НА АБЛАСНЫМ УЗРОЎНІ: Сёння добра. А што будзе заўтра?

Источник материала:  
30.11.2018 — Разное

НА АБЛАСНЫМ УЗРОЎНІ: Сёння добра. А што будзе заўтра?
Заўтрашні дзень жывёлагадоўчай галіны, канкрэтныя захады па вырашэнні праблем у вытворчасці малака і мяса, новыя тэхналогіі і скарачэнне затрат – такія пытанні адрасаваліся старшынёю Брэсцкага аблвыканкама Анатолем Васільевічам Лісам кіраўнікам рэгіёнаў у ходзе семінара, які ў аўторак прайшоў на базе Столінскага раёна ў СВК “Фядорскі” і ААТ “Церабяжоў-Агра”.

Напачатку мерапрыемства кіраўнік вобласці адзначыў, што галіна жывёлагадоўлі патрабуе ўвагі на працягу ўсяго года. І складанасці, узнікшыя ў ходзе ўборкі, калі недабралі каля 300 тысяч тон збожжа, зразумела, не пройдуць бясследна. У сярэднім па вобласці нарыхтавана па 26,7 цэнтнера кармавых адзінак на галаву жывёлы, ёсць гаспадаркі, дзе – больш за 30 цэнтнераў. Але больш чым у 40 сельгас-прадпрыемствах вобласці на зімоўку маюць менш чым па 20 цэнтнераў кармавых адзінак.
Праўда, сёлета якасць сіласу і траў значна лепей пры ўмове нарыхтоўкі ў адпаведнасці з тэхналогіямі, ды і кукуруза радавала колькасцю зерня. Таму можна меркаваць, што па травяных кармах пытанняў не павінна ўзнікаць. Трэба думаць пра канцэнтраваныя кармы. Кошт іх павялічваецца і вялікія комплексы па гадоўлі могуць сутыкнуцца з праблемай у кармленні жывёлы. Гэта аксіёма: без канцэнтратаў цяжка і надоі ўтрымаць, і прывагі жывёлы.
– Брэсцкая вобласць па вытворчасці, надоях, рэалізацыі малака на першых пазіцыях у рэспубліцы, – адзначыў Анатоль Васільевіч. – Але гэта зусім не азначае, што трэба ўжо спачываць на лаўрах. Ёсць над чым працаваць. Некаторыя гаспадаркі ў рэгіёне яшчэ ў ліку адстаючых.
Старшыня аблвыканкама гаварыў і пра запатрабаванасць на сёння ялавічыны. Таму трэба сур’ёзна займацца яе вытворчасцю. І адно з галоўных правілаў – як мага меншымі зрабіць выдаткі.
Губернатар закрануў тэму работы фермерскіх гаспадарак. Анатоль Васільевіч засяродзіў увагу на тым, што неабходна трымаць на пастаянным кантролі іх работу. Маўляў, выкарыстанне зямлі павінна быць выніковым – аб’ём і якасць атрымліваемай прадукцыі адпаведным.
Кіраўнік вобласці гаварыў таксама пра нізкія тэмпы работы па кірунках, занатаваных ва Указе № 399 ад 2 кастрычніка 2018 года “Аб фінансавым аздараўленні сельскагаспадарчых арганізацый”.
Перад пачаткам практычнай часткі семінара-нарады старшыня аблвыканкама Анатоль Ліс нацэліў усіх на неабходнасць вывучэння новага, прагрэсіўнага і перспектыўнага ў галіне жывёлагадоўлі. А таксама заўважыў, што абавязкова трэба шукаць прычыны недахопаў і ўхіляць іх.
– У развіццё сяла ўкладваецца шмат сродкаў, – адзначыў Анатоль Васільевіч. – На Брэстчыне, як, напэўна, ні ў якой вобласці, плануецца рэканструяваць 16 малочнатаварных ферм для таго, каб нарасціць колькасць пагалоўя малочных кароў. У нас ёсць прыкладна адна трэцяя гаспадарак, якія самі разумеюць што і дзе рабіць і не выглядваюць падтрымку збоку. Ды ёсць і тыя, хто гадамі топчуцца на адным месцы – маўляў, сёння добра, а заўтра – не мая справа…
Першым пунктам візіту была малочнатаварная ферма “Фядоры-2” СВК “Фядорскі”. Намеснік старшыні гаспадаркі Рыгор Рыгоравіч Курган расказаў пра арганізацыю тэхналагічных працэсаў на ферме, пра групіроўку статку і яго дыферэнцыраванае кармленне, выкарыстанне аўтаматычнай сістэмы кіравання статкам. І галоўныя праблемныя моманты, такія, як якасць малака, здароўе жывёлы, селекцыйная работа. Ёсць тут і такі карысны і сучасны прыбор, як ультрагукавы сканер ранняй дыягностыкі сцельнасці кароў. Карацей кажучы, крочаць у нагу з часам.
Старшыня аблвыканкама заўважыў, што адназначна ў “Фядорскім” няма праблем ні з якасцю, ні з колькасцю кармоў. Але сярэдні ўдой на карову па гаспадарцы ў 19,5 кілаграма – гэта не той паказчык. Таму неабходна займацца ўзнаўленнем статка, павелічэннем пагалоўя. Як адказаў старшыня гаспадаркі Рыгор Аляксеевіч Дзямко, гэтыя пытанні зараз у цэнтры ўвагі і робяцца пэўныя захады па іх вырашэнні.
На малочнатаварнай ферме “Юнішча” ААТ “Церабяжоў-Агра” яго дырэктар Мікалай Канстанцінавіч Дзямко азнаёміў удзельнікаў семінара са станам спраў. Гэтая гаспадарка ў дасудовым аздараўленні. Разумна перабудаваўшы сваю работу на вытворчасць малака і забеспячэнне якаснымі кармамі, ужо змагла палепшыць фінансавае становішча.
Прагучала і прапанова ад кіраўніцтва вобласці пераймаць вопыт у стварэнні належных умоў для цялятак ад нараджэння да дзвюх месяцаў. Дырэктар ААТ Мікалай Канстанцінавіч Дзямко падзяліўся, што прафілакторый зроблены з мінімальным укладаннем сродкаў, а вынік атрымалі добры і для работнікаў фермы, і для іх падапечных – цялятак.
У ходзе пленарнага пася-джэння першы намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Сяргей Канстанцінавіч Буткевіч агучыў вынікі вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі ў сельгасарганізацыях Брэсцкай вобласці за 10 месяцаў гэтага года.
Было заўважана, што хаця па вобласці і паляпшаюцца ўсе паказчыкі па рэалізацыі малака, ялавічыны, тым не менш існуе і шэраг праблем. У сваёй большасці яны тычацца пэўных гаспадарак, што канкрэтна адстаюць па ўсіх кірунках і выхад са становішча не прасочваецца.
Напрыклад, па вытворчасці малака ў тройцы знізу Ляхавіцкі, Ганцавіцкі і Баранавіцкі раёны. Не ніжэй за 90 працэнтаў павінен быць паказчык таварнасці малака. Але ў пяці раёнах, у тым ліку і ў Столінскім з 89,9 працэнта, ён не выкананы. Хаця палепшаны на 0,5 % – ёсць станоўчая тэндэнцыя. Калі гаварыць непасрэдна па гаспадарках, то ў нас “слабае звяно” – КСУП “Рубельскі” (86,5 % таварнасці) і КСУП “Варані” (84,9 % таварнасці).
Што тычыцца гатункаў малака, то нармальная схема – 75 % малака “экстра”, 25 % — вышэйшым і толькі 5 % — 1 гатункам. Дарэчы, адзначыў Буткевіч, пры сістэмным падыходзе на кожнай ферме можна дасягнуць такога выніку. На Століншчыне за 10 месяцаў 53,3 працэнта малака рэалізавана гатункам «экстра», 39,2 – вышэйшым і 7,5 працэнта – першым. Па тэмпах валавой вытворчасці малака за апошнія тры гады наш раён другі ў вобласці.
Па сярэднясутачных прывагах буйной рагатай жывёлы мы на сёмым месцы з 16 з паказчыкам у 650 грамаў з пачатку года.
Старшыня аблвыканкама Анатоль Васільевіч Ліс агучыў канкрэтнае пытанне па забеспячэнні гаспадарак кармамі на зімова-стойлавы перыяд. Калі кіраўнікі на месцах бачаць іх недахоп, яны ўжо павінны спланаваць, дзе будуць купляць, і інш.
У ходзе пасяджэння некаторыя старшыні райвыканкамаў, начальнікі сельгасупраўленняў, кіраўнікі гаспадарак давалі справаздачу пра маючыя недахопы і пра шляхі іх вырашэння.
Алена КЛІМУШКА
Фота аўтара

←У пауков нашли молоко

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика