Тема недели: Президент обозначил основные задачи в развитии стройотрасли
На рэспубліканскім семінары-нарадзе аб павышэнні эфектыўнасці будаўнічага комплексу Беларусі абмеркаваны праблемныя пытанні і перспектывы яго развіцця.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што сфера будаўніцтва заўсёды была важнейшым прыярытэтам дзяржаўнай палітыкі. Аднак з 2014 года аб’ёмы будаўніцтва пастаянна зніжаюцца – з амаль 7 млн кв.м у 2010 годзе да амаль 4 млн кв.м у 2017-м. “І калі з агульнай чаргой у цэлым разабраліся і колькасць усіх маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў штогод зніжаецца, то чарга шматдзетных сем’яў бесперапынна расце”, – сказаў А.Лукашэнка. За два апошнія гады іх колькасць павялічылася на 8,5 тыс. Пры гэтым паўсюдна не выконваецца даручэнне аб накіраванні спісаў шматдзетных сем’яў на будаўніцтва жылля на працягу аднаго года. На пачатак 2018 года з 34 тыс. такіх сем’яў не накіраваны на будаўніцтва 25 тыс., амаль 7 тыс. чакаюць у чарзе больш як тры гады. Кіраўнік дзяржавы таксама занепакоены наяўнасцю звышнарматыўных жылых дамоў. Цяпер такіх у краіне 35.
Важнейшым пытаннем Прэзідэнт назваў кошт жылля. Задачай урада застаецца захаванне формулы “адзін квадратны метр з дзяржпадтрымкай не вышэйшы за сярэднямесячную заработную плату”. Пры гэтым дасягненне ўзроўню заработнай платы ў памеры Br1 тыс. не азначае, што метр жылля аўтаматычна павінен каштаваць столькі ж.
Прэзідэнт адзначыў і марудныя тэмпы развіцця рынку арэнднага жылля. За 6 гадоў яго ўведзена толькі 745 тыс. кв.м.
Акцэнтавана ўвага і на неабходнасці лепшага планавання тэрыторый, каб малыя населеныя пункты былі прывабныя для жыцця людзей. Нізкая іх прыцягальнасць абумоўлена неразвітасцю ў іх інфраструктуры. А.Лукашэнка таксама звярнуў увагу на такія буйныя гарады, як Баранавічы, Бабруйск, Маладзечна, Орша, якія павінны стаць месцам прыцягнення людзей.
Прэзідэнт нагадаў, што губернатарам і ўраду не раз даваліся даручэнні рэанімаваць перасовачныя механізаваныя калоны – гэтыя важныя для раёнаў прадпрыемствы. Пастаўлена задача на працягу 2019 года адрадзіць ПМК у кожным раёне і зрабіць усё, каб яны былі эфектыўнымі. Прэзідэнт таксама выказаў прэтэнзіі да якасці і тэрмінаў распрацоўкі праектнай дакументацыі. Акрамя таго, не трэба зацыклівацца на тыпавым праектаванні і будаваць усё аднолькавае.
Падводзячы вынікі, А.Лукашэнка яшчэ раз заклікаў урад не зацягваць з вырашэннем праблем і даручыў максімум да канца першага квартала 2019 года ўрэгуляваць акрэсленыя праблемныя пытанні.