Лось на дарозе - чакай бяды
10.12.2018
—
Разное
Гэтае дарожна-транспартнае здарэнне адбылося вечарам 6 снежня на “алімпійцы” каля в. Няхачава. 44-гадовая жыхарка Баранавіцкага раёна рухалася на “Аўдзі”, раптам на дарогу выскачылі два ласі. Жанчына не паспела спыніцца, збіла гэтых жывёл, адна з якіх нават трапіла ў салон легкавіка.
У выніку ДТЗ жанчына атрымала вельмі цяжкія траўмы. Ласі загінулі. З моманту ДТЗ пацярпелая знаходзіцца ў рэанімацыйным аддзяленні УАЗ “Івацэвіцкая ЦРБ”. Як паведамляе кіраўніцтва ЦРБ, праведзена медыцынская аперацыя на галаве, жанчына знаходзіцца ў непрытомным стане, стан яе – цяжкі.
Да 50 сутыкненняў аўтамабіляў з дзікімі жывёламі фіксуецца ў нашым раёне штогод. Сутыкненні менавіта з ласямі нясуць найбольшую пагрозу, бо “падрэзаны” ўдарам лось звычайна ляціць у лабавое шкло, пагроза жыццю вадзіцеля і пасажыраў велізарная. Не кожны выпадак заканчваецца трагедыяй, але здараецца і непапраўнае.
Аляксандр ГОРБАЧ.