Сёлета ветэрану Вялікай Айчыннай вайны з Красненскага сельсавета Пятру Іосіфавічу Шэўка споўнілася 93 гады. Яго жыццё лёгкім ніяк не назавеш: зведаў трагічныя падзеі ваеннага ліхалецця, вярнуўшыся на родную зямлю, разам з аднавяскоўцамі будаваў здабытае людскімі ахвярамі мірнае жыццё. Нягледзячы на няпросты лёс, аптымізму, рухавасці і бадзёрасці ветэрана сёння можна толькі пазайздросціць.
– Калі прызвалі ў армію, мне было 19 гадоў. У звычайным вагоне таварнага цягніка нас прывезлі на станцыю Алабіна, што пад Масквой, – успамінае Пётр Шэўка. – Навучылі страляць – і на перадавую. Колькі кіламетраў прайшлі пешшу ў поўным абмундзіраванні, сказаць цяжка. Фізічная стомленасць і маральнае напружанне ўзрасталі па меры таго, як набліжаліся да прускай мяжы. Потым былі наступленні, баявыя дзеянні, стральба і нямецкія кулі, раны ад якіх і сёння даюць аб сабе знаць. Жудасна бачыць смерць тых, хто імгненне таму ішоў побач. З 40 юнакоў з нашай вёскі ў Прыдаткі вярнулася меншая палова.
У 1945 годзе кожная сям’я радавалася вялікай перамозе і з надзеяй глядзела ў будучыню. Безумоўна, пасляваенны перыяд – неймаверна цяжкі час, калі трэба было аднаўляць усе здабыткі даваеннага жыцця. Вярнуўшыся ў родную вёску, якую вайна закранула ўскосна, Пётр Іосіфавіч з-за атрыманых раненняў не адразу змог уладкавацца на працу. Больш-менш адужэўшы, мужчына пайшоў працаваць у брыгаду калгаса “Новае жыццё”: касіў, апрацоўваў зямлю, цюкаваў лён, чысціў збожжавыя на зернясховішчы, працаваў на свінарніку, за што налічваліся працадні. За кожны працадзень сяляне атрымлівалі прадукты харчавання, якіх, безумоўна, было недастаткова, каб пракарміць сям’ю. Падтрымлівала асабістая гаспадарка, якая ў той час была, бадай што, у кожнага жыхара вёскі.
– Што тут казаць, цяжка жылося ў вёсцы ў пасляваенны час. Асноўнай працоўнай сілай быў селянін, – успамінае ветэран вайны. – Сельгастэхніка была разбіта падчас вайны, коней было мала, самім у плуг даводзілася запрагацца. Аб якіх высокіх ураджаях можна было марыць, калі зямля знаходзілася ў поўным запусценні. Каб дабіцца нейкіх вынікаў, неабходна было прыкласці шмат намаганняў. Таму і працавалі мы з ранку да позняга вечара без выхадных дзён. Моладзь у вёсцы заставацца не хацела, усе імкнуліся трапіць у горад. Гэта сёння мы прывыклі ўсё купляць у магазінах, нават бульбу. У пасляваенны ж час усе прадукты харчавання людзі атрымлівалі з агарода і асабістай гаспадаркі. Вопратку таксама не куплялі. Помню, як маці ўсю зіму на кроснах ткала, потым кашулі шыла. Бывала, калі карову трэба набыць альбо каня, у Навагрудак на базар пешшу хадзілі.
Як сапраўдны гаспадар, ажаніўшыся ў 1955 годзе, Пётр Іосіфавіч пабудаваў дом. Менавіта так, пабудаваў уласнымі рукамі.
– Купіў толькі зруб, усё астатняе рабіў сам: і падлогу слаў, і дах накрываў. Больш шасцідзесяці гадоў ужо тут жыву, – адзначае ветэран вайны, акінуўшы вокам прасторны пакой.
Шчыра кажучы, пераступіўшы парог дома Пятра Іосіфавіча, ніколі не скажаш, што ў ім гаспадар жыве адзін: настолькі чыста, утульна і акуратна.
– Ужо як год застаўся адзін, – адзначае ветэран вайны. – Спраўляюся сам. І падлогу падмяту, і есці звару. Невялікую гаспадарку маю: козы ды куры. Куды ў магазін хаджу? У Краснае, да канторы, тут усяго кіламетра два будзе. Памятаю, калі ў калгасе ў Малюшычах памочнікам брыгадзіра машынна-трактарнай станцыі працаваў, дык даводзілася па кіламетраў дваццаць толькі ў адзін бок праходзіць. Усё жыццё быў у руху, таму і сёння сядзець на месцы не магу. Калі што трэба, саджуся на ровар і дзесьці праз паўгадзіны я на базары ў Карэлічах.
Вось з каго трэба браць прыклад сучаснай моладзі. Зведаўшы цяжар вайны і нястачы пасляваенных гадоў, Пётр Іосіфавіч навучыўся цаніць і любіць жыццё, радавацца кожнаму моманту і з аптымізмам глядзець у будучыню.
Аксана ЯНУШ
Фота аўтара і з архіва газеты «Полымя»