сабе і так. Але ж не ў кожнага паэта і не ў кожным творы прысутнічаюць гэтыя мары і ўспаміны, бо адкуль тады бяруцца паэты-прарокі, паэты-мысліцелі, паэты-рэалісты? Вось і Іван Дацкевіч – паэт адметнага таленту, асаблівага складу і накіравання. У яго свая сіла і логіка мыслення, свае погляды і задачы. Яго здольнасці, светапогляд, светаадчуванне і светаразуменне больш значныя і маштабныя. Яго творчасць нашмат глыбей і вышэй, чым здаецца на першы погляд. Але каб пераканацца ў гэтым, трэба самому прачытаць новую кнігу нашага таленавітага пеэта з Жабінкаўшчыны.

Надзея ПАРЧУК, паэт, літаратурны крытык

Яндекс.Метрика