Творческий вечер собрал поэтесс Ушаччины
Раённае аб’яднанне прафсаюзаў, раённая арганізацыя Беларускага саюза жанчын, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, якія выступілі арганізатарамі сустрэчы паэтак Ушаччыны, пастараліся, каб стварыць на мерапрыемстве па-сапраўднаму цёплую, сяброўскую атмасферу. І, трэба сказаць, гэта ім удалося. У многім – з дапамогай саміх удзельніц мерапрыемства, творцаў і адначасова музаў.
Вітаючы іх, намеснік старшыні райвыканкама, старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын А.В.Пашковіч адзначыла значны ўклад паэтэс не толькі ў культурнае, а і ў грамадскае жыццё раёна: адны “сеюць разумнае, добрае, вечнае” ва ўстановах адукацыі, другія ратуюць чалавечыя жыцці, трэція кормяць дзетак, заняты ў іншых сферах, але кожная знаходзіць час на творчасць.
Так, настаўніцу Ушацкай школы Г.С.Данілёнак на напісанне вершаў натхнілі вучні. І хоць першыя спробы пяра жанчыны датуюцца перыядам дзяцінства, стартам творчасці яна лічыць усё ж пачатак 90-х, калі Галіна Сяргееўна вяла гурток “Крылы”, на якім разам з вучнямі фантазіравала, рыфмавала… У выніку быў выдадзены зборнік вершаў, за які Г.С.Данілёнак атрымала Ганаровую грамату аблвыканкама, першую ўзнагароду ў біяграфіі. “Як настаўнік замежнай мовы спрабую сябе ў перакладах, – расказала жанчына. – Працаваць у гэтым накірунку цікава. І ўсё ж лічу сябе патрыётам, таму большасць маіх вершаў – на роднай мове”.
Амаль 35 гадоў настаўніцай пачатковых класаў ва Ушацкай школе працуе Н.Л.Губко. І ўвесь гэты час – непарыўны з паэзіяй. Каб зацікавіць, утрымаць увагу маленькіх гарэз, Надзея Леанідаўна складала загадкі, жарты, кароткія вершы, пазней – байкі. Таксама пад уздзеяннем вучняў занялася творчасцю яе калега і сяброўка Н.А.Шарыпа. “На ўроках з дзецьмі часта даводзілася складаць казкі, апавяданні – вось і напрактыкавалася, – кажа Наталля Анатольеўна. – Цяпер люблю ў вольны час на паперы паразважаць аб тым, што мне блізка: аб радзіме, прыродзе, адносінах…”
Своеасаблівым творчым дэбютам стала выступленне повара Ушацкай школы Г.К.Каваленкі. З дзяцінства Галіна Канстанцінаўна пісала прозу, а з паэзіяй сутыкнулася нядаўна, калі сын-школьнік папрасіў дапамагчы з дамашнім заданнем – трэба было скласці верш. Пазней напісала байку для дачкі сяброўкі – настаўнікі доўга, падазраючы плагіят, шукалі падобныя радкі ў інтэрнэце. “Развіваць паэтычныя здольнасці мне дапамагаюць заняткі клуба творчых сустрэч “Муза”, удзельніцай якога з’яўляюся, – прызналася Г.К.Каваленка. – Дзякуй за гэта Галіне Аляксандраўне Варатынскай!”.
Словы ўдзячнасці ў адрас кіраўніка аб’яднання прагучалі і ад загадчыцы тэрапеўтычнага аддзялення Ушацкай ЦРБ В.А.Шлёнскай. У “Музе” самая маладая з удзельніц сустрэчы больш за 15 гадоў. І гэты “вопыт” добра чытаецца ў глыбокіх псіхалагічных вершах Вольгі Аляксандраўны.
З дзяцінства піша вершы і ўрач Вялікадолецкай бальніцы А.М.Крыштопенка. “Дасылала іх у часопіс “Зорка” і з нецярпеннем чакала яго выхадаў, – прыгадвае Ала Мікалаеўна. – Цяпер за шматлікімі клопатамі не хапае часу, таму практычна ўсе вершы прымяркоўваю да знакавых дат у жыцці маёй сям’і: “Мама” напісала пасля атрымання прэміі імя З.Тусналобавай-Марчанка, яшчэ адзін – да заканчэння школы дачушкай, трэці – да яе вяселля…”
Такія ж матывы – пра сям’ю, чалавечыя ўзаемаадносіны – і ў аснове многіх вершаў дырэктара Ушацкай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Валянціны Уладзіміраўны Літвін. Паэзіяй яна захапілася ў школьныя гады, калі задалі заданне напісаць верш. “Зрабіла гэта для сябе, а потым і для большасці аднакласнікаў. А нас у класе было 32!” – смяецца Валянціна.
З-за шматлікіх неалагізмаў дзяцей, якія прыдумваюць і выкарыстоўваюць у зносінах арыгінальныя словы, у многім асаблівымі з’яўляюцца творы С.В.Мялешка з Ушацкай школы. Натхняюць жа Сняжану Васільеўну на творчасць яе бацькі. Вось і падчас мерапрыемства кранальны верш-прысвячэнне самым блізкім і любімым нікога не пакінуў раўнадушным. А падтрымаць паэтэсу прыйшла яе маці Лілія Іванаўна.
Зусім іншы настрой стварыла ў прысутных выступленне Лідзіі Кірылаўны Сідарэнкі. Будаўнік па спецыяльнасці, яна спрытна спраўляецца і з паэзіяй, і з прозай. А галоўнай разынкай твораў жанчыны з’яўляецца гумар.
Без апошняга не ўяўляе свайго жыцця і Ларыса Іванаўна Талмачова: “Пісаць вершы пачала ў 1970 годзе, калі ўпершыню закахалася. Потым было другое каханне – і ўсплёск творчага патэнцыялу, потым трэцяе… Цяпер жа, ва ўзросце сталым, пішу таксама пра гэтае светлае пачуццё, аднак ужо да радзімы, прыроды, сябе любімай”.
А Л.М.Цяцерка расказала, што яшчэ зусім маленькай разам з татам садзіліся за стол і пачыналі штосьці рыфмаваць. Такое захапленне матуля не разумела і крыху падсмейвалася. Між тым, цягу да паэзіі гэта не адбіла. Як былы географ, Людміла Мікалаеўна любіць прытчы. Самым розным тэмам прысвечаны многія яе вершы, якія ўвайшлі ў выданні раённай бібліятэкі.
Своеасаблівую рысу пад мерапрыемствам падвяла Г.А.Варатынская. З творчасцю прысутных яна знаёма не на словах – многім дапамагала пісаць, друкавацца. Тое ж, што на вершы самой Галіны Аляксандраўны самадзейныя кампазітары пішуць музыку, гаворыць пра многае. Такую песню напрыканцы сустрэчы пад гучныя апладысменты прысутных выканала Святлана Муша.
Усе ўдзельніцы сустрэчы атрымалі ўзнагароды і кветкі. Старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Марыя Аляксееўна Шаўчэнка выказала надзею, што падобныя мерапрыемствы стануць традыцыйнымі, а дзякуючы ім будуць адкрывацца новыя імёны творчых людзей Ушаччыны.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.