Аўтобуснага "зайца" ў Слуцку збілі да крыві
Фота: Ніна Крывадубская / kurjer.info
Сведкамі незвычайнага здарэння сталі жыхары Слуцка ўвечары 6 снежня, піша kurjer.info.
Інцыдэнт адбыўся на прыпынку "Зялёная" каля 18-й гадзіны. Сведка здарэння Леанід распавёў журналістам: "Там стаяў аўтобус №21, з адчыненых дзвярэй кандуктар спрабавала выпхнуць мужчыну гадоў сарака. У яе гэта не атрымалася. Тады з салона выйшаў здаравенны бугай, схапіў яго за руку і выкінуў на вуліцу. Ён з усяе сілы стукнуў яго, і той упаў наніз, стукнуўшыся галавой аб бетонную плітку тратуара. Я пачуў страшны гук. Здалося, што галава таго, хто паваліўся, трэснула. З галавы пацякла кроў. Бугай выскачыў з аўтобуса і працягнуў біць кулакамі ляжачага мужчыну. Потым устаў і быццам хацеў сесці ў аўтобус, але зноў вярнуўся і стаў біць яго ўжо нагамі".
Відавочца кажа, што не меў з сабой тэлефона, таму папрасіў кіроўцу аўтобуса выклікаць міліцыю і "хуткую". Той адмовіўся гэта рабіць і дадаў: "Скардзіся каму хочаш!" Кандуктар, па словах мужчыны, таксама стаяла ў салоне і проста глядзела на гэтае збіццё. Ніхто з пасажыраў таксама не выклікаў ні міліцыю, ні "хуткую" і не спрабаваў нават словамі спыніць байца. Збіўшы ахвяру, той вярнуўся ў салон, кіроўца зачыніў дзверы і паехаў.
"Я і яшчэ дзве жанчыны падышлі да ляжачага мужчыны. Галава яго была разбітая, кроў выцякла на тратуар. Мы паспрабавалі яго падняць. Ён быў у стане шоку", — кажа Леанід. Ён кажа, што затэлефанаваў дыспетчару аўтапарка і паведаміў пра здарэнне. Тая паабяцала, што ў аўтапарку будуць разбірацца.
Яшчэ адна случанка, якая была сведкай інцыдэнту, удакладніла, што мужчына, якога потым збілі, не аплаціў праезд і стаяў моўчкі. Кандуктар патрабавала, каб ён набыў квіток. Да размову далучыўся адзін з пасажыраў, які стаў крычаць, што ён сам кандуктар, і патрабаваў аплаціць праезд.
Калі аўтобус спыніўся, мужчына нагамі выпхнуў "зайца" з аўтобуса, а потым ужо ў канфлікт умяшаўся дужы хлопец, які збіваў мужчыну на вуліцы.
Дырэктар слуцкага аўтапарка №2 Мікалай Валетка заявіў, што пра гэтую сітуацыю нічога не ведае. "Кандуктар і кіроўца павінны былі праінфармаваць пра здарэнне сваё начальства і выклікаць міліцыю", — падкрэсліў ён