Аператыўны канал: інфармацыя Смаргонскага раённага аддзела Следчага камітэта
* * *
Жывучы ў Астраўцы, не ўсочыш за тым, што адбываецца ў смаргонскіх Кавалях. А ў гэтай вёсцы ў жыхаркі суседняга райцэнтра знаходзіцца сядзіба. І нехта паклаў на яе вока, пасля чаго з гаспадарчых пабудоў і лазні зніклі газавы балон, посуд, металалом, саломарэзка, дэталі рухавіка мотаблока.
* * *
Узбуджана крымінальная справа супраць смаргонца за незаконнае паляванне, падчас якога была застрэлена казуля непадалёку ад вёскі Мікулеўшчына.
А справа была так: паляўнічыя на законных падставах падстрэлілі казулю, аформілі неабходныя ў такіх выпадках дакументы. Крыху пазней паляўнічы падстрэліў яшчэ адну казулю, але ўжо не ў рамках законнага палявання. Потым мужчына папрасіў двух мясцовых жыхароў, каб дапамаглі яму вывезці і разабраць жывёліну.
Браканьерства выявілі работнікі прыродаахоўнай інспекцыі.
* * *
Жыхар вёскі Наваспаск прычыніў пранікальнае раненне жыхару Смаргоні. Прычына інцыдэнту - непрыязныя адносіны.
* * *
Узбуджана крымінальная справа за транспарціроўку казулі. Аўтамашына збіла яе на дарозе, а жыхар нашага раёна спыніўся, закінуў тушу ў багажнік і павёз дамоў.
* * *
У вёсцы Васілевічы злачынца адціснуў дзвярны прабой, залез у гаспадарчую пабудову, якая належыць жыхару Смаргоні, і ўкраў адтуль бензапілу, гаечныя ключы, садовыя нажніцы, іншы інструмент.
На наступны дзень было ўстаноўлена, што крадзеж учыніў раней неаднаразова судзімы жыхар вёскі Наваспаск. Яго затрымалі і змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання райаддзела міліцыі.
* * *
Бацька разам з сынамі школьнага ўзросту, якія жывуць у аграгарадку Асінаўшчызна, наведаліся ў вёску Мацюляны, дзе з падворка дачнага дома, што належыць жыхарцы Мінска, укралі стальны бытавы лом.
* * *
Узбуджана крымінальная справа за пагрозу забойствам. Знаходзячыся на здымнай кватэры, мужчына махаў нажом і выказваў пагрозы забойствам сваёй сужыцельцы і яе непаўналетняму сыну.
Інфармацыю раённага аддзела Следчага камітэта падрыхтаваў да друку Юрый ЯНУШКЕВІЧ.
Фотаздымак выкарыстаны ў якасці ілюстрацыі.